Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргею Серабру вярнулі аргтэхніку, забраную падчас ператрусу


Сяргей Серабро

Сяргей Серабро

У журналіста і рэдактара сайту “Народныя навіны Віцебску” міліцыянты забралі фотаапарат і два сыстэмныя блёкі кампутараў. Гаспадару вярнулі маёмасьць толькі пасьля скаргі ў пракуратуру.


Ператрус у кватэры, якую здымаюць Сяргей Серабро і ягоная жонка, адбыўся 13 студзеня. Ён быў зьвязаны з крымінальнай справай Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі. Гэты момант, а таксама тое, як сьцяг здымалі супрацоўнікі МНС, журналісту ўдалося сфатаграфаваць.

Гэтыя здымкі й цікавілі міліцыянтаў: супрацоўнікі ў форме спрабавалі затрымаць спадара Серабра яшчэ падчас здымак, але з тэхнічных прычынаў яны не змаглі ні паглядзець, ні выдаліць непажаданыя кадры, якія потым шырока разышліся па інтэрнэце.

Тым ня менш міліцыянты запісалі асабістыя зьвесткі Сяргея Серабра і праз колькі дзён прыйшлі ў кватэру, дзе ён жыве. Каб правесьці ператрус, выклікалі гаспадыню, і забралі аргтэхніку бязь ведама ўладальніка.

Спадар Серабро быў змушаны зьвярнуцца ў абласную пракуратуру, бо забраньне маёмасьці лічыць незаконным. Учора яму патэлефанавала сьледчая Аксана Муравіцкая, якая вядзе справу Сяргея Каваленкі, і прапанавала вярнуць рэчы. Сяргей Серабро адзначае, што з выгляду іх нібыта ніхто не чапаў і не дасьледаваў – усе пячаткі, датаваныя 13-м студзеня, засталіся некранутыя.

Ад спадарыні Муравіцкай журналіст атрымаў і позву на допыт: у панядзелак 1-га лютага ён мусіць распавесьці сьледчай па справе Сяргея Каваленкі, каму належыць тэхніка, якая знаходзілася ў ягонай кватэры.

Сяргей Серабро лічыць, што сыстэмныя блёкі і фотаапарат былі забраныя падчас ператрусу ня толькі таму, што міліцыянты хацелі ўважліва разгледзець фатаздымкі плошчы і бел-чырвона-белага сьцяга на ёлцы. Ён не выключае, што супрацоўнікі міліцыі імкнуліся такім чынам яшчэ й паралізаваць аднаўленьне сайту “Народныя навіны Віцебску”, на якім учынак Сяргея Каваленкі актыўна камэнтаваўся наведнікамі, а таксама зьяўляліся апошнія зьвесткі пра лёс апазыцыянэра, супраць якога распачалі крымінальную справу.
XS
SM
MD
LG