Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Леанід Дайнека


Леанід Дайнека
Леанід Дайнека

Леанід Дайнека – беларускі пісьменьнік. Выпускнік Ніжнетагільскай тэхнічнай вучэльні (Расея) і аддзяленьня журналістыкі БДУ. Працаваў на Беларускім тэлебачаньні, у рэдакцыі часопіса “Маладосьць”, загадваў рэдакцыяй паэзіі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. З 1993 году займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, заснаваў фірмы “Пасад” і “БелПі”. Аўтар гістарычных раманаў “Меч князя Вячкі”, “Сьлед ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”, “Назаві сына Канстанцінам” ды інш. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага.


Што для вас свабода?

Свабода для мяне – гэта магчымасьць свабодна думаць і свабодна працаваць.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Маю свабоду абмяжоўваю я сам – ведаю свае межы, стараюся за іх не выходзіць.


Што для вас шчасьце?


Маё шчасьце – гэта шчасьце маёй сям’і і маёй Беларусі. Калі яны шчасьлівыя – шчасьлівы і я.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Я баюся толькі раптоўнай сьмерці. Больш нічога.


Які талент вы хацелі б мець?

Мне хапае і тых талентаў, якія даў мне Бог.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Не захапляюся нікім. Бог навучаў: “Не стварай сабе куміра”.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Люблю чытаць гістарычныя даведнікі і пісаць свае творы.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Я хацеў бы жыць у лясным маёнтку ў часы ВКЛ. Але гэта немагчыма. Сваё жыцьцё я б не зьмяняў.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Лёсавызначальных парадаў не памятаю.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Будзь верны самому сабе!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай. Адзін чалавек, які б ён ні быў геніяльны, ня мае маральнага права кіраваць усім народам. Толькі калектыўнае кіраваньне!


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Я хацеў бы жыць у Шатляндыі і слухаць пошум Гальфстрыму.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху ВКЛ.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Я паехаў бы ў Курапаты і пакланіўся сьвятым крыжам, пад якімі ляжаць беларускія людзі.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Самыя шчыльныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Партнэрскія і добрасуседзкія. Але не адносіны палахлівага трусіка з імпэрскім удавам.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я супраць любой дыктатуры.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Ня ведаю калі, але абавязкова зьменіцца.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Яны ўжо сёньня гавораць. Трэба чуць сэрцам, а ня вухам.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Загавораць. Нічога страшнага няма. Улада загаворыць, моладзь загаворыць. А мы і сёньня па-беларуску гаворым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG