Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У некаторых вёсках на Гарадзеншчыне бацькі адмаўляюцца выпраўляць дзяцей у школы з-за моцных маразоў і зімовага бездарожжа. Найбольш такіх выпадкаў у Сьвіслацкім раёне. Таму чыноўнікі тут палічылі за лепшае ўвогуле адмяніць заняткі ва ўсіх школах.

У Сьвіслацкім раёне цяпер найбольшыя халады — тэмпэратура паветра падала на гэтым тыдні да мінус 32-х градусаў.

Асабліва сьцюдзёна ў вёсках Белавежжа. Дырэктар школы ў вёсцы Грынкі распавядае, што некаторым дзецям трэба дабірацца нават за 10 кілямэтраў. З прычыны зімовай бездаражы рэйсавы аўтобус ня ходзіць. Акрамя таго, не хапае паліва. Адпраўляць за дзецьмі зношаны школьны транспарт настаўнікі ня важацца, каб не рызыкаваць бясьпекай і здароўем дзяцей. Таму школьнікі зь Белавежжа ў холад ратуюцца на хутарах. Вось што тлумачыць грынкоўскі дырэктар школы:

Спадар: “Мароз 25 і вышэй трымаецца. Таму было прынята рашэньне адмяніць заняткі ў панядзелак, аўторак і сераду. Бацькі могуць не вадзіць дзяцей у школу”.

Недалёка ад Грынкоў у Белавескай пушчы знаходзіцца вёска Дабраволя. Сюды таксама некаторым дзецям даводзіцца дабірацца амаль за 10 кілямэтраў. Жыхар вёскі тлумачыць:

Спадар: “Вы што, заўчора было мінус 29, а ў знаёмага на хутары — мінус 32 градусы марозу. Куды па такім надвор’і дзяцей пускаць?! Да ўсяго, дарогі неачышчаныя . А сын малы — яго мэтар ад зямлі… Ён жа па такім сьнезе нікуды ня дойдзе, а змучыцца. Ці ж такі малы дабярэцца?”

У Гарадзенскім, Мастоўскім, Івейскім, Ваўкавыскім, Шчучынскім раёнах заняткі ў школах таксама адмянілі. Праўда, у некаторых — толькі для малодшых клясаў. Настаўнікі кажуць, што бацькі самі не пускаюць дзяцей у школу.

Спадарыня: “Тэлефанавалі мне бацькі, раіліся. Я казала: калі вы лічыце, што ім зашкодзіць на такім марозе знаходзіцца, то няхай застаюцца ў хаце. Мы ўчора іх наагул не выпускалі са школы, толькі ў прыбіральню, і то прымушалі апранацца. У нас учора прыйшло толькі 14 дзетак з 38, і мы ўжо іх дахаты не адпраўлялі”, — паведаміла дырэктарка Цыдавіцкай школы Гарадзенскага раёну.

На Гарадзеншчыне будынкі школаў ацяпляюцца пераважна кацельнямі, але, да прыкладу, частка школ Івейскага раёну мае толькі пячное ацяпленьне. Загадчык Івейскага РАНА кажа, што зімой гэта выклікае праблему.

Спадар: “Больш спальваюць брыкету, бо часьцей паляць печы. Калі пры нармальнай тэмпэратуры палілі печы адзін раз на суткі, то зараз — два разы. Адзін раз — як дзеці выходзяць са школы, а другі раз — ня днём, калі вучацца, бо існуе пагроза здароўю і магчымасьць якіх-небудзь здарэньняў, а раніцай — пакуль дзеці яшчэ ў дарозе”.

Са слоў суразмоўцы, івейская раённая адміністрацыя мусіла спыніць часова заняткі для вучняў першых шасьці клясаў ва ўсіх школах раёну.

Сёньня на Гарадзеншчыне пацяплела, але многія дзеці ўсё яшчэ ў школу не пайшлі.
XS
SM
MD
LG