Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тыдняў таму ў часопісе “Кавказия”, а таксама на некалькіх блогах зьявілася інфармацыя аб тым, што на ўзбэцкую фотамастачку Ўміду Ахмэдаву была заведзена крымінальная справа. Падставай для перасьледу сталіся фотаальбом “Мужчыны і жанчыны: ад усходу да захаду”, а таксама дакумэнтальны фільм “Ярмо цноты”.


Абодва мастацкія творы былі зробленыя пры падтрымцы “Гэндэрнай праграмы амбасады Швайцарыі” ва Ўзбэкістане. Убачыць фотаальбом можна ТУТ . Ён зьмяшчае 110 фатаздымкаў, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцьця ўзбэцкага народу і, згодна з поглядамі пракуратуры, паказваюць узбэцкую рэчаіснасьць “неаб’ектыўна”. Што тычыцца фільму, ён прысьвечаны фэномэну “цноты”, якая гістарычна лічылася паказчыкам жаночага “гонару” і якую маладыя дзяўчаты павінны былі “даказваць” падчас шлюбу. Гэты звычай усталяваўся ў многіх народаў у сярэднявеччы, калі сям’я і грамадзтва моцна кантралявалі жаночыя (але не мужчынскія) паводзіны. “Чысьціня” нявесты (знак таго, што яна не “належала” раней нікому іншаму) зьяўлялася ўмовай для ўсталяваньня тых сацыяльных сувязяў паміж сем’ямі альбо кланамі, якія будаваліся праз шлюб. Маладыя рабіліся закладнікамі інтарэсаў сем’яў, бо не яны самі, a cтарэйшае пакаленьне – бацькі і кланавыя патрыярхі – прымалі рашэньні, каго з кім пажаніць.

Фільм "Ярмо цноты".



“Пабытовыя” мэтады

У савецкі час рытуал “праверкі цноты”, здаецца, адышоў, але зноў адрадзіўся ў апошнія гады і зламаў жыцьцё многім маладым парам. Рэч ня толькі ў тым, што выявіць “цноту” не заўсёды магчыма “пабытовымі мэтадамі”, якія традыцыйна для гэтага ўжываюцца. Сучасныя жанчыны ўспрымаюць усялякія “вандроўкі” ў свае цела, на якіх звычайна настойваюць бацькі, як цяжкую абразу і непрызнаньне іх чалавечай аўтаноміі і індывідуальнасьці.

Экзамэн “чымілдык”

Сутнасьцю абвінавачаньня супраць Уміды Ахмэдавай названыя паклёп на ўзбэцкі народ і абраза, якія нібыта прысутнічаюць у яе творах. Прынамсі, так лічаць экспэрты, што працуюць у Камітэце па справах рэлігіяў, а таксама ў Цэнтры прапаганды духоўнасьці. Яны пішуць:

"Как известно из наших древних обычаев, у нас есть экзамен «чимилдык». Когда молодые женятся, от девушки требуется невинность до свадьбы. Но девушка, которая занималась спортом или не правильно делала какие либо физические движения или врожденная эластичная девственная плева, тогда после свадьбы она не может защитить свою честь. В таких случаях обращаются в медицинские учреждения, чтобы доказать научным путем, была ли она с кем-то или это врожденная эластичность. В фильме этот вопрос поднят. Но эта проблема преувеличена. Возникает мысль, которая принижает гордость наших женщин и наше национальное достоинство. Одним словом, под видом показа обрядов, они обвиняют нас в отсталости. С точки зрения Запада, наш обряд «чимилдык» выглядит как бескультурье и невоспитанность. В фильме приводится цитата («каждая женщина хозяйка своего тела, в ее личные дела не имеет права лезть ни муж, ни свекровь, ни снохи») - вот такая позиция фильма. Мы эмоциональный народ, живем в жаркой стране. Конечно, каждая девушка когда покидает родительский дом плачет. Потому что она покидает родительский дом навсегда. Она вынуждена жить далеко от своих родных. Этого чувства плача нет на Западе. Когда на Западе смотрят эти кадры – подумают, бедную девушку насильно выдали замуж."

У самым канцы экспэрты робяць абагульненьне: «В общем смысле авторы фильма подняли тему: «В Узбекистане права женщин ущемлены». Эту ущербную мысль они пытаются подчеркнуть. На основании всего этого, мы считаем, что это не подходит ни для нашей морали, ни для морали других стран».

Нацыянальныя ідэалы мужчыны і жанчыны

Здаецца, рабіць экспэртызу экспэртызы няма сэнсу: яна сама сабе дыягназ. Але гэты тэкст ёсьць моцным культурным сьведчаньнем некаторых процістаяньняў, характэрных ня толькі для Сярэдняй Азіі, але для постсавецкай прасторы ўвогуле.

З аднаго боку, ва Ўзбэкістане – як і ў іншых постсавецкіх краінах – будуецца нацыянальная дзяржава. Кожны такі праект перш за ўсё патрабуе пэўных вэрсіяў нацыянальнай гісторыі і культуры, адносна якіх нацыя павінна «дамовіцца» сама з сабой (і з навакольным сьветам) і зь якіх будзе зыходзіць далей. Пры стварэньні «нацыянальных міталёгіяў» гэндэрнае пытаньне ёсьць адным з галоўных, таму што гаворка ідзе пра ідэал «нацыянальных» мужчыны і жанчыны, а таксама пра прынцыпы адносін паміж імі. Традыцыйна «нацыянальны мужчына» бачыцца моцным, мужным і разумным, а нацыянальная жанчына – чыстай і вернай. Прыкладам такой жанчыны ў беларускім нацыянальным пантэоне, здаецца, запісана Рагнеда.

Але міталёгія «нацыянальнай дзяўчыны» робіць жаночае цела «закладнікам» нацыі, і гэты падыход уступае ў процідзеяньне з тымі прынцыпамі, якія сучасныя грамадзтвы закладаюць у свой падмурак, перш за ўсё з прынцыпам правоў чалавека. Шматлікія сучасныя жанчыны бачаць сябе аўтаномнымі, адказнымі асобамі і хочуць самі прымаць рашэньні адносна свайго жыцьця. Апрача таго, сучасныя грамадзтвы лічаць права мастака свабодна выказвацца адносна ўсіх грамадзкіх і мастацкіх пытаньняў таксама адным з прынцыповых.

Некалькі дзён таму з Уміды Ахмэдавай узялі падпіску аб нявыезьдзе, а на мінулым тыдні яе справа была перададзеная ў суд. Артыкулы, па якіх яе абвінавачваюць, патрабуюць да трох гадоў пазбаўленьня волі. Ад амністыі Уміда адмовілася, бо лічыць, што не зрабіла ніякага злачынства.

Калі вы лічыце, што перасьлед Уміды Ахмэдавай парушае яе правы чалавека і мастачкі,

ВЫ МОЖАЦЕ ПАСТАВІЦЬ СВОЙ ПОДПІС ТУТ.
XS
SM
MD
LG