Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Роля місіі АБСЭ ў Беларусі зводзіцца да мінімуму”


Бэнэдыкт Галер

Бэнэдыкт Галер

Новы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Бэнэдыкт Галер у сераду даў першую прэсавую канфэрэнцыю на гэтай пасадзе. Сярод іншага Галер заявіў пра свае намеры спрыяць дыялёгу ўладаў і апазыцыі ў Беларусі і зазначыў, што офіс АБСЭ ня будзе назіраць за кампаніяй па выбарах у мясцовыя Саветы. Як зьмянілася роля офісу АБСЭ ў Беларусі за апошнія гады? Чаму гэтая структура ўжо не зьяўляецца ўплывовым чыньнікам у беларускай палітыцы? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у пытаньнях замежнай палітыцы Алесь Лагвінец.


Віталь Цыганкоў
: Як разьвіваліся дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і офісам АБСЭ і ў які бок яны зьмяніліся за апошнія гады?

Лагвінец: Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ грала вельмі важную ролю і была моцна заўважанай у палітычным
жыцьці Беларусі да 2001 году. Сёньня АБСЭ прысутнічае ў Беларусі ў выглядзе місіі. Але цяжка сказаць, што беларускія ўлады неяк прыслухоўваюцца да таго, што кажа АБСЭ.

Варта сказаць, што ў гэтай арганізацыі кожная дзяржава прызнаецца сувэрэннай, рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Таму ў АБСЭ няма істотных мэханізмаў уплыву на дзяржаву, каб тая выконвала ўзятыя на сябе абавязаньні. Так і з Беларусьсю. АБСЭ можа заклікаць Менск дзейнічаць паводле стандартаў, якія яны паабяцалі выконваць. Але гэта не гарантуе, што беларускія ўлады будуць іх выконваць.

Цыганкоў: Ці ня гэтым тлумачыцца тое зьніжэньне ролі офісу АБСЭ, што назіраецца апошнія гады? Выглядае, што сёньня Менск больш увагі зьвяртае на меркаваньні Эўразьвязу, Рады Эўропы, але не АБСЭ. Ці можна сказаць, што Офісу на сёньня застаецца чыста тэхнічнае значэньне і ніякага ўплыву на беларускую рэчаіснасьць ён ня мае?

Лагвінец: Ацэньваючы апошнія выбары ў Беларусі, Эўразьвяз спасылаўся на даклад назіральнікаў АБСЭ. Але ўвогуле існуе абмежаванасьць вагароў уплыву на беларускія ўлады з боку эўрапейскіх інстытуцыяў. І мы апынаемся ў даволі патавай сытуацыяй – калі дзеяньні міжнародных арганізацыяў кіруюцца каштоўнасьцямі, але яны сутыкаюцца з сілавой палітыкай беларускіх уладаў, супраць чаго няма вялікіх вагароў. Тым больш што Беларусь не заўсёды ёсьць пунктам нумар адзін у парадку дня.

Таксама трэба зазначыць, што ўласна місія АБСЭ ніколі не займалася назіраньнем за выбарамі. Яна магла рабіць пэўны маніторынг, а назіраньнем займаецца іншая структура – Бюро па дэмакратычных інстытутах і правоў чалавека (БДІПЧ). Вось жа, калі ўлады вырашылі не запрашаць назіральнікаў з БДІПЧ, то роля місіі АБСЭ тут зводзіцца да мінімуму, на вялікі жаль.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG