Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў слухачоў за 26 студзеня.

Камандаваньне вайсковай часткі ў Мазыры забараніла шпіталізаваць палітычнага прызыўніка Франка Вячорку. На шпіталізацыі настойвалі мэдыкі, якія выявілі ў шарагоўца чарговае захворваньне. Камэнтар слухача:

Ільля Копыл: “Я пачуў інфармацыю, што ў Франка Вячоркі зноў зьявіліся ўскладненьні на службе ад каросты. Нават у савецкім войску, калі лекар прымаў рашэньне шпіталізаваць салдата ці афіцэра, ніякі начальнік ня меў права адмяніць гэтае рашэньне. Тое, што адбываецца ў беларускім войску зараз, — гэта зьдзек, гэта глумленьне з чалавека, катаваньне чалавека. Ня трэба тут прыкрывацца нейкімі вайсковымі цяжкасьцямі, статутам, прысягай. Тут у наяўнасьці прыкметы злачынства з боку начальнікаў”.

У зьвязку са стварэньнем Мытнага саюзу паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам да ўзроўню расейскага падвышаецца мыта на аўтамабілі для юрыдычных і фізычных асобаў у Беларусі. З гэтай нагоды выказваньне слухача:

Спадар: “Зараз ідуць размовы пра новае мыта на легкавыя імпартныя аўтамабілі. Можа, ня варта разьдзьмуваць так, а падняць пытаньне пра тое, што на буйных нашых заводах, як у Магілёве, ёсьць распрацоўкі нашага айчыннага легкавога аўтамабіля, які цудоўна б падышоў працэнтаў для 70—80 насельніцтва. І па цане было б прыдатна, так, як зроблена ў Індыі”.

Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

“Вытворчасьць нашых аўтамабіляў — не такая простая справа, і досьвед спробаў, якія былі ў Абчаку з Фордам, паказвае, што нават ня нейкія аўтарскія распрацоўкі, а капіяваньне аўтамабіляў з дапамогаю дзяржавы — насамрэч не такая простая справа. Тым больш што рынак для аўтамабіляў у нашай краіне не такі вялікі, а спадзявацца на тое, што Расея будзе добра ставіцца да паставак нашых аўтамабіляў… Можна ўзгадаць хаця б леташнюю гісторыю з малаком і гэтак далей. Калі б я хацеў укласьці грошы ў гэтую справу, то яшчэ тысячу разоў бы падумаў”.

У наступным тэлефанаваньні слухач адказвае на пытаньне “Свабоды” — каму паставіць помнік у Беларусі?

Юрась, Менск: “На пытаньне “Якому палітычнаму дзеячу вы паставіце помнік” — то, без сумневу, студэнту. Мяркую, што ў дворыку БДУ 2 лавачкі: на адной з краю дзяўчынка з падручнікам сядзіць чытаючы, а насупраць — хлопец-студэнт, з дыпляматам і з бутэлькай піва, няхай “Жыгулёўскае” ці “Аліварыя”. І -- позірк на дзяўчынку.

Другі — шыльду на ўваходзе ва ўнівэрсытэт з надпісам: “На гэтай плошчы ў 90-х гадах ХХ стагодзьдзя гісторык і палітык Зянон Станіслававіч Пазьняк і тысячы жыхароў Беларусі здабылі нашу свабоду і незалежнасьць”. Дзякуй”.

Наступнае тэлефанаваньне — на тэму выбараў ва Ўкраіне:

Спадар: “На Ўкраіне адбудуцца выбары 7 лютага, але я лічу, што Юля будзе адзіны прэзыдэнт Украіны. У яе будзе 53 адсоткі, а ў Януковіча — 45. Гэта на мой разьлік. А Лукашэнка да нас прыйшоў на ўсё гатовае — дарэмна некаторыя кажуць, што ён нешта з нуля зрабіў. Каб не развалілі камуністы Савецкі Саюз і перабудова, дык Лукашэнка прэзыдэнтам ня быў бы ў нас”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG