Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэтад ратацыі ў КДБ


У мінулую пятніцу ў пяці з шасьці абласьцей Беларусі зьмяніліся кіраўнікі ўправаў КДБ. Што вядома пра тых, хто атрымаў новае прызначэньне?

Сярод замененых кіраўнікоў абласных управаў КДБ вылучаецца былы начальнік управы КДБ па Берасьцейскай вобласьці Леанід Дзядкоў, які пайшоў у Менск на павышэньне — ён прызначаны намесьнікам старшыні КДБ Беларусі. Чым вызначыўся гэты «чэкіст»?

Рэдактар газэты «Брестский курьер» Мікалай Аляксандраў згадаў, што ў канцы 2009 году мясцовы КДБ склікаў прэсавую канфэрэнцыю, на якой былі агучаныя вынікі працы: за апошнія 3 гады ўправа выкрыла 10 агентаў замежных спэцслужбаў, выявіла 42 замежных афіцэраў-разьведчыкаў і шэраг падкантрольных ім камэрцыйных структур, а таксама больш за 10 грамадзянаў Беларусі, якіх спрабавалі завэрбаваць за мяжой.

Што да ціску на апазыцыю, журналіст Мікалай Аляксандраў згадвае нядаўнюю гісторыю мясцовай актывісткі Інгі Абрамавай.

«Ёй давялося адбыць 15 сутак арышту толькі за тое, што вывешвала стужкі з сымболікай Эўразьвязу на вадасьцёкавых трубах. Нядаўна актывістка паскардзілася ў камітэт правоў чалавека ААН. То бок ціск на дэмакратычных актывістаў быў ня меншы, чым у другіх рэгіёнах».

Два з прызначаных кіраўнікоў управаў КДБ памянялі адзін абласны цэнтар на другі. Гэтак, з Гомеля ў Гародню перабраўся генэрал-маёр КДБ Іван Корж. Ён замяніў генэрал-маёра Ігара Сяргеенку, які пераехаў у Магілёў на аналягічную пасаду начальніка абласной управы КДБ. Кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс з Гародні адзначыла, што ціск «мясцовага КДБ на актывістаў польскага саюзу падчас кіраваньня Сяргеенкі не зьніжаўся». Чаго чакаць гарадзенцам ад Івана Каржа, які заменіць Ігара Сяргеенку?

Пятро Кузьняцоў
Гомельскі актывіст руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў адзначыў характэрныя рысы дзейнасьці генэрала:

«У дачыненьні да РНЕ можна было адкрываць справу цалкам легітымную, за распальваньне міжнацыянальнай розьні, а яны завялі справу паводле артыкула аб незарэгістраванай арганізацыі. Таму я Каржа запомніў непасьлядоўнасьцю, незразумеласьцю ягонай палітыкі. А яшчэ скандальнасьцю. Красамоўныя эпізоды — калі былі перасьледы мясцовых журналістаў і пра гэта яны напісалі, а Іван Корж падаваў у суд на гэтых журналістаў, як і на сваякоў міліцыянтаў у сувязі з гэтак званым „паляўнічым“ скандалам».

Нагадаю, «паляўнічая» справа ў Гомелі пачаліся пасьля таго, як мясцовы КДБ арыштаваў адказных міліцыянтаў, якія займаліся незаконным паляваньнем.

Вольга Карач
Адзіная вобласьць, дзе кіраўніка КДБ не зьмянілі, — Віцебская. Там на пасадзе старшыні мясцовага КДБ застаўся палкоўнік Генадзь Герасіменка. Чаму не замянілі яго? Дэмакратычная актывістка зь Віцебску Вольга Карач згадала, як у 2008-м годзе КДБ правёў масавыя ператрусы ў дэмакратычных журналістаў, падчас якіх сьведкамі выкарыстоўвалі вайскоўцаў зь мясцовага гарнізону. Актывістка адзначыла яшчэ адну справу, якая стала, на яе думку, паказальнай для стылю мясцовага КДБ:

«Таксама справа праваабаронцы Леаніда Сьвеціка. Гэта калі розным актывістам пачалі прыходзіць лісты з пагрозамі за іх дэмакратычную дзейнасьць і погляды, а ў выніку абвінавацілі ў распаўсюдзе лістоў праваабаронцу Сьвеціка і асудзілі. Мне падаецца гэта малаверагодным, але менавіта КДБ гэтую справу вёў, дапытваў актывістаў. Там шмат такіх цёмных плямаў. Таму, мяркую, Герасіменку пакінулі на ягонай пасадзе, бо Віцебскі КДБ даў шмат вось такіх „ноў-хаў“, як змагацца з апазыцыяй», — кажа Вольга Карач.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG