Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барак Абама: Прыярытэтам стане барацьба за працоўныя месцы


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўпершыню як галава дзяржавы выступіў з пасланьнем да Кангрэсу “Аб становішчы ў краіне”. Прамова доўжылася гадзіну дваццаць хвілін – гэта быў адзін з найбольш працяглых выступаў такога роду.


Гэты выступ адбыўся на фоне спаду папулярнасьці амэрыканскага прэзыдэнта, масавага расчараваньня вынікамі антыкрызісных захадаў і ўстойліва высокага беспрацоўя.

Цэнтральнай тэмаю звароту стала праблема выхаду з крызісу. Абама падкрэсьліў, што пакет эканамічнага стымуляваньня дапамог захаваць у краіне два мільёны працоўных месцаў і стварыць яшчэ пяцьсот тысяч. Цяпер амэрыканскі прэзыдэнт мае намер змусіць найбольшыя банкі расплачвацца за дапамогу праз увядзеньне спэцыяльнага падатку, які пойдзе ў дзяржаўны бюджэт.

У сваёй прамове Абама запрапанаваў таксама шэраг падатковых паслабленьняў для дробных прадпрымальнікаў з тым, каб зрабіць эканамічна выгадным набор новых работнікаў. “Працоўныя месцы павінны быць нашай мэтаю нумар адзін у 2010 годзе”, – заявіў Абама. Сярод іншага ён абнародаваў і яшчэ адну новую мэту – на працягу найбліжэйшых пяці гадоў падвоіць амэрыканскі экспарт.

Зьвярнуў увагу Абама і на неабходнасьць скарачэньня бюджэтнага дэфіцыту. Паводле прэзыдэнта, амэрыканская адміністрацыя пачынаючы з 2011 году хоча замарозіць урадавыя выдаткі на тры гады.

Адносна няшмат часу ў выступе было аддадзена міжнародным пытаньням. Абама пацьвердзіў намер пачаць вывад амэрыканскіх войскаў з Аўганістану ў ліпені наступнага году і завяршыць вывад баявых падразьдзяленьняў з Іраку да канца сёлетняга жніўня.

“Мы не апускаем рук, мы не здаемся, я не здаюся, скарыстайма момант, каб пачаць наноў, каб зьдзейсьніць мару, каб умацаваць наш зьвяз”, – гэтымі словамі завяршыў Барак Абама сваю пакуль што галоўную прамову на пасадзе прэзыдэнта ЗША.
XS
SM
MD
LG