Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ ў 65-ую гадавіну вызваленьня фашысцкага канцлягеру Асьвенцім высьвятляюць, наколькі вялікае значэньне нацысцкай машыны сьмерці ў гістарычнай памяці чалавецтва.


Калі невядомыя скралі з брамы Асьвенціма лёзунг “Праца робіць вольным”, гэта выклікала рэзананс, але ніхто не дапамог мэмарыяльнаму комплексу грашыма.

Комплексу не хапае грошай. На бліжэйшыя 20 гадоў неабходна больш за 100 мільёнаў эўра ...
"Комплексу не хапае грошай. На бліжэйшыя 20 гадоў неабходна больш за 100 мільёнаў эўра, -- цытуе аўстрыйская газэта Die Presse дырэктара мэмарыяльнага комплексу Пятра Цывіньскага. -- Дагэтуль польскі ўрад штогод выдаваў больш за 3 мільёны эўра. Столькі ж складалі паступленьні ад экскурсіяў і продажу кніг. Але гэтага недастаткова, каб спыніць разбурэньне комплексу. Дажджы, мароз і грунтовыя воды разбураюць рэшткі газавых камэраў і баракаў."

Летась Асьвенцім наведалі больш за 1,3 мільёнаў чалавек. Лягер знаходзіцца ў сьпісе культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Некалькі месяцаў таму Міжнародная рада Асьвенціма, якую ўзначальвае былы міністар замежных справаў і былы вязень канцлягеру Ўладзіслаў Барташэўскі, прапанавала стварыць адпаведны фонд, каб сабраць 120 мільёнаў эўра.

Але з-за эканамічнага крызісу, паводле выданьня, дапамога можа прыйсьці ня хутка.

Гішпанская АВС цытуе расейскага гісторыка Уладзімера Макарава:
штодня прыбывала каля 10 эшалёнаў зь людзьмі. У кожным эшалёне было па 40-50 вагонаў ...

“Пачынаючы ад 1940 году, у Асьвенцім з акупаваных тэрыторый штодня прыбывала каля 10 эшалёнаў зь людзьмі. У кожным эшалёне было па 40-50 вагонаў. У кожным вагоне — ад 50 да 100 чалавек. Каля 70% прывезеных зьнішчаліся адразу”. Толькі нязначную частку найбольш здаровых часова выкарыстоўвалі як працоўную сілу на ваенных заводах і як паддосьледных для рознага роду мэдычных экспэрымэнтаў. Іх пакідалі ў лягеры для далейшага зьнішчэньня”.

Сьледчая камісія прыйшла да высновы, што ў лягеры зьнішчылі каля 4 мільёнаў чалавек.

Ангельская газэта The Guardian паведамляе пра нечаканы паварот у грамадзкай дыскусіі вакол Другой сусьветнай вайны. Адбылося нешта незвычайнае: некаторыя габрэйскія аўтары сталі на бок рэвізіяністаў у дэбатах пра неабходнасьць памятаць пра Галякост, лічыць аглядальнік Алан Познэр.

Шмат хто зь немцаў адчувае, што празьмернае самакапаньне і біцьцё ў грудзі шкодна для калектыўнай сьвядомасьці Нямеччыны. Нядаўна, паведамляе выданьне, Бэнджамін Вэйнталь у газэце Ha'aretz назваў успаміны пра Галякост у Нямеччыне “чымсьці кшталту абсэсіўна-кампульсіўнага расстройства”, а Гэнрых М.Бродэр у бэрлінскай Tagesspiegel абрынуўся на “габрэяў-плякальшчыкаў, якія на любым ток-шоў абвяшчаюць, колькі сваякоў страцілі ў часе Галякосту і як трэба баяцца нэанацыстаў”.

На думку аўтара, Бродэр дазволіў сабе такую фразу з-за сваіх забабонаў у адносінах да ісламу. У артыкуле гаворыцца: “Большасьць габрэяў, наадварот, заўсёды працягвалі руку дружбы мусульманскай супольнасьці ў Нямеччыне, слушна лічачы, што ксэнафобія, расізм і ісьлямафобія — натуральныя саюзьнікі антысэмітызму”.

Бродэр і Вэйнталь заяўляюць, што немцы занадта непакояцца пра памерлых габрэяў і занадта мала робяць для барацьбы з радыкальным ісьлямам і іранскай пагрозай Ізраілю.

Але такі заклік да крыжовага паходу супраць ісламу дасьць шмат каму зь немцаў прыстойную нагоду забыцца пра Галякост і даць выхад антымусульманскай ксэнафобіі, лічыць аўтар. Ён робіць выснову, што большасьць нямецкіх габрэяў не адмаўляецца ад задачы стварэньня ў Нямеччыне мультыкультурнага і талерантнага грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG