Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давос нецікавы для афіцыйнага Менску


 Прэзыдэнт Сарказі падчас адкрыцьця форуму ў Давосе
Прэзыдэнт Сарказі падчас адкрыцьця форуму ў Давосе

У швайцарcкім курортным горадзе Давосе пачаў працу юбілейны, саракавы Ўсясьветны эканамічны форум. Беларусь прагматычна падыходзіць да гэтага мерапрыемства і не перабольшвае яго значнасьці, заяўляюць у МЗС.

Калі на мінулым форуме яго ўдзельнікі абмяркоўвалі крызіс, то цяпер галоўнай тэмай застаюцца наступствы крызісу, а таксама сытуацыя на Гаіці. У Давосе сабраліся лідэры краін, кіраўнікі міжнародных арганізацый, мэнэджары найбуйнейшых кампаній, вучоныя і экспэрты. Усяго зьбіраюцца наведаць форум каля 2500 тысяч прадстаўнікоў сусьветнай палітычнай і эканамічнай эліты больш чым з 90 краін.

Падчас адкрыцьця прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі адзначыў, што ніводная з краінаў ня зможа паасобку прадухіліць новы ўсясьветны фінансавы крызіс і заклікаў усталяваць новыя міжнародныя правілы для банкаў.

Мінулы раз прадстаўнікі Беларусі ня бралі ўдзелу ў Давоскім форуме. Паводле прэс-сакратара беларускага МЗС Андрэя Папова, і сёлета ўдзел не плянаваўся:

“З нашага пункту погляду, ня трэба неяк перабольшваць яго значнасьці, бо нейкіх эфэктыўных рашэньняў па выпраўленьні эканамічных праблемаў, якія існуюць у сучасным сьвеце, яны не прымаюць. І наогул, шмат выказвалася думак, калі там ужо такія ўплывовыя асобы прысутнічаюць, шмат эфэктыўней ён мог спрацаваць і ў пляне прагназаваньня надыходзячага эканамічнага крызісу. Таму я такога перабольшанага значэньня гэтаму мерапрыемству не надаваў бы. Таму Беларусь прагматычна падыходзіць да гэтага мерапрыемства”.

Інакш прычыны няўдзелу Беларусі ў Давоскім формуе тлумачыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Ён мяркуе, што ў Беларусі няма палітыкаў, цікавых для Эўропы, і няма багатых людзей, якія маглі б паехаць самі і запрасіць некалькіх прафэсараў эканомікі:

“То бок я бачу прычыну ў такой правінцыйнасьці, і яна ёсьць ўстойлівым узнаўленьнем намэнклятуры раённага ўзроўню. Ва ўрадзе, ва ўладзе людзі, сярод якіх мала хто валодае ангельскай мовай. А хадзіць зь перакладчыкам там вельмі сорамна. Да таго ж, ці разумеюць яны разнастайнасьць і характар тэмаў, якія там абмяркоўваюцца?! Таму нічога тут дзіўнага няма”.
XS
SM
MD
LG