Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Аляксей Шэін прэзэнтаваў дакумэнтальны фільм «Хрыстос забаронены». Гледачам прапануюць расповеды людзей, якія ў савецкія часу трапілі ў турмы за сваю веру. Аўтар выкарыстаў з кінаархіву антырэлігійныя ролікі тых часоў.

У канфэрэнц-залі гатэля «Кроўн Плаза», дзе сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, выступалі адзін за адным героі фільму.

Сяргей Цвор намесьнік эпіскапа Саюзу хрысьціян веры эвангельскай адзначыў, што, калі людзі здолелі сабрацца на прэзэнтацыю такога фільму, то значыць час зьмяніўся і ўсё большая колькасьць людзей зможа зьвяртацца да Бога бязь боязі пазбавіцца кар’еры, ці мець праблемы ў сваім жыцьці.

Герман Родаў
Леанід Ганчарэнка
Антоні Бокун
Прэзыдэнт біблейскага таварыства Герман Родаў прыгадаў, што ў сваім дзяцінстве ў Магаданскай вобласьці ведаў людзей, якія былі сасланыя туды за сваю веру і засталіся там назаўсёды, бо ня мелі дазволу вярнуцца ў родны край. Гэтыя людзі ня мелі сям’і і шмат часу праводзілі зь дзецьмі ля вогнішча. Сп.Родаў заклікаў усіх памятаць сваіх настаўнікаў.

Леанід Ганчарэнка, бацька пастара царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнкі, быў арыштаваны ў 1961 годзе калі яму было 22 гады. Ён казаў, што міліцыянты сачылі за вернікамі і не давалі ім зьбірацца разам. Леанід Ганчарэнка прыгадаў тлумачальную гутарку на заводзе, дзе ён працаваў токарам:

«Камсорг ставіўся да мяне паважліва і паабяцаў парторгу, што пераканае мяне. Запрасіў мяне ў пакой. Яны былі там удваіх з адным хлопцам. І ён з такім крыкам на мяне: «Лёнька! Будзеш жыць самым лепшым жыцьцём, якім толькі пажадаеш! Цябе тут усе ведаюць, і што ты езьдзіш па цэрквах. Твая справа толькі сказаць, што Бога няма.

У цябе будзе машына, ня трэба будзе працаваць і будзеш усім забясьпечаны. Толькі скажы: „Бога няма“.

Я яму адказаў: Пакінь сабе ўсе гэтыя скарбы. Мне Бог даў рукі, і я імі зараблю на штодзённы хлеб. Ты затанна пакупаеш маю душу. Мне Бог дае вечнае жыцьцё, а ты што можаш прапанаваць мне болей?». Ён як закрычыць: «Лёнька!!! Апамятайся!!!» і як схопіць мяне за горла. А ягоны напарнік стаў паміж намі і кажа яму: «Не чапай яго, а то я цябе прыгважджу да сьцяны». Потым кажа мне: «Я такіх людзей раней не сустракаў. Хацеў бы я пагутарыць з табой».

Празь нейкі час пасьля той размовы падчас набажэнства міліцыянты ўварваліся ў хату, вернікаў схапілі. Леаніда Ганчарэнку як актывіста пасадзілі ў асобную машыну, а потым 5 гадоў лягернага жыцьця.



Аўтар фільму Аляксей Шэін распавёў:

«Калі я пачаў цікавіцца гісторыяй хрысьціянскага руху ў Беларусі, то аказалася, што ёсьць адна неразгорнутая старонка — гісторыя супрацьстаяньня пратэстанцкіх цэркваў і савецкай сыстэмы.

Высьветлілася, што сотні і тысячы людзей былі апанэнтамі савецкай улады. Яны выступалі за тое, каб грамадзтва было пабудаванае на біблейскіх каштоўнасьцях. Яны не прымалі камуністычнай ідэалёгіі, не аддавалі сваіх дзяцей у піянэры і камсамол. Гэтыя людзі прайшлі турмы.

У Беларусі існаваў шырокі дысыдэнцкі рух. Большасьць зь іх абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі. Выносілі расстрэльны прысуд, але замянялі яго на 25 гадоў, бо быў пасьляваенны час. Такіх пратэстантаў, паводле вайскоўцаў, было тысячы і тысячы чалавек, дакладную колькасьць ніхто ня ведае.

Калі я кажу, што гэта быў дысыдэнцкі рух, то гэта так і было. Слова дысыдэнт было ўпершыню ўжытае ў Ангельшчыне ў XVII стагодзьдзі. Так называлі эвангельскіх хрысьціян, якія выступалі супраць няправільнага ладу жыцьця ў краіне. Пазьней іх сталі называць нонканфармістамі. Гэты фільм разбурае міт аб тым, што ў Беларусі не было дысыдэнтаў».

Пастар царквы «Ян Прадвесьнік» Антоні Бокун выступіў напрыканцы прэзэнтацыі і заклікаў усіх памаліцца разам.

Супольная малітва

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG