Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль не палохае. Але так – трывожна зразумела”


Дагэтуль няма дамоўленасьці паміж Менскам і Масквой наконт умоваў транзыту электраэнэргіі празь Беларусь. Гэтая праблема наўпрост зьвязаная з нафтавай спрэчкай. “Белэнэрга” заявіла пра магчымае спыненьне паставак расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць. Наколькі калінінградцы перасьцерагаюцца такога разьвіцьця падзеяў? Гэтае пытаньне Радыё Свабода задавала на вуліцах Калінінграда.


СЛУХАЦЬ:



Спадар: Я мяркую – не. Мы пастаўляем у Беларусь нафту і іншыя рэсурсы і Беларусь ад нас залежыць, ад вялікай тэрыторыі Расеі. Таму гэта будзе хутчэй шантаж з боку Беларусі і з боку Расеі, але кампраміс усё роўна будзе знойдзены.

Спадарыня: Я такой інфармацыяй не валодаю. Таму у мяне няма перасьцярогаў на гэты конт.

Спадар: Яна занадта маленькая краіна, каб пагражаць такой вялікай дзяржаве, як Расея.

Спадар: Не, я мяркую, што ніякай пагрозы не ўяўляе. Абсалютна. Калі мы захочам, мы знойдзем каналы і рэсурсы, каб абысьці.

Спадар: Ну гэта ж братэрскія народы. Навошта нейкія меры адзін супраць аднаго прымаць? Сэнсу няма.

Спадар: Я ня чуў, што там нейкія праблемы з электраэнэргіяй. Але калі насамрэч так, то зразумела будзе непакоіць. Ігналіна вось зачынілася. А была патрэбная Ігналіна, пакуль ЦЭЦ-2 не адкрылі. А зараз ня ведаю – цяжка сказаць.

Спадарыня: А, вы наконт сытуацыі зь Менскам? Не, мне здаецца, што ўсё роўна будзе дасягнутае пагадненьне і гэтая сытуацыя будзе вырашаная.

Спадарыня: Хутчэй за ўсё, былі вінаватыя абодва бакі. Не праявілі належнай павагі адзін да аднаго. У адных – свая пазыцыя, у іншых – іншая. Але кампраміс тут можа і павінен быць дасягнуты. Беларусь зьяўляецца нашым даўнім і стратэгічным партнэрам і таму адносіны будуць наладжаныя.

Спадарыня: Я пра гэта нічога ня чула ў СМІ. Пакуль не палохае. А так – трывожна зразумела

Спадар: Зразумела. Усе пытаньні вырашацца. Не пакінуць вобласьць без электраэнэргіі. Тут Масква таксама зацікаўленая. У нас і з газам было першага студзеня гады два таму. Мы пераходу на мазут чакалі. Зараз гульні іншыя пайшлі. На наступны год яшчэ нешта прыдумаюць.

Спадар: Я думаю, што ў гэтыя гульні яны нагуляюцца і да чагосьці прыйдуць і дамовяцца. Занепакоенасьць ёсьць, але мяркую, што ўсё будзе добра. Разуменьне ёсьць і ў расейскага і ў беларускага ўрадаў, таму да апошняй рысы даводзіць ня будуць. Так што без сьвятла, спадзяюся, мы не застанемся.

Спадарыня: Не, ня буду даваць камэнтароў. Я – беларуска. Не, я не перасьцерагаюся. Думаю, што ўсё роўна мудрасьць пераможа. І лёгіка

Спадарыня: Не хачу даваць камэнтар. Я – беларуска
XS
SM
MD
LG