Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. У цэнтры ўвагі перамоваў кіраўнікоў двух краінаў знаходзяцца энэргетычныя пытаньні. Ці магчымы варыянт, што туркмэнскі газ можа пайсьці ў Беларусь? Наколькі моцная залежнасьць Туркмэністану ад Расеі ў пытаньнях транзыту энэрганосьбітаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч

Цыганкоў: Ці магчымы варыянты, што туркмэнскі газ пачне паступаць у Беларусь?

Мацкевіч: Тэарэтычна такая магчымасьць ёсьць. Але на сёньня яна вельмі цяжка выканальная, бо ёсьць дамова Туркмэністана з Расеяй, паводле якой увесь туркмэнскі прыродны газ купляецца Расеяй. Гэтая дамова была заключаная яшчэ папярэднікам Бэрдымухамедава Ніязавым — і такім чынам Расея манапалізавала пакупку туркмэнскага газу.

Тады якраз была газавая вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. На той час яшчэ былі дамовы паміж Украінам і Туркмэністанам паводле формулы, што газ купляецца на мяжы Туркмэністану. Але потым усе, акрамя Расеі, неяк «празявалі» — і Ўкраіна, і Беларусь. Хаця ў Беларусі разгляд гэтага пытаньня на ўзроўні Акадэміі Навук быў, але на той час вырашылі, што гэта неканкурэнтна, бо вельмі танным быў расейскі газ.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Ашгабаду не падабаецца гэтая схема? Выглядае, што цяпер туркмэнскі газ ідзе ўжо ня толькі ў расейскім накірунку, але і ў іншых. Нядаўна, уступіў у дзеяньне газаправод у Кітай.

Мацкевіч: Ёсьць і іншыя прапановы. У студзені ўведзены газаправод у паўночныя раёны Ірана. Пакуль даволі марудна ідзе праца па пабудове газаправоду «Набука», які моцна прасоўвае Эўракамісія. Ёсьць прапановы і паставак у Турэччыну, хаця Турэччына ёсьць адным з удзельнікаў «Набука».
Абсалютна немагчыма, што туркмэнскі газ можа быць атрыманы па іншых трубах, не расейскіх.
На сёньня магчымасьці Туркмэністану ацэньваюцца ў 80 мільярдаў кубамэтраў газу ў год.

Цыганкоў: І ўсё-такі — наколькі рэалістычным выглядае варыянт, што туркмэнскі газ можа пайсьці ў Беларусь? Гэта можа адбыцца толькі праз расейскую тэрыторыю, расейскія трубы, ці магчыма, што гэты газ можа дайсьці да Беларусі іншым шляхам?

Мацкевіч: Абсалютна немагчыма, што туркмэнскі газ можа быць атрыманы па іншых трубах, не расейскіх. Бо «Набука», нават калі яго пабудуюць, — гэта чыста эўрапейскі праект, ён ідзе ў паўднёвым кірунку Чорнага мора, і далей у краіны паўднёвай Эўропы.

Таму магчымы варыянт толькі праз Расею. Расея зараз закупляе 30 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Прыйдзе газ у Беларусь — ён будзе расейскі ці туркмэнскі, ня так важна. Бо дамова пра ягоную пастаўку будзе заключаная толькі з Расеяй.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG