Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталічная грамадзкасьць спрабуе выратаваць лебедзяў ад сьмерці


Мянчук Уладзімер Вашкевіч, які называе сябе арнітолягам-аматарам, зьвярнуўся праз Інтэрнэт да жыхароў беларускай сталіцы. Справа ў тым, што пры канцы мінулага тыдня на водаканале, што непадалёк ад ТЭЦ і Чэрвеньскага рынку, ён убачыў некалькі памерлых ад холаду лебедзяў. Менскі пэнсіянэр заклікаў грамадзкасьць гораду дапамагчы выратаваць гэтых прыгожых птушак — часьцей прыяжджаць на канал, браць з сабой корм для лебедзяў, а таксама палкі-багры, каб было чым разьбіваць палонку.

Сам спадар Уладзімер бывае на канале штодня, нават калі тэмпэратура ў Менску зашкальвае за мінус 20.

Вашкевіч: «Я штодня кармлю гэтых птушак. Стаю на мосьце, мерзну і кармлю. Яны падплываюць і бяруць ежу з вады. На мінулым тыдні былі такія галодныя, што бралі ежу з рук».

Карэспандэнтка: «Батонамі корміце?»

Вашкевіч: «Батонамі. Можна і крупамі, таксама гароднінай. Бульбу можна прынесьці звараную, можна моркву ці капусны ліст. Чорны хлеб нельга. Ад яго ў птушак кісьне ў страўніку і яны будуць пакутаваць».

Карэспандэнтка: «Пасьля таго, як вы на розных інтэрнэт-сайтах выступілі з заклікам выратаваць лебедзяў, ці многа людзей адгукнуліся?»

Вашкевіч: «Вельмі шмат. Асабліва жанчыны. Самага рознага дастатку. Мужчыны таксама. Студэнты, пэнсіянэры. Дай Бог ім здароўя! А маразы яшчэ будуць, і зіма яшчэ будзе доўгай! Праблема вось у чым: у сёлетняга вывадка яшчэ пух і крылы не адрасьлі да пэўнага памеру. Зразумела, яны не маглі даляцець да выраю. А таму сталыя лебедзі засталіся з малымі. Свайго роду яны сталі іх закладнікамі. Адрозна ад людзей бацькі тут ня кінулі дзяцей. У асноўным статак складаецца з маладых. Напэўна, тут у Менску яны былі на вялікім вадаёме, а цяпер вадаём замерз. А вось тут ля ТЭЦ ёсьць адкрытая пляма вады. Яны тут на вадзе і спыніліся. У асноўным жывуць сем’ямі».

Карэспандэнтка: «Вы сказалі, маразы яшчэ будуць, зіма ня скончаная. Чым можна дапамагчы птушкам?»

Вашкевіч: «Трэба штодня прыходзіць і карміць. Калі ў іх у страўніку будзе энэргія, будзе ежа — яны выжывуць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG