Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт вырашае, ці накіроўваць у Беларусь місію


27 студзеня на паседжаньні ў Брусэлі кіраўнікі дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў парлямэнцкай асамблеі палітыкі Ўсходняга партнэрства абмяркуюць склад беларускай дэлегацыі ў Эўранэсьце, а таксама ці накіроўваць у Беларусь азнаямляльную місію.


Як паведаміла Свабодзе Сыльвія Касіньска, кіраўнік бюро эўрадэпутата Яцка Сарыюша-Вольскага, сёньня ў 14 гадзін у Брусэлі адбудзецца сустрэча Бюро Эўранэста, на якой будзе абмяркоўвацца фармат удзелу парлямэнцкіх дэлегацыяў краін-удзельнікаў "Усходняга партнэрства" у Парлямэнцкай асамблеі "Ўсходняга партнэрства" (EURONEST PA, EU-Neighborhood East Parliamentary Assembly).

У Бюро Эўранэсту ўваходзяць шэсьць эўрадэпутатаў: старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Эўранэст (у якой 60 дэпутатаў) ды пяць намесьнікаў старшыні.

Эўрапарлямэнту трэба прыняць рашэньне пра склад беларускай дэлегацыі ў Эўранэсьце, паколькі фармальна Эўразьвяз не прызнаў дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў верасьні 2008 году.

Чакаецца, што кіраўнікі дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Эўранэсьце дадуць Радзе старшыняў парлямэнту рэкамэндацыю пра склад і статус дэлегацыі Беларусі.

Рашэньне Рады, як афіцыйная пазыцыя Эўрапарлямэнта, будзе накіравана ў парлямэнты краінаў Усходняга партнэрства.

У Эўранэст, як плянуецца, увойдуць 60 дэпутатаў Эўрапарлямэнту і 60 дэпутатаў з краінаў-партнэраў - па 10 ад кожнай.
XS
SM
MD
LG