Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нафтавыя перамовы ў Маскве зацягваюцца і ідуць складана, аднак у расейскім урадзе не выключаюць, што па выніках гэтага раўнда, пачатага 25 студзеня, могуць быць падпісаныя дамоўленасьці. Тым часам на беларускіх НПЗ засталося нафты максымум на тыдзень. Ці паўторыцца нафтавая вайна 2007 года? Пра гэта гутарка з кіраўніком цэнтра Мізэса Яраславам Раманчуком.

Карэспандэнт: «Паводле расейскіх мэдыяў, у разьдзьмуваньні канфлікту вакол перамоваў аб бязмытных пастаўках нафты зацікаўленыя пасярэднікі, якія пастаўляюць яе транзытам у Эўропу. Маўляў, калі Расея пяройдзе да прамых празрыстых кантрактаў з эўрапейскімі спажыўцамі, згубяць найперш гэтыя пасярэднікі».

Раманчук: «Безумоўна, у гэтым канфлікце зацікаўленыя тыя камэрцыйныя структуры, якія былі пасярэднікамі і маглі атрымліваць нафту бязмытна, мелі кампэнсацыю зь беларускага бюджэту, і прадавалі па розных таямнічых, шэрых схемах у краіны Заходняй Эўропы. Безумоўна, тыя фірмы, якія былі акрэсьлены расейскім бокам, спадара Чыжа, спадара Вераб’я і іншых, зацікаўлены, каб Беларусь настойвала на захаваньні рэжыму гандлю нафтапрадуктамі і нафтай, які быў да 2008 года. Спадар Сечын, безумоўна, хацеў бы перагледзець гэтыя схемы, бо тут уключаюцца ня толькі камэрцыйныя інтарэсы некаторых структур, як таксама камэрцыйныя інтарэсы самога Сечына, які ёсьць адным з найбуйнейшых апэратараў расейскага нафтавага рынку. І тут яшчэ падключаюцца геапалітычныя інтарэсы, бо Крамлю надакучыла, калі за яго грошы Лукашэнка праводзіць сваю палітыку».
Крамлю надакучыла, калі за яго грошы Лукашэнка праводзіць сваю палітыку.


Карэспандэнт: «Перамовы зацягваюцца і расейскі бок цьвердзіць, што афіцыйны Менск ня ўлічвае той факт, што на беларускіх НПЗ засталося нафты максымум на тыдзень. Ці можна давяраць такім прагнозам?»

Раманчук: «Безумоўна, яны ж ведаюць, колькі яны пастаўляюць нафты. Была зроблена перадаплата ў сьнежні на некаторую суму і ў студзені гэта перадаплата можа скончыцца. Справа ў тым, што Лукашэнка б’е па балючых кропках Расеі — Мытны саюз, саюзная дзяржава, праблема інтэграцыі. З другога боку, гэта канфлікт ня толькі нафтавы і камэрцыйны, але канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам. І гэты эмацыйны напал можа пераважыць усе геапалітычныя расклады, якія дзейнічаюць да гэтага часу».

Карэспандэнт: Расейскі бок не выключае, што афіцыйны Менск можа пачаць несанкцыянаваны адбор транзытнай нафты. Ці можа паўтарыцца сытуацыя 2007 года?

Раманчук: «Гэта таксама, як бы ядзерная зброя ў стасунках паміж нашымі краінамі, бо калі Беларусь пачне гэта рабіць, то расейскі бок павінен нечым адказаць. Беларускі бок перагледзіць, напрыклад, правілы транзыту нафты, газу альбо электраэнэргіі і будзе спадзявацца, што гэтыя рэчы кампэнсуюць страты бюджэту ў зьвязку са зьменай імпарту нафты ў Беларусь. Сёньня мы бачым толькі халодную камэрцыйна-палітычную вайну. Калі ж Беларусь пачне несанкцыянаваны адбор нафты, то гэта ўжо будзе гарачая фаза канфлікту. Я думаю, што Крэмль так проста ня здасца. Халодная зіма і дзіравы бюджэт будуць больш моцнымі аргумэнтамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG