Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве працягваюцца беларуска-расейскія перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе, якія пачаліся 25 студзеня. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, расейскі бок прадстаўляюць віцэ-прэм’ер Ігар Сечын і міністар энэргетыкі Сяргей Шматко.

Пасьля сёньняшніх перамоваў, якія пачаліся ў другой палове дня і праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, крыніца ў расейскім урадзе, блізкая да перамоваў, адзначыла:

«Паводле нашых адчуваньняў, ёсьць усе шанцы падпісаць двухбаковы дакумэнт, калі беларускі бок выявіць большую гнуткасьць у пытаньні тарыфаў на пампаваньне нафты. Яны зрабілі шэраг новых прапаноў па зьмяненьні аб’ёму спажываньня нафты, зрабілі шэраг прапаноў, якія тычацца давальніцкага рэжыму. І заўтра перамовы будуць працягнутыя. І, я думаю, нейкае паразуменьне з абодвух бакоў будзе. Ёсьць усе шанцы падпісаць дакумэнт падчас гэтага раўнду перамоваў».

Расейскі бок не выключае кампрамісаў і разьлічвае, што беларуская дэлегацыя будзе мець паўнамоцтвы на пэўныя зьмены, каб можна было падпісаць пагадненьне.

«Тут такія дэталі, якія, пэўна, абмяркоўваюцца з кіраўніцтвам. І калі яны вядуць перамовы ў рамках, зададзеных кіраўнікамі, то калі яны выходзяць за іх ці набліжаюцца да іх, то яны павінны ўзгадняць са сваімі кіраўнікамі».

Крыніца ў расейскім урадзе паведаміла, што сёньня падведзены вынікі працы экспэртных групаў і было адзначана, што пазыцыі значна зблізіліся. Тым часам пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь працягваюцца. Але на якіх умовах?

«Пакуль няма дакумэнту, які б ствараў юрыдычную падставу для бязмытных паставак, нафта ідзе са стопрацэнтным мытам. Адпаведна, тыя аб’ёмы, якія былі зарэзэрваваныя і заяўленыя беларускімі НПЗ, цягам тыдня, мяркуючы па нашых разьліках, павінны скончыцца».

У прэсавай службе беларускага ўраду сытуацыю вакол перамоваў не камэнтуюць і раяць зьвяртацца ў Маскву.

У расейскіх мэдыях зьявілася інфармацыя пра тое, што ў разьдзьмуваньні канфлікту вакол перамоваў аб бязмытных пастаўках нафты зацікаўленыя пасярэднікі, якія пастаўляюць яе транзытам у Эўропу. Маўляў, калі Расея пяройдзе да прамых празрыстых кантрактаў з эўрапейскімі спажыўцамі, страцяць найперш гэтыя пасярэднікі.

Расейскі бок гатовы пастаўляць 6,3 мільёна тон бязмытнай нафты для ўнутраных патрэбаў Беларусі (паводле расейскага боку, гэта субсыдыя амаль на 2 мільярды даляраў), а астатнюю нафту прадаваць Беларусі па сусьветных цэнах. Афіцыйны Менск сёлета зьбіраецца купіць 21,5 мільёна тон расейскай нафты і хоча, каб яна пастаўлялася па ўнутрырасейскіх цэнах.

Расея прыгразіла, што калі беларускі бок будзе зацягваць перамовы, то ён страціць і гэтую бязмытную квоту: з усёй нафты будзе спаганяцца стопрацэнтнае мыта. Афіцыйны Менск прыгразіў падвысіць тарыфы на транзыт нафты з 3,9 да 45 даляраў за тону.

Афіцыйны Менск, у сваю чаргу, узьняў пытаньне аб пастаўках і транзыце расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі. І нават прыгразіў спыніць транзыт. Потым беларускі бок прапанаваў значна падвысіць транзытныя тарыфы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG