Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея адтэрміноўвае спрашчэньне мытнага кантролю


Пункт мытнага кантролю Заольша - Рудня.

Пункт мытнага кантролю Заольша - Рудня.

Расея яшчэ на адзін месяц адтэрміноўвае спрашчэньне мытнага кантролю для грамадзянаў Беларусі. 25 лютага расейскі бок абяцае адмяніць мэханізм афармленьня платнага часовага ўвозу на сваю тэрыторыю беларускіх аўтамабіляў. Узамен, аднак, беларускім аўтамабілістам давядзецца запаўняць пісьмовую дэклярацыю.

Кіроўцы, якія часта езьдзяць зь Беларусі ў Расею, кажуць пра ўзмацненьне дагляду грузаў на мытных пераходах з боку Расеі. Вось што паведаміў “Свабодзе” спадар Віктар — беларускі кіроўца адной з рэгіянальных транспартных арганізацый:

“Калі на мытным тэрмінале зьяўляецца беларуская фура, то расейскія мытнікі пачынаюць трэсьці груз і вадзіцеля. І з кожным разам гэта становіцца ўсё горш. Здавалася б, што калі дамовіліся пра адзіную мытную прастору, то нешта павінна зьмяняцца да лепшага. Але ж нічога! Калі ўжо да нечага прычапіліся, то забіраюць машыну пад сваім кантролем у Смаленск і там могуць цалкам выгрузіць тавар. Усё пераправерыць і зьняважыць пры гэтым вадзіцеля”.

Аўтамабілі чакаюць афармленьня.
На прыдзірлівы кантроль за беларусамі скардзіцца Марына Залеўская, якая два разы на месяц наведвае Смаленскую вобласьць. Марына кажа:

“На мытні трэба афармляць часовы ўвоз — гэта калі ты заяжджаеш у Расею, езьдзіш там і выяжджаеш назад на машыне. Значыць, каб ты аўтамашыну там не прадаў”.

І ўсё адно, лічыць кіроўца Марына Залеўская, афармленьне часовага ўвозу асабістага транспартнага сродку — гэта працэдура нашмат прасьцейшая за дэкляраваньне, якое будзе ўведзена з 25-га лютага:

“Ну, цяпер усё! Лішні клопат на мытні. Напэўна, будзе так, як на Ўкраіну калі езьдзіш — што едзеш з машынай і выяжджаеш з машынай. Паперку запаўняеш — прозьвішча, імя, імя па бацьку, і ўсе дадзеныя пра машыну, год выпуску, нумар, тэхпашпарт… Гэта зойме багата часу”.

Пра праблему гаворыць і менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

«Калі расейскі мытнік ідзе да твайго аўтамабіля…»
“Цяпер дазвол на часовы ўвоз аўтамабіля зь Беларусі каштуе 150 расейскіх рублёў. Гэта вельмі многа, бо раней часовы ўвоз афармлялі за 100 рублёў, і яго хапала на паўгода. Пасьля яны зрабілі дазвол на квартал, а цяпер трэба плаціць кожны раз, калі ўяжджаеш у Расею. Запаўняць дэклярацыю патрабуюць і цяпер. Яе ўзор вісіць на кожным мытным пераходзе. А ўвогуле, кожны раз, калі расейскі мытнік ідзе да твайго аўтамабіля паглядзець і каб ён, як гаворыцца, не дакалупаўся да лішняй адкруткі, ты мусіш ім даць 100 рублёў”.

Атрымаць камэнтар у беларускіх ці расейскіх мытнікаў не атрымалася. Сёньня абодва бакі адзначаюць Міжнародны дзень мытніка. Іншыя суседнія мытні нават сьвяткуюць разам. Камэнтуе кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

“Беларусы павінны зразумець, што і каго яны выбіраюць. Едзеш у Расею — цябе мытныя практолягі разглядаюць. Дык трэба ўрэшце зразумець, што зрабілі з краіны, калі яе іншыя трымаюць за second-hand. Вось і ўсё”.
XS
SM
MD
LG