Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым пагражае беларускай эканоміцы нафтавы канфлікт з Расеяй?


Працягваецца беларуска-расейскі нафтавы канфлікт. Ці могуць спыніцца пастаўкі нафты ў Беларусь? Ці будзе рэнтабэльнаю нафтаперапрацоўчая галіна? Ці выратуе расейскі крэдыт беларускую эканоміку?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы і рынок» Тацьцяна Манёнак і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая.

Тацяна Манёнак
Ірына Тачыцкая
Валер Карбалевіч


Ці могуць спыніцца пастаўкі нафты ў Беларусь?


Валер Карбалевіч: «Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) заканчваецца нафта. Расейскія кампаніі яе не пастаўляюць, паколькі няма пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Расеі. Можа здарыцца сытуацыя, што нафта скончыцца і заводы спыняцца. Якія наступствы гэта будзе мець для беларускай эканомікі?»

Тацьцяна Манёнак: «Ня думаю, што сытуацыя дойдзе да такога крайняга варыянту. Спыненьне НПЗ зімой — гэта сьмерці падобна. І Расея не зацікаўленая ў такім сцэнары, бо пакуль няма юрыдычнай базы і для транзыту расейскай нафты ў Эўропу празь беларускую тэрыторыю».

Ірына Тачыцкая: «Для Беларусі нафтаперапрацоўка — ключавая галіна і ў пляне даходаў ад экспарту, і ў пляне напаўненьня бюджэту. Прапанова Расеі паставіць 6,3 мільёна тон бязмытнай нафты — выгадная для Беларусі з улікам таго, што ўсе краіны купляюць нафту па сусьветных цэнах».


Ці будзе рэнтабэльнаю нафтаперапрацоўчая галіна?


Карбалевіч: «Калі Расея настоіць на сваіх умовах, нафта ў Беларусь будзе паступаць з стопрацэнтным мытам, за выключэньнем паставак для ўнутраных патрэбаў. А гэта значыць, што Беларусь страціць статус афшору. Якія наступствы гэта пацягне за сабой? Ці будзе рэнтабэльнаю нафтаперапрацоўчая галіна? Ці можна параўнаць сытуацыю ў Беларусі і ў іншых краінах, якія ня маюць нафты, але маюць НПЗ?»

Манёнак: «У новых умовах і пры існуючых эканамічных мэханізмах нафтаперапрацоўка будзе нерэнтабэльнаю. Трэба мяняць эканамічныя мэханізмы, ствараць стымулы для НПЗ. Думаю, у новых умовах Беларусь ня будзе купляць усе заплянаваныя 21,5 мільёна тон, бо нявыгадна. Аптымальны аб’ём перапрацоўкі — каля 8 мільёнаў тон.

І трэба шукаць альтэрнатывы. Напрыклад, купляць мазут у Казахстане. Бо мыта пры закупе ў Казахстане ўдвая меншае, чым калі купляць у Расеі.

Далей, продаж нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку нерэнтабэльны. Трэба зрабіць яго рэнтабэльным. Каб зрабіць экспарт рэнтабэльным для НПЗ, трэба скасаваць мыта пры продажы нафтапрадуктаў за мяжу. Раней Беларусь была зьвязаная адпаведным пагадненьнем з Расеяй. Цяпер, калі ўмовы паставак расейскай нафты мяняюцца, то Беларусь мае права сама вырашаць праблему з мытам на нафтапрадукты.

Калі Беларусь будзе купляць усе 21,5 мільёна тон, то давядзецца плаціць у расейскі бюджэт удвая больш, чым раней. Трэба ствараць ільготныя ўмовы і для расейскіх кампаній, каб ім было выгадна пастаўляць нафту ў Беларусь».

Тачыцкая: «Мінулым годам Беларусь заплаціла Расеі мыта ў памеры 1,4 мільярда даляраў. Цяпер, калі Расея ўвядзе стопрацэнтнае мыта, мы вымушаны будзем заплаціць 4 мільярды даляраў (калі будзем купляць усе 21,5 мільёна тон). У выніку гандлёвы балянс з Расеяй пагоршыцца.

У сьвеце нафтаперапрацоўка не зьяўляецца вельмі рэнтабэльнай. Сярэдняя рэнтабэльнасьць — 3-5%. У нас у лепшыя часы яна была вышэйшая ў разы. Такіх часоў ужо ня будзе.
Але нават калі экспарт нафтапрадуктаў будзе адбывацца з нулявой рэнтабэльнасьцю, усё роўна гэта трэба рабіць. Бо экспарт у краіны па-за СНД — гэта валютная выручка. Што тычыцца паставак мазуту з Казахстану, то ёсьць сумнеў, што гэта будзе таньней — з улікам вялікага транспартнага пляча.

У сьвеце нафтаперапрацоўка не зьяўляецца вельмі рэнтабэльнай. Сярэдняя рэнтабэльнасьць — 3-5%. У нас у лепшыя часы яна была вышэйшая ў разы. Такіх часоў ужо ня будзе.

Калі б глыбіня перапрацоўкі на НПЗ была большай, то нам не было б страшнае расейскае мыта. Таму цяпер трэба запрашаць на НПЗ замежных інвэстараў. І расейскім кампаніям у гэтым сэнсе я ня бачу альтэрнатывы».

Манёнак: «Мазут пастаўляецца толькі ў цыстэрнах. Казахстан пастаўляе яго нават у Калінінградзкую вобласьць. Прадстаўнікі „Белнафтахіму“ цяпер вядуць перамовы пра такія пастаўкі на Мазырскі НПЗ. Сытуацыя паляпшаецца тым, што Беларусь, Расея і Казахстан знаходзяцца цяпер у Мытным саюзе».


Ці ўратуе расейскі крэдыт беларускую эканоміку?


Карбалевіч: «Зьявілася інфармацыя, што Расея гатовая выдзеліць Беларусі крэдыт на суму, якую страціць Беларусь ад павышэньня мыта. Як вядома, раней Масква адмаўлялася даваць крэдыты, выстаўляла нейкія палітычныя ўмовы. Ці ўратуе гэты крэдыт беларускую эканоміку, бюджэт? Можа, якраз дзякуючы яму ўрад выканае абяцаньне давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў?»

Тачыцкая: «Гэта зьвязаны крэдыт, які практыкуюць многія краіны. Расея дае крэдыт толькі пад куплю расейскай нафты. Думаю, выкарыстаць яго на іншыя мэты немагчыма. Для Беларусі гэта нядрэнна пры ўмове, што ўрад ведае, як гэты крэдыт пагасіць. Невядома, якія палітычныя ўмовы выстаўляе Расея».

Манёнак: «Магчымасьць выдзяленьня такога крэдыту прапісаная ў лісьце Мядзьведзева да Лукашэнкі. Думаю, гэтая прапанова — адна зь перамоўных пазыцый Расеі. І сёньня нафтаперапрацоўшчыкі на 80% крэдытуюцца пад закуп нафты. І банкі ахвотна крэдытуюць такія закупы. Думаю, адной з умоваў выдзяленьня крэдыту будзе адмова Беларусі ад закупаў альтэрнатыўнай нафты».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG