Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На палітычным небасхіле Беларусі толькі дзьве зоркі: Пазьняк і Лукашэнка”


Слухачы Радыё Свабода цікавяцца лёсам адлічанай з БДУ па палітычных матывах моладзевай актывісткі Тацяны Шапуцькі, выказваюць свае пажаданьні наконт выбараў у мясцовыя Саветы, абмяркоўваюць сытуацыю вакол прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, выказваюць свае прапановы, каму ў Беларусі варта паставіць помнік.

Слухачоў «Свабоды» непакоіць лёс Тацяны Шапуцькі, студэнткі юрыдычнага факультэту БДУ, якую за ўдзел у форуме «Ўсходняга партнэрства» адлічылі з унівэрсытэту:

Спадар Віктар Буто: «У мяне пытаньне да апазыцыі. Што робіцца для аднаўленьня канстытуцыйнага права на навучаньне для Тацяны Шапуцькі, якую пазбавілі такога права многія несумленныя людзі з розных падразьдзяленьняў?»

На пытаньне Віктара Буто адказвае намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка:

Наста Палажанка
«Мы прыкладалі ўсе намаганьні, каб Тацяна Шапуцька была адноўленая ў Белдзяржунівэрсытэце. Быў створаны аргкамітэт у абарону Тацяны, куды ўвайшлі яе калегі па „Ўсходнім партнэрстве“, да прыкладу, Уладзімер Мацкевіч, які сказаў, што будзе імкнуцца ўздымаць гэтае пытаньне на ўсіх міжнародных сустрэчах любога ўзроўню. Праводзіўся збор подпісаў саміх студэнтаў — юрфакаўцаў, які выступаюць супраць выключэньня Тацяны. У лісьце рэктара БДУ спадара Абламейкі напісана, што яна выключана бяз права аднаўленьня. Тацяна бліжэйшым часам плянуе падаваць у суд. Пры гэтым Тацяна ня хоча зьяжджаць за мяжу на дзённае навучаньне. Таму адна надзея на суд. І пасьля гэтага, хутчэй за ўсё, яна будзе ўладкоўвацца на дыстанцыйную альбо завочную праграму якога-небудзь Эўрапейскага ўнівэрсытэту».

Днямі дадзены старт выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы. Вось некалькі меркаваньняў слухачоў Радыё Свабода:

Спадарыня Ларыса, Менск: «Хутка будзем галасаваць у мясцовыя саветы. Калі робяць апытаньне людзей на вуліцах, каб высьветліць, чым яны займаюцца, адказ адзін: ніхто ня ведае іх асабіста, хто яны і чым займаюцца. Пажадана новаму складу спачатку выказаць сваю праграму, а пасьля даць справаздачу аб той працы, якую ажыцьцявілі».

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: «Паважаная „Свабода“! Я б не хацела быць дэпутатам у сельскі ці гарадзкі савет і з тае прычыны, што ад гэтых дэпутатаў нічога не залежыць у гэтым жыцьці. Усё наша жыцьцё залежыць толькі ад нашага прэзыдэнта».

Ацэньваюць нашы слухачы і выбары прэзыдэнта Ўкраіны:

«Выбары адбыліся дэмакратычныя. Юшчанка сказаў, што паважае выбар народу. І сказаў так: „Не забывайцеся, што вы ўкраінцы і вы свабодныя“. Чалавек высокай нацыянальнай культуры, Віктар Юшчанка проста апярэдзіў свой час».

«Калі б Сяргей Цігіпка і Арсені Яцанюк перад першым турам пайшлі на саюз зь Віктарам Юшчанкам, Цімашэнка не прайшла б у другі тур. Але ж не. Гэтыя два кандыдаты практычна ўсугубілі палітычную сытуацыю. Падтрымаўшы Юшчанку, хтосьці зь іх праз 5 альбо 10 гадоў, магчыма, і стаў бы прэзыдэнтам ва Ўкраіне. Але цяпер ім ня ўбачыць прэзыдэнцтва, як сваіх вушэй».

Самыя нечаканыя прапановы выказваюць слухачы «Свабоды», адказваючы на пытаньне: хто заслугоўвае быць увекавечаным у бронзе. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

«Вітаю, „Свабода“! Хацелася б адгукнуцца на ваша апытаньне: каму б вы ў Беларусі паставілі помнік? Маё меркаваньне такое: на палітычным небасхіле Беларусі ў постсавецкі пэрыяд узьніклі толькі дзьве зоркі. Адна зь іх называецца Зянон Станіслававіч Пазьняк, а другая — Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Вось гэтым людзям трэба паставіць помнік. Першы навучыў нас, што называецца, людзьмі звацца,
Першы навучыў нас, што называецца, людзьмі звацца, а другі пабудаваў беларускую дзяржаву на роўным месцы, практычна з нуля.
а другі пабудаваў беларускую дзяржаву на роўным месцы, практычна з нуля».

Адгукнуліся слухачы «Свабоды» і на нядаўнія падзеі вакол Польскага дому ў Івянцы і наагул сытуацыі, якая склалася з Саюзам палякаў:

«Пасьля зьезду палякаў у Івянцы зноў утварыліся дзьве розныя варожыя суполкі. Гэтаксама, як ёсьць у Беларусі два саюзы пісьменьнікаў, два сьцягі, два гербы, два гімны, дзьве мовы, дзьве Беларусі: старая і новая, што вельмі нагадвае палітыку старажытнага Рыму: падзяляй і ўладарнічай».

І на заканчэньне яшчэ адно тэлефанаваньне:

Спадар Юрась, Менск: «Выпадкова пачуў хвалю „Свабоды“ ў сьнежні, і цяпер слухаю амаль кожны вечар. Вялікі дзякуй за вашу працу. Як добра чуць розныя думкі, погляды, меркаваньні і мець магчымасьць патэлефанаваць. Можа, ветрык „Свабоды“ і разгоніць туман страху над нашай краінай».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG