Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт: расейскі напрамак мяжы - адзін з самых праблемных


Сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі сказаў, што спасылаючыся на досьвед грамадзянаў Беларусі, можна зрабіць выснову: цяпер перасекчы “празрыстую” беларуска-расейскую мяжу складаней, чым, прыкладам, беларуска-літоўскую.


Ігар Рачкоўскі выказаў занепакоенасьць, што адным з самых праблемных кавалкаў мяжы, як на парадаксальна, можна лічыць сытуацыю на расейскім напрамку. Ён адзначыў, што расейскі бок у аднабаковым парадку ўводзіць транспартны і мытны кантроль, на пунктах пропуску павялічваецца колькасьць супрацоўнікаў, што відавочна ўскладняе працэс перасячэньня мяжы. Але пры гэтым кіраўнік ведамства выказаў спадзяваньне, што з уступленьнем у сілу пры канцы лютага правілаў адзінай мытнай прасторы Беларусі, Расеі і Казахстану складанасьці зьнікнуць, і ўсё будзе прыведзенае да нормы.

Гэтаксама праблемным кавалкам мяжы, па словах Рачкоўскага, застаецца ўкраінскі кірунак, праз які ідзе да 40% ад усяго зафіксаванага аб’ёму кантрабанды.

А вось самыя спакойныя ўчасткі прыпадаюць на памежжа з Эўразьвязам – Польшчу і краіны Балтыі, дзе мэханізм памежнага кантролю даўно адпрацаваны, а людзі прызвычаіліся да сыстэматызаванага парадку перасячэньня мяжы.

Гэтаксама старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту сказаў, што за мінулы год беларускія памежнікі спынілі больш за 11 тысяч нелегальным мігрантаў, якія намагаліся трапіць у Заходнюю Эўропу.
XS
SM
MD
LG