Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз непакояць першыя наступствы Мытнага саюзу


Прадстаўнікі Эўракамісіі, якія наведалі Менск, занепакоеныя негатыўнымі наступствамі новага імпартнага рэжыму, які пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня 2010 году.


“Яны заклікалі Беларусь як краіну-ўдзельніцу Мытнага саюзу падтрымаць скасаваньне неспрыяльных захадаў, якія былі ўведзеныя Мытным саюзам і прывялі да росту тарыфаў на шэраг важных для Эўразьвязу тавараў”, — заявілі Інтэрфаксу ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску.

Гэтая заява прагучала ў часе падсумаваньня вынікаў візыту намесьніка кіраўніка Генэральнага дырэктарату ў пытаньнях зьнешняга гандлю Эўрапейскай Камісіі Пэтэра Балаш.

Прадстаўнікі Эўракамісіі заклікалі Беларусь “не паддавацца пратэкцыянісцкаму ціску і адмовіцца ад увядзеньня новых захадаў у кірунку дэлібэралізацыі гандлю”, — адзначылі ў прадстаўніцтве ЭЗ.

“Абодва бакі прыйшлі да згоды што да нэгатыўных наступстваў санітарных і фітасанітарных захадаў, уведзеных Расеяй супраць сельскагаспадарчага экспарту зь Беларусі і з Эўразьвязу”, — заявілі ў менскім прадстаўніцтве Эўразьвязу.

“Беларусь можа стварыць усе неабходныя ўмовы для аднаўленьня рэжыму (прэфэрэнцыяў для беларускага экспарту ў ЭЗ)”, — заявіў Балаш.

Прадстаўнікі Эўракамісіі “выказалі жаданьне дасягнуць лепшага разуменьня нядаўніх зьмяненьняў у эканамічнай і гандлёвай палітыцы Беларусі, у прыватнасьці — наступстваў правілаў новага Мытнага саюзу”, — адзначылі ў прадстаўніцтве ЭЗ.

Пэтэр Балаш спадзяецца, што “беларускія ўлады паскораць рэалізацыю працэсу рэформаў, а таксама ўвядзеньне захадаў у справе лібэралізацыі эканамічнай і гандлёвай палітыкі Беларусі”.

“Гэта ўнясе свой уклад у разьвіцьцё двухбаковых гандлёвых адносінаў, а таксама ў працэс уступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю”, — заявілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG