Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 студзеня ўвойдзе ў гісторыю ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва як дзень, калі кампанія Apple чарговы раз парадавала тэхналягічных энтузіястаў новай цацкай для дарослых.


Зь нядаўняй гісторыі згадваюцца дзьве гэткія векапомныя падзеі: зьяўленьне мэдыя-плэера iPod ды рэвалюцыйны тэлефон бяз кнопак iPhone. Гэтым разам легендарны заснавальнік і кіраўнік “яблычнай кампаніі” Стыў Джобс асабіста прадэманстраваў, як было сказана ў рэпартажы зь месца падзеяў, “нешта”, што таксама пачынаецца на ай – iPad. Гэтак быў названы пляншэтны кампутар, пра стварэньне якога доўгі час хадзілі самыя неверагодныя чуткі, што вярэдзілі розумы шматмільённай аўдыторыі фанатаў усяго “макаўскага”.

Стыў Джобс дэманструе iPad

Паколькі я да ліку апошніх ніяк не адношуся, то такі ажыятаж мне падаваўся праявай залішняга рэлігійнага шалу. Рэлігійнага, бо аматараў усяго, што мае лягатып надкусанага яблыка, я па-валюнтарысцку адношу да сэкты “яблычнікаў”. Асабліва незразумелым быў ажыятаж вакол гэтага самага пляншэтнага кампутара. Як сказала б мая бабуля, ну пляншэт нейкі, гэткай бяды! У прынцыпе, Samsung апярэдзіў Apple на пару гадоў са сваім Q1 Ultra, якія я меў магчымасьць пратэставаць. Ня надта я быў тады ўражаны. Мне ён падаўся нейкім недакампутрам – клявіятуры няма, дыскавага прываду няма, экран маленькі. Абы-што, карацей. І я быў такі не адзін, мяркуючы па тым, што вялікага ажыятажу вакол карэйскага вырабу не было. А пасьля таго, як пачалася мода на супэрмаленькія нэтбукі, на Q1 і зусім забыліся.

Samsung Q1 Ultra


А вось Apple – іншая рэч. Зусім ня трэба быць “яблычным” адэптам, каб ведаць, што ўсё, зробленае чаляднікамі Майстра Джобса, вызначаецца ня толькі добрым функцыяналам, але дужа прыгожае, зручнае і такое, што называецца user-friendly, г.зн. не выклікае праблемаў нават у самых недасьведчаных у тэхніцы “чайнікаў”. Балазе, ёсьць прыклад малодшага брата iPad – iPhone. Журналісты ўжо ахрысьцілі iPad “вялікім iPhone” з-за вонкавага падабенства і прынцыпу карыстаньня.

Apple iPad

І вось дзень зьяўленьня кампутаровага прарока Стыва Джобса народу настаў. Уражаны былі ўсе, нават самыя зацятыя мак-скептыкі накшталт мяне.

Ня стану абцяжарваць паспаліты люд рознымі тэхнічнымі апісаньнямі новага дэвайса. Назаву асноўныя парамэтры: мультысэнсарны экран памерам 9,7 цалі, з разрозьненьнем 1024×768 кропак.

Кіраваньне прыладай, зьмешчанай, між іншым, у алюмініевы корпус, ажыцьцяўляе 1-гігагерцавы працэсар Apple A4. Аб'ём убудаванай флэш-памяці складае 16, 32 ці 64 Гб у залежнасьці ад мадэлі. Ёсьць модулі Wi-Fi (802.11a/b/g/n), Bluetooth 2.1+EDR і A-GPS. Гуку даюць рады ўбудаваныя дынамікі, мікрафон, 3,5-мілімэтравае гняздо для слухавак. Апроч таго, ёсьць аксэлеромэтар, лічбавы компас і датчык асьветленасьці.

Таўшчыня корпуса iPad усяго 13,4 мм. Памеры па вертыкалі і гарызанталі – 242,8 і 189,7 мм. Вага – 680 грамаў. Час актыўнай аўтаномнай працы (напрыклад, відэапрагляд) ад няздымнай батарэі дасягае 10 гадзінаў. У рэжыме чаканьня пляншэт можа знаходзіцца ажно да месяца! У-га!



Для тых, хто захоча выкарыстоўваць дэвайс ў якасьці айфона і рызыкне прыкласьці яго вялікага брата да вуха, iPad мае модуль 3G-сувязі, які, праўда, павялічвае вагу гаджэта да 730 грамаў. Дэвайс падтрымлівае сувязь у стандартах GSM/EDGE 850/900/1800/1900 Мгц і UMTS/HSDPA 850/1900/2100 Мгц.

Як і казачная разумная рэч, яна мае розныя магічныя ўласьцівасьці:

iWork – адмысловы iPad’аўскі офісны набор праграмаў, куды ўваходзяць майстар прэзэнтацыяў Pages, тэкставы працэсар Keynote і электронная табліца Numbers. Усе праграмы і іх прылады аптымізаваныя пад інтэрфэйс пляншэта. Кошт кожнай праграмы складае ўсяго 10 даляраў.


ibooks – адмысловы інтэрфэйс для чытаньня электронных кнігаў нагадвае паліцы, зь якіх лёгка дастаць патрэбную кнігу, а затым пачаць яе чытаць, прычым перагортваньне старонак забясьпечана рэалістычнай анімацыяй. Кампанія Apple ужо дамовілася зь пяцьцю буйнымі выдаўцамі (Penguin, HarperCollins, Simon & Schuster, Macmillan і Hachette Group) аб продажы электронных кнігаў праз онлайнавую кнігарню. У е-тамах можна зьмяняць гарнітуру і памер шрыфту тэксту. Электронныя выданьні пастаўляюцца ў фармаце ePub. Поўнакаляровыя бэстсэлеры з фатаграфіямі абыдуцца ў 15 даляраў.


Зрэшты, можна чытаць кнігі ў іншых фарматах. Хай сабе і бяз казачнай анімацыі, але ж пры таўшчыні трохі большай за сантымэтар і пры наяўнасьці ў сусьветным сеціве тысячаў бясплатных кніг, можна мець пры сабе бібліятэку гарадзкога ўзроўню.

І нарэшце, пра iКошт. У ЗША мінімальны кошт базавай мадэлі з 16 Гб памяці будзе 500 даляраў і вырастае да 600 і 700 даляраў за мадыфікацыі з 32- і 64 Гб. 3G-модуль дадае да кошту дадатковыя 130 даляраў.

У ЗША iPad паступіць у продаж праз 60 дзён. Міжнародныя рынкі рыхтуюцца прадставіць навінку ў чэрвені-ліпені.

Ня ведаю, як хто, а мне вельмі карціць набыць гэты цуд тэхнікі. У першую чаргу дзеля чытаньня кнігаў. Бо за апошнія 10 гадоў я прачытаў усяго некалькі “драўляных” кнігаў: чытаю выключна з экранаў кампутара ці “надалоньніка” – PDA. У апошнім выпадку даводзіцца абмяжоўвацца чыста тэкстам, бо для вывядзеньня PDF-старонкі часопісу на экране папросту няма месца. Карацей, хачу гэнае ай-нешта.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG