Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскія СМІ пра лёс альпійскага салдата ў Беларусі


Стэфана Мафі
Стэфана Мафі

Італьянскія выданьні зьмясьцілі некалькі публікацыяў, пра тых, каго доўгі час было прынята лічыць зьніклымі. Гэта салдаты Другой усясьветнай вайны, якія памерлі на тэрыторыі былога СССР.

Як пішуць італьянскія мэдыі, тое-сёе ўжо стала вядомым, дзякуючы нечаканаму падарунку беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі італьянскаму прэміеру Сыльвіё Бэрлюсконі ў «якасьці падзякі за першы за апошнія 15 гадоў афіцыйны візыт на Захад». Паводле Corriere della Sera, у дакумэнтах, сабраных у КДБ Беларусі і розных іншых архівах Беларусі і Расеі, утрымліваецца інфармацыя пра некалькі сотняў італьянцаў у СССР. Прыкладна 30 гісторый пра людзей, аб якіх цягам 60 гадоў нічога не было вядома іх сваякам.

...Нядаўна ў сямейнікаў італьянскага кляну Мафі, як яны самі кажуць, палягчэла на душы. Пасьля 60 гадоў актыўных пошукаў яны нарэшце даведаліся пра лёс свайго бацькі, дзядзькі, дзядулі, зьніклага ў гады Другой усясьветнай вайны на Ўсходнім фронце. Як вынікае з перададзеных у Італію архіўных матэрыялаў зь Беларусі, ваеннапалонны Стэфана Мафі, 1915 году нараджэньня, памер у кастрычніку 1945 году ў шпіталі ў Слуцку, на гэтай зямлі і быў пахаваны.

Пасьля сканчэньня Другой усясьветнай вайны сям’я Мафі пісала шматлікія лісты да італьянскага і савецкага кіраўніцтва з просьбай дапамагчы ім знайсьці Стэфана. У сваіх пэтыцыях Мафі неаднаразова падкрэсьлівалі, што іх сваяк не належаў да карнага фашыстоўскага фармаваньня. Ён быў прафэсійным высакаклясным воінам, альпійскім стралком батальёну «Эдола». Альпійскія стралкі, якія прайшлі ўсю вайну і дзейнічалі на ўсіх франтах, пасьпяхова вырашалі баявыя задачы ня толькі ў гарах, але ў любых іншых умовах.

Мафі таксама адзначалі, што іх бацька апынуўся ў палоне пасьля таго, як у верасьні 1943 паміж Італіяй ды краінамі антыгітлераўскай кааліцыі было падпісанае замірэньне. Менавіта гітлераўскія войскі пачалі масавае зьнішчэньне італьянцаў.Усіх італьянскіх вайскоўцаў з Альбаніі, Італіі, Югаславіі, Грэцыі ад канца 1943 году пачалі інтэрніраваць і завозіць у лягеры ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў Беларусі і іншых кутках СССР. Апошняя зьвестка ад Стэфана Мафі да яго жонкі прыйшла ў 1944 годзе.

З СССР Мафі, як і іншыя італьянскія сем’і, атрымлівалі адказ: італьянскіх ваеннапалонных у гэтай краіне няма. Паводле некаторых гісторыкаў, адпраўку італьянскіх палонных на Радзіму затрымлівалі паводле палітычных прычынаў. У Італіі мелі пачацца выбары і аповеды пра жахі ў савецкіх лягерах тых, хто вярнуўся, маглі стаць перашкодай для добрых шанцаў італьянскіх камуністаў.

І толькі пасьля выбараў 1946 было аб’яўлена пра завяршэньне рэпатрыяцыі з СССР усіх італьянскіх ваеннапалонных. Сьведчаньні тых, каму ўдалося выжыць у савецкіх канцлягерах, былі жахлівымі.

Штомесяц тут ад тыфу, холаду і голаду паміралі тысячы італьянцаў. Назіраліся нават выпадкі канібалізму сярод палонных. Страты сярод італьянцаў былі неверагоднымі.

Як паведамляюць італьянскія СМІ, перададзеныя Менскам дакумэнты ўсяго толькі маленькая частка матэрыялаў, які сьведчаць пра лёс італьянскіх ваеннапалонных у СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG