Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дух БНР ды генэрала Кандратовіча ізноў жыве ў Пагародна…”


Упершыню 7 гадоў таму шпацыравалі мы ў  Пагародна --> http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&t=h&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=54.096777,25.145645&spn=0.016232,0.045447&z=15 сьвежым зімовым ранкам разам з даўнім знаёмым, краязнаўцам Уладзімірам Круцікавым. Ад чыгункі па пакрытай лядком дарозе адмахалі пешшу 9 км. Ня толькі таму, што не было аўтобуса — ня ведалі, ці адносіцца паселішча да так званай 30-кілямэтровай памежнай зоны ў Воранаўскім раёне. Сьвяціцца ж не хацелася — тэма досьледу была палітычна далікатная. Трэба было высьветліць сапраўднасьць паходжаньня гістарычнай асобы, якая ў незалежным друку і ў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі трактавалася па-рознаму.

Спадар Круцікаў, зь якім сёлета ехалі ізноў, згадвае:

Круцікаў: «Кандратовіч — міністар, галоўнакамандуючы войскамі БНР. А з другога боку, такі памешчык быў у Воранаўскім раёне. Прозьвішчы супадалі — той ці ня той? І вось, калі 7 год таму прыехалі, высьветлілася, што той, але ў мясцовым школьным музэі расказвалі пра царскага генэрала Кандратовіча!»

Але пра тое, што адбываецца са спадчынай генэрала Кандратовіча зараз, калі сёлета 28 красавіка споўніцца 150 гадоў з дня яго нараджэньня — пазьней. Мы ж уваходзілі не на тэрыторыю сельгаспрадпрыемства «Пагародна» з экспэрымэнтальнай базай па вытворчасьці элітнага збожжа, як раней, а ў аднайменны аграгарадок. Дзе гадуецца статак, ёсьць уласны кілбасны цэх. Першым з больш як паўтары тысячы насельнікаў сустрэлі 63-гадовага былога настаўніка гісторыі, спадара Сянюту. Віктар Міхайлавіч ішоў віншаваць з днём народзінаў сябра і быў у добрым гуморы. Спыніліся ля навюткага двухпавярховага катэджа са спадарожнікавымі антэнамі.

Сянюта: «Зьмяненьні за 7 гадоў? Гэтых платоў не было, дамоў прэзыдэнцкіх. Сталі багацейшыя, машыны купляюць, апранаюцца. Канечне, такіх людзей няшмат. На фэрме атрымліваюць 700-800 тысяч. Мэханізатары, якія працуюць на „Джондзір“, „Аўтадоры“ — на пасяўную ды ўборачную маюць да 1,5 млн. Можна раскруціцца, маючы падворак. Канечне, моладзі працоўных месцаў не хапае. МТС скарацілася — мэханізатары лішнія аказаліся. 50 аўтамашын было, 70 трактароў — цяпер іх на пальцах пералічыш. І маладыя паляводы па 250-280 тысяч — і ў г..не. Памагаю дзецям, бо мне нібы ні да чога гэтыя грошы. У маладыя гады на гэтыя б 480 тысяч разгарнуўся. Папрацаваў на пэнсіі — гляджу, што маладым трэба даваць. У настаўнікаў 17-18 гадзін стаўка — няма нагрузкі. Прыйшоў пасьля вуза — нішто, пэнсія мая большая. Абураюцца настаўнікі...»

Да нас літаральна даклыпаў 78-гадовы спадар Куроўскі. Вэтэран Вялікай Айчыннай, ня мае аднаго вока. З кульбачкай ды авоськай — вяртаўся з кірмашу:

Куроўскі: «Дужа нічога не купляў — масла, скваркі...»

Сянюта: «Мы ж шманаць цябе ня будзем...» (Сьмех.)

Куроўскі: «Зьняважылі ж — нехта прадставіўся карэспандэнтам і пакраў ордэнскую кніжку...»

Як і ў кожным старажытным мястэчку, у Пагародна ёсьць шмат аднолькавых прозьвішчаў, якія сьведчаць пра даўнія роднасныя сувязі — Струкелі, Азяроўскія і тыя ж Куроўскія. Таму прасьцей таго ці іншага жыхара знайсьці па мянушцы. Сына спадара Куроўскага Яна клічуць Казьбек. Ня ведаю, які першапачатковы сэнс укладаўся ў гэты назоў, але відавочна, што паводле памеру падсобнай гаспадаркі ды размаху гаспадарчай дзейнасьці ён для іншых пагародненцаў гэткі ж сёньня недасягальны, як вяршыня памянёнай гары. Прычым не было ані банкаўскіх крэдытаў, ані дапамогі " добрага дзядзькі«. 9 гадоў быў на заробках у Прымор’і. Купіў некалькі сьвіней і марыў дагнаць у часе мінулай сустрэчы пагалоўе да 400. Самога Казьбека ў дзень вандроўкі не было. Бацька ж пацьвердзіў — мара спраўдзілася:

Карэспандэнт: «Як у сына справы?»

Куроўскі: «Мае два хлявы. Мяне ў хлявы не пускае — ня любіць, каб перашкаджалі. Хату пабудаваў капітальную, забойны цэх зрабіў — яго мара. Хлопец хвацкі!»

Ля новага будынку школы пазнаёміліся з 40-гадовым Валодзем Гермянюком. Той быў па-сялянску апрануты, у кірзавых ботах — праца сацыяльнага работніка абавязвае.

Гермянюк: «Даглядаю пэнсіянэраў — у мяне ў Асаве жанчына, у Пагародна сям’я, у Канюхах і 3 сям’і ў Салешках — 9 сямей. 304 тысячы аклад. Аўтатранспарт — ровар. Гэта дастаўка прадуктаў, мэдыкамэнтаў, аплаціць камунальныя паслугі, вады прынесьці, брыкету. Бульбу дастаць з гумна. І пахавальныя паслугі, ня дай Божа...»

Узгадваю, як білі 7 год таму ва ўсе званы 20 мэдыкаў мясцовай бальніцы на тыя ж два дзясяткі месцаў — яна была з-за недафінансаваньня ды недарамантаваньня на мяжы закрыцьця. Уладзімір інфармуе:

Гермянюк: «Зачынілі гады два, і яе руінаў няма. Зараз урач агульнай практыкі, мэдсёстры. Сацыяльныя ложкі — тры зь дзённым стацыянарам, каб пад кропельніцай паляжаць. А было 10 такіх ложкаў. Але тут цэнтар — банк, кірмаш...»

Мне паказалі хату шматдзетнага ды шматнацыянальнага сямейства Ашылядавых. Да маці і гаспадыні, 30-гадовай Валянціны, полькі па нацыянальнасьці, ледзь змог прабіцца праз хор пяці дзяцей, адзін пад адным, што адразу набеглі з усіх куткоў трохпакаёвай хаты. Валя ж ужо 10 год у дэкрэце:


Дзеці: «Завуць Гульнара... Амар... Мурат — самы сарамлівы... Жэня — самая сьмяшлівая...» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Тут эканамічны крызіс, а яны сьмяюцца. Як наважыліся на такую плоднасьць?»

Валянціна: «Дзецям дрэнна. Выжываем паціху — дапамогі, заробак. Улады дом нам купілі — амаль месяц тут. А муж туркмэн, у калгасе мэханізатарам. Але на 7 чалавек і мільён 800 не хапае...»

Павінен адпрацаваць 10 гадоў, тады можна будзе выкупляць і прыватызаваць. Унутры ўсё сам — і шпалеры, і фіранкі, фарбу, нават падлогі не было. Павязалі канкрэтна — домік усунулі, і ўсё.
Тут варта было б, каб усё пачутае пракамэнтавала спадарыня Сінельнікава, старшыня сельсавету. Зранку я датэлефанаваўся да яе праз сотавы. Але, пачуўшы, якое радыё прадстаўляю, адключыла слухаўку на ўвесь дзень. А 7 гадоў таму Вольга Аляксандраўна, тады толькі сакратарка сельсавету, гасьцінна частавала гарбатай і расказвала пра «стабільнасьць» гаспадаркі і пра маючыя быць пабудаванымі дзясяткі катэджаў. Што ж, падыходзім да адной з двух дзясяткаў двухпавярховых «каробак». Прэзыдэнцкіх. У маторы аўто корпаецца малады хлапец са сваім сьвёкрам. Пагадзіліся пагаварыць бяз прозьвішчаў.

Спадар: «Мяне завуць Лёнька. 2 гады як усяліўся. Павінен адпрацаваць 10 гадоў, тады можна будзе выкупляць і прыватызаваць. Унутры ўсё сам — і шпалеры, і фіранкі, фарбу, нават падлогі не было. Павязалі канкрэтна — домік усунулі, і ўсё...»

Уладзімір: «Сваволя! Чаму зрабілі хаты без падвалаў? Банкі з гуркамі ў пакоі трымаем — бывае, страляюць...»

Карэспандэнт: «Дапамог хоць зяцю свайму?»

Валодзя: «Што магу, дапамагу, а калі не магу, то й сабе не памагу... (Сьмех.) Лукашэнка ніколі ў жыцьці не дапаможа — ён толькі кажа пра „дзеці і хаты“. А дзяцей трэба карміць...»

Лёня: «Дык вунь у мяне гумно, а ў тых такое, што сьвіньня сракай не паверне. Я б за 70 мільёнаў купіў бы хату ў горадзе. У нас у Беларусі справядлівасьці не было і ня будзе, пакуль той Лукашэнка сядзіць...»

Ну і, урэшце, пра тое, што было асноўнай мэтай мінулай вандроўкі. Мы ізноў сустрэліся з настаўніцай, стваральніцай тагачаснага музэю «баявой славы», 65-гадовай спадарыняй Ганнай Русялевіч. Але ўжо 14 год таму яна, часам употайкі, займалася зь дзецьмі і краязнаўствам:

Ганна Русялевіч
Русялевіч: «Паколькі выкладала родную мову і літаратуру, хацела прышчапіць дзецям любоў да малой Радзімы, пазнаёміць зь мінулым, добра не вядомым самой...»

Карэспандэнт: «І 7 гадоў таму вы нам расказвалі пра Кандратовіча — толькі як пра генэрала царскай арміі...»

Русялевіч: «Я сама ня ведала. Гэта была інтэлігенцкая сям’я, якая клапацілася за тых, хто на іх працавалі. Зацікавіла вучняў, нават зь імі хадзілі і запісвалі ўспаміны тых, хто ведаў і жыў тады...»

Карэспандэнт: «Гэта ж быў вораг Савецкай улады на тыя часы...»

Русялевіч: «Як былы дырэктар саўгаса — зайшоў у музэй, стаў азадкам і глядзіць у вакно... Мне ўнутраны голас падказваў, што гэта наш чалавек, патрыёт. Гэта памяць, карані. У музэі зараз экспазыцыя пра генэрала....»

Нагадаю, на пачатку мінулага стагодзьдзя ўраджэнец Пагародна Цыпрыян Кандратовіч камандаваў 9-й Усходнесыбірскай дывізіяй царскай арміі. У войску за высокую прафэсійную дакладнасьць яго называлі таксама «элегантным генштабістам». Спадар Цыпрыян у расейска-японскую вайну быў цяжка паранены. Пасьля даслужыўся да камандзіра 1-га Каўкаскага армейскага корпусу. А ў часе першай сусьветнай дабіўся дазволу генэрала Духоніна на стварэньне беларускага армейскага корпусу. Працу ня даў давяршыць бальшавіцкі пераварот. І ў сьнежні 1918-га разам з Вацлавам Ластоўскім Кандратовіч узначальвае Раду бясьпекі БНР, у 1919-м уваходзіць у склад беларускай дэлегацыі на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы.

Як дагэтуль цьвердзіць Беларуская Энцыкляпэдыя, там ён застаўся жыць, і далейшы лёс яго невядомы — маўляў, гэта быў не сьвядомы і карэнны беларус, дый беларуская справа для яго была данінай жыцьцёвай і палітычнай каньюнктуры. Сёньня можна сказаць, што гэта сьвядомы падман беларускай савецкай гістарыяграфіі, цьвердзіць мой спадарожнік Уладзімір Круцікаў.

Ён першы дасьледаваў гісторыю са спробай апошняга савецкага дырэктара тады саўгаса-мільярдэра «Пагародна» Жураўлёва навек вынішчыць у тутэйшых людзей памяць пра мяцежнага генэрала. Як вядома, Кандратовічы купілі сядзібу былых валадароў мясцовасьці — князёў Тышкевічаў, дзе і жылі. Жураўлёў вырашыў сьцерці зь зямлі і яе — разам з пахавальным склепам Тышкевічаў, які месьціўся побач. Падрабязьней — спадар Уладзімір:

Круцікаў: «У
Жураўлёў рашыў узарваць касьцёл. Але высьветлілася, што ўзарвецца і ўсё сяло. На гэта ўлады не пайшлі.
савецкія часы Жураўлёў спачатку прыгнаў 2 трактары — не пайшло. Прыгнаў бульдозэры — і гэта не ўдалося. Там быў пахавальны склеп князёў Тышкевічаў, толькі што ў савецкія часы труны павыкідалі. Жураўлёў рашыў узарваць тады. Але высьветлілася, што ўзарвецца і ўсё сяло. На гэта ўлады не пайшлі. Касьцёл на сёньня рэстаўраваны, і туды ходзяць вернікі. У тыя ж часы Кандратовічы купілі маёнтак Тышкевічаў і там жылі...»

Апошнія свае гады, аж да 31 кастрычніка 1932 году, калі яго адпелі ў пагародненскай капліцы, спадар Цыпрыян правёў у інвалідным крэсьле, пакутуючы на страту каардынацыі руху. Жонка Ада наняла яму сталую прыслугу. 7 год таму нам удалося адшукаць былога фурмана і садоўніка Ўладзіслава Янавіча Струкеля. На жаль, не захаваліся на плёнцы, але памятаю яго ўспаміны пра залатую шаблю і дзірку ад раненьня на шынялі, у якім быў пахаваны генэрал. Як яго дачка перад прыходам Саветаў, кінуўшы гаспадарку, вылецела адсюль у Вялікую Брытанію. Сам дзядзька Ўладзіслаў атрымліваў ад Кандратовіча бясплатна 90 пудоў жыта, корм для быдла, ды бульбы колькі трэба. У гэты прыезд ва ўціснутай у зямлю яго хаціне засталі толькі яго ўдаву, 84-гадовую спадарыню Генэфу. Сам дзядзька Ўладзіслаў у 91-гадовым узросьце памёр пазамінулай восеньню.

Генэфа: «А ён да апошняга рабіў — пчаляром поўзаў на працу, мёду дужа было. Два сыны — не было больш грошай купіць. (Сьмяецца.) Яшчэ ўвосень выхадзіў, пару дзён паляжаў і памёр. Пра Кандратовіча ўспамінаў часта. Уладу не любіў, праўда. Было, і чапляліся да яго — які дырэктар нападзе...»

Дзелімся ўражаньнямі ад вандроўкі з Уладзімірам Круцікавым, ужо як з кіраўніком суполкі Партыі БНФ:

Карэспандэнт: «Ці зьмянілася Пагародна, за выключэньнем зьяўленьня спадарожнікавых антэнаў ды прэзыдэнцкіх платоў?»

Круцікаў: «Засталася на тым узроўні, бо аграгарадок утрымаў заробкі на фэрмах. І за кошт таго, што стала цэнтрам, які ўсіх падмяў пад сабе — навакольныя вёскі „леглі“. Добра ўразіла, што шануюць Кандратовіча, дух генэрала прысутнічае, шануюць беларускасьць. Спадарыня Русялевіч водзіць экскурсіі, і Кандратовічам цікавяцца як генэралам БНР. І музэй ёсьць — ніхто не пярэчыць. Як сказала настаўніца Русялевіч, гэта — галоўная мэта яе выхаваньня і жыцьця....»

Ідучы да аўтобуса, сустрэлі 16-гадовага навучэнца 10 клясы Віталя Кіраля. Спыталіся не пра Кандратовіча — ці застанецца тут жыць?


Кіроль: «У вёсцы? Жыць будзем, сям’ю завяду. Я хачу сталяром — нібы няма пэрспэктыў у Пагародна, калі толькі сваю сталярку не паставіць. Мара ёсьць прадпрымальнікам стаць, дзьверы, вокны, сталы добрыя рабіць. На сябе арыентуюся толькі...»
XS
SM
MD
LG