Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі атрымаў “ліст шчасьця” і прыдумаў “Такога няма нідзе”:


Музыка Лявон Вольскі афіцыйна прэзэнтаваў дыск «Такога няма нідзе». Праект складаюць 12 песень, як кажа сам Вольскі, у архаічным стылі 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, і, чакаецца, будзе мець працяг у касьцюмаваных музычных вечарынах у клюбах.

Лявон Вольскі прызнаўся, што стварыў праект «Такога няма нідзе» на замову ананімнага ліста шчасьця. Паводле музыкі, праігнараваць пажаданьне ліста ён не наважыўся:

«Уласьцівасьць лістоў шчасьця такая, што калі ня выканаеш тое, што там напісана — табе гамон. Там напісана было: зрабіце праект з песьнямі ў стылі 60-х гадоў. І перапішыце ад рукі ды адпраўце яшчэ каму той ліст. Ну, я перапісаў і адаслаў Пугачу. Ён зразумеў, што гэта я, — бо я перапісаў па-беларуску, на тарашкевіцы. Ён далей таксама пераслаў — ці то Хаменку, ці то Пытлевай».

Шляхі распаўсюду ліста шчасьця ніхто не дасьледваў, але ўрэшце сабраліся і праект зрабілі.

Канцэртная прэзэнтацыя «Такога няма нідзе» заплянаваная на красавік:

«Развучым, апроч нашых 12і песень у стылі 60-х, яшчэ некаторыя: нешта зь „Бітлз“, з „Ролінг Стоўнс“. Будуць кактэйлі, модныя ў той час — Б52 і гэтак далей. Абавязковы дрэс-код, каб быў вузкі гальштук, нагавіцы-дудачкі, спадніцы-званочкі і гэтак далей. І каб антураж быў вытрыманы, усё цалкам.
У нас жа практычна адсутнічае такі фармат — тэматычных, касьцюмаваных вечарын.
Мне на дадзены момант цікава ажыцьцявіць шэраг гэткіх вечарын. У нас жа практычна адсутнічае такі фармат — тэматычных, касьцюмаваных вечарын»...

Сьпявачка Вольга Самусік распавядае, як далучылася да праекту:

«Калі мне патэлефанавала Анечка Вольская і сказала, што для мяне ёсьць песьня ў гэтым праекце, то адразу папярэдзіла, што патрэбна яшчэ дзьве дзяўчыны. Я прапанавала Сьвятлану Зелянкоўскую і Зою Кавальчук. І мы ўтрох яе выканалі, тры вядзьмяркі, — песьню «Ведзьмы». Надалей хацелася б спадзявацца, што гэты праект станецца першым, але не апошнім, што гэта станецца традыцыяй, — кшталту «Песьні года».

Галоўную задачу і ўдачу праекту сьпявачка Руся бачыць так:

«Задача, пэўна, — як мага больш прэзэнтаваць беларускай аўдыторыі беларускіх артыстаў, бо гэта сапраўды вялікая праца, вельмі вялікая суполка, шмат каго можна пабачыць і пачуць. А ўдача... Можа, быць, гэта будзе выглядаць нясьціпла, але мне падаецца, што гэта нашая з Андрэем Такіндангам песьня. Яна фінальная — „Гэты час“ называецца. Мне яна падабаецца больш за ўсе астатнія».
XS
SM
MD
LG