Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад журналістаў БТ не патрабуюць праверанай інфармацыі


Георгі Дзьмітрук

Георгі Дзьмітрук

У судзе Першамайскага раёну Менску сустаршыня аргкамітэту БХД Георгій Зьмітрук сустрэўся з аўтарам рэпартажу БТ ад 13 сьнежня Юрыем Пракопавым. Зьмітрук патрабаваў абвергнуць паклёпніцкія зьвесткі і выплаціць 128 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі за зьнявагу гонару і дзелавой рэпутацыі. Пракопаў сьцьвярджаў, што не абавязаны правяраць інфармацыю і мае права выказваць прыватную думку.


Судзьдзя Вольга Багам’я спачатку заслухала патрабаваньні Георгія Зьмітрука. Ён распавёў, што пасьля таго, як ягоным сябрам ананімна прапаноўвалі гукавы файл нібыта перамоваў Георгія з прастытуткамі, а таксама апублікавалі гэты файл на форумах некаторых інтэрнэт-парталаў, ён зьвярнуўся ў пракуратуру, каб знайшлі аўтара “чорнага піяру”.

У судзе аўтар рэпартажу Юры Пракопаў патлумачыў, што рыхтаваў рэпартаж, грунтуючыся на інфармацыі з інтэрнэту. Маўляў, ён набраў у пашукавіку імя і прозьвішча — “Георгій Зьмітрук” — і адразу атрымаў 14 000 спасылак.
не абавязаны правяраць тую ці іншую інфармацыю і даваць слова другому боку ...

Але чаму ён праігнараваў інфармацыю аб тым, што Зьмітрук зьвярнуўся ў праваахоўныя органы? Адкуль на сайце, які дэманстравалі гледачам у якасьці доказу, зьявіўся фотаздымак Георгія? На гэтыя ды на шэраг іншых пытаньняў Юры Пракопаў казаў, што не абавязаны правяраць тую ці іншую інфармацыю і даваць слова другому боку. Паводле журналіста БТ, ён мае права выказваць сваю асабістую думку пра таго ці іншага чалавека. Таму ня лічыць, што нанёс маральную шкоду сп.Зьмітруку і ягонай дзелавой рэпутацыі.

У рэпартажы прагучала, што раней Георгій Зьмітрук у БХД узначальваў арганізацыю “Моцная сям’я”, але пасьля так званага сэкс-скандалу вымушаны быў сысьці з гэтай пасады. Георгій абверг гэтую інфармацыю і папрасіў Юрыя Пракопава патлумачыць, адкуль той узяў такую інфармацыю, але адказу не было.

Судзьдзя прасіла Юрыя Пракопава і прадстаўнікоў БТ прынесьці на наступнае паседжаньне тлумачэньне, якім чынам на сайце, які дэманстравала БТ, зьявіўся фотаздымак Георгія Зьмітрука, якога там ніколі не было, а таксама падаць спасылкі на крыніцу інфармацыі, якая стала нагодай для сюжэту.

Георгій Зьмітрук паведаміў “Свабодзе”:

“Зьдзіўляе пазыцыя сп.Пракопава, які ня можа патлумачыць, дзе ўзяў фотаздымак, ці ўзначальваў я раней кампанію “За моцную сям’ю” ды іншыя пытаньні. Калі ён ня мог адказаць у судзе на элемэнтарныя пытаньні, то гэта сьведчыць аб тым, што рэпартаж для яго рыхтаваў нехта іншы, а ён не зьяўляецца сапраўдным аўтарам.

Падобна да таго, што ён агучыў нейкую замову. Ён казаў, што не абавязаны спраўджваць інфармацыю, якую знайшоў на форумах у інтэрнэце.

БТ стварыла такія ўмовы, што журналісты могуць гаварыць усё што заўгодна, адчуваючы сваю беспакаранасьць”.

Наступнае паседжаньне адбудзецца 12 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG