Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар Анатоль Куляшоў: “Вайны” паміж міліцыяй і КДБ няма


Анатоль Куляшоў на прэс-канфэрэнцыі.
Злачыннасьць у 2009 годзе скарацілася, але паболела дзёрзкіх злачынстваў, у тым ліку нападаў на банкі і забойстваў з мэтай завалодаць грашыма і маёмасьцю. Пра стан злачыннасьці і гучныя справы распавёў міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў.

Гэта была першая прэсавая канфэрэнцыя міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, дадзеная ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Міністар Куляшоў у выніку падрабязна распавёў ня толькі пра сваю працу, але і пра асабістае жыцьцё. Што найбольш цікавіла журналістаў?

У Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа супроць адказных міліцыянтаў з Гомельскай вобласьці, вядомая як «паляўнічая» справа. Між тым у інтэрнэце пішуць, што справу справакаваў мясцовы КДБ і паміж абодвума ведамствамі ў вобласьці нарастае «супрацьстаяньне». Ці гэта так і ці выклікалі самога міністра на працэс як сьведку? — спытаўся карэспандэнт «Свабоды» ў Анатоля Куляшова.

«У Вярхоўным судзе прадстаўнікам дзяржаўнага абвінавачаньня і адвакатам я адказаў у межах гэтай справы на ўсе пытаньні. Што да супрацьстаяньня паміж міліцыяй і КДБ, яго не было, няма і не павінна быць. А ёсьць тое, што павінна быць паводле функцыянальных абавязкаў КДБ па контравыведкавым забесьпячэньні дзейнасьці МУС».

Раней на некаторых сайтах зьявілася заява былога опэрупаўнаважанага міліцыянта Дудкіна, які нібыта ўцёк у Расею ад перасьледу ў Беларусі за тое, што змагаўся з карупцыяй у сілавых ведамствах. Вось што сказаў Анатоль Куляшоў пра міліцыянта Дудкіна:

«Што да Дудкіна, то ніхто яго не шукае, у базах пошуку яго няма. Што да ягоных камэнтароў, то хай яны застаюцца на ягоным сумленьні».

Журналісты нагадалі міністру ўнутраных спраў пра тыя праблемы, зь якімі яны сутыкнуліся падчас восеньскіх акцый апазыцыі ў Менску: журналістам не давалі здымаць акцыі на фота і відэа, білі па руках і па апаратуры, а карэспандэнту «Свабоды», акрамя гэтага, яшчэ і парвалі кашулю.


На пэрспэктыву — ня думаю, што нехта будзе чыніць перашкоды прадстаўнікам мэдый.
Анатоль Куляшоў адказаў, што яму пра такія выпадкі невядома, і ня выключыў, што самі ж журналісты ці ўдзельнікі акцыі справакавалі міліцыянтаў. Пры гэтым ён паабяцаў, што далей усё будзе паводле закону:

«На пэрспэктыву — ня думаю, што нехта будзе чыніць перашкоды прадстаўнікам мэдый. Але хачу сказаць і пра тое, што трэба забясьпечыць інтарэсы ўсіх — і нашы, і вашы».

Паводле Анатоля Куляшова, вядомую справу Мікалая Аўтуховіча, якую расьсьледавалі міліцэйскія сьледчыя, будзе разглядаць Вярхоўны суд у адкрытым паседжаньні.

Пры гэтым міністар не назваў імя судзьдзі, які вынес такое рашэньне. «Доказаў там дастаткова, інакш бы справу ў суд не перадалі», — запэўніў Анатоль Куляшоў.

Папярэднік Куляшова на пасадзе міністра ўнутраных спраў на адной з падобных прэс-канфэрэнцый распавёў журналістам, што будуе ў Менску катэдж на атрыманы ў банку крэдыт. А як вырашыў жыльлёвае пытаньне Анатоль Куляшоў? Міністар адказаў на гэтае пытаньне «Свабоды»:

«Катэдж не будую, жыву ў трохпакаёўцы, маю прыватызаваную дачу. Мяне пакуль усё задавальняе. А калі прыму рашэньне будаваць катэдж, тады і пачну будаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG