Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск ухіляецца ад памежных пагадненьняў з суседзямі?


 19Jun2008
19Jun2008

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвясьціў пра намер “запусьціць у дзеяньне” спрошчаны рэжым перамяшчэньня ў 50-кілямэтровых зонах з Польшчай, Літвой і Латвіяй “да пачатку актыўнага турыстычнага сэзону”.

Гэта ўжо ня першае абяцаньне беларускага боку спрасьціць жыцьцё жыхарам сумежных тэрыторый. Аднак звычайна такія абяцаньні не выконваюцца. У эўрапейскіх сталіцах наўпрост абвінавачваюць Менск у замаруджваньні ратыфікацыі пагадненьняў.

Марыюс Гудзінас
Калі ўзгадненьне пазыцый з Латвіяй адносна спрошчанага візавага рэжыму для жыхароў памежных рэгіёнаў яшчэ не завершанае, то з Польшчай адпаведнае пагадненьне беларускі бок меўся падпісаць да канца 2009 году. У выпадку зь Літвой ратыфікацыя чакалася яшчэ раней — падчас верасьнёўскага візыту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, паводле намесьніка дырэктара дэпартамэнту палітыкі ўсходняга суседзтва МЗС Літвы Марыюса Гудзінаса, перашкодзілі загадкавыя “тэхнічныя складанасьці”, на якія тады спаслалася беларуская дэлегацыя:
Літва гатовая падпісаць. Мы чакаем згоды беларускага боку ...

“Пра “тэхнічныя праблемы” мы даведаліся за некалькі гадзінаў да візыту. Мы былі ня вельмі ўсьцешаныя навіной, але сказалі, што будзем чакаць, калі беларускі бок падрыхтуецца. Магу адказаць так, як запісана ў атрыманай намі афіцыйнай інфармацыі: “У Беларусі не завершаныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгадненьня дакумэнтаў, таму дакумэнт ня можа быць падпісаны”. Мы ж ня можам праводзіць праверкі вашых інстытуцыяў, дакумэнтаў, таму мусім давяраць. Нам кажуць, што не закончаныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, і мы прымаем, што яны сапраўды не закончаныя. Мы гатовыя падпісаць у любы момант. Наш кіраўнік праз тэлефон размаўляў з вашым міністрам пасьля візыту Лукашэнкі, паўтараем тое ж самае: Літва гатовая падпісаць. Мы чакаем згоды беларускага боку”.

Напярэдадні старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі запэўніў, што нарэшце спрэчныя моманты прыведзеныя да адной роўніцы. Але чарговым разам зьдзівіў заявай, што “трэба пачакаць яшчэ трохі”:
мы спадзяваліся, што гэта будзе яшчэ раней ...

“У пытаньні малога памежнага перамяшчэньня адпрацаваныя пагадненьні практычна з усімі дзяржавамі — з Польшчай, Літвой; з Латвіяй праца заканчваецца. Што тычыцца канкрэтных тэрмінаў рэалізацыі, то, мяркую, — да пачатку летняга сэзону. Хоць, шчыра кажучы, мы спадзяваліся, што гэта будзе яшчэ раней. Але вырашэньне такіх пытаньняў — у кампэтэнцыі Міністэрства замежных спраў. І ўсё ж думаю, што да пачатку сэзону сілу гэта набудзе”.

Тэарэтычна спрошчаны рэжым толькі на беларуска-літоўскім памежжы распаўсюджваецца прыкладна на 1,5 мільёна чалавек: гэта каля 800 тысяч жыхароў Літвы і больш за 600 тысяч — Беларусі. Таксама на мільёны ідзе лік у выпадку з Польшчай. Аднак калі людзі змогуць скарыстаць выгоды свайго памежнага статусу — застаецца пытаньнем.

Валянцін Цэхмайстар
Старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар тым часам згадвае, што яшчэ ня так даўно беларускія ўлады дэкляравалі палітыку адкрытасьці ня толькі памежных тэрыторый, а ўсёй Беларусі. Выношваліся нават пляны аднабаковых захадаў на спрашчэньне візавага рэжыму для грамадзянаў краінаў Эўразьвязу, якія будуць наведваць краіну з турыстычнымі мэтамі. Аднак у выніку абвешчаныя намеры выліліся ў трохразовае падвышэньне візавага збору для замежнікаў пры афармленьні дакумэнтаў у аэрапорце. А гэта, як перакананы экспэрт, ніяк не спрыяе разьвіцьцю ўязнога турызму:
Францыя пасьля вайны ўвогуле адкрыла краіну для ўезду, стаўшы перадавой у турыстычным сэнсе ...

“Заўсёды шмат гаварылася пра памежнае супрацоўніцтва ў рамках разьвіцьця міждзяржаўных стасункаў. Так, трэба разьвіваць, але ж нічога няма! Эўропа да нас бліжэйшая, пытаньні неяк вырашаюцца, але шмат прыяжджае ў рэгіён турыстаў з ЗША. Трапляючы ў суседнія з намі дзяржавы — Літву, Польшчу — цікавяцца: ці можна ўехаць у Беларусь, паглядзець і ў той жа дзень выехаць. Альбо пераначаваць і выехаць, атрымаўшы візу на адзін дзень. Не, трэба ляцець назад у Амэрыку, адкрываць візу ў беларускай амбасадзе і ўжо потым асобна ляцець у Беларусь. Ды яшчэ заплаціць за візу 275 эўра! Канечне, гэта дзіўная пазыцыя. Францыя пасьля вайны ўвогуле адкрыла краіну для ўезду, стаўшы перадавой у турыстычным сэнсе. Мы разумеем клопат за краіну і адстойваньне прынцыпу ўзаемнасьці ў дыпляматычных адносінах. Гэта добра. Але мэты павінны быць сувымерныя сродкам іх дасягненьня”.

Тым часам візавая палітыка адносна Беларусі будзе будавацца, зыходзячы з выкананьня Менскам прапановаў, зробленых міністрамі замежных спраў Эўразьвязу ў лістападзе 2009 году. Напярэдадні часовы павераны ў справах Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль удакладніў: бальшыня гэтых прапановаў накіраваная на прагрэс у галіне лібэралізацыі і рэформаў у Беларусі. У залежнасьці ад жаданьня беларускіх уладаў наблізіцца да цывілізацыі і будзе прынятае канчатковае рашэньне: ці вартыя беларусы (а перадусім — вышэйшае кіраўніцтва краіны) аблегчанага візавага рэжыму з амаль трыма дзясяткамі дзяржаў аб’яднанай Эўропы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG