Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Антыбеларускіх настрояў у Калінінградзе ня будзе – гэта пэўна”


Як у Калінінградзкай вобласьці рэагуюць на пагрозу адключэньня транзыту электраэнэргіі ў вобласьць празь Беларусь? Пра гэта Юры Дракахруст гутарыў з рэдактарам калініградзкай газэты "Дворник" Аляксеем Шабуніным.



Дракахруст
: Як у Калінінградзкай вобласьці ўспрымаюць пагрозу спыненьня транзыту электраэнэргіі праз Беларусь, наколькі ўсур'ёз гэтая пагроза ўспрымаецца?

Шабунін: Грамадзтва ўспрымае гэтую пагрозу з трывогай і дастаткова сур'ёзна, тое самае можна сказаць пра ўладу. Пра
гэта сьведчаць камэнтары міністра разьвіцьця інфраструктуры вобласьці, які дае камэнтары і запэўнівае, што гэта ня здарыцца, што з беларускім бокам ідзе дыскусія і адключэньня электраэнэргіі не адбудзецца.

Я думаю, што насельніцтва ў глыбіні душы ня верыць у такую магчымасьць, што энэргатранзыт будзе заблякаваны. На сьнежань гэтага году плянуецца ўвод у дзеяньня новага энэргаблёку ЦЭЦ, які цалкам пакрые патрэбы вобласьці ў электраэнэргіі.
У цэлым ні ўлада, ні насельніцтва ня лічаць гэта галоўнай праблемай, яна наўрад ці ўваходзіць нават у дзясятку галоўных праблемаў вобласьці.

Калі да канца году дацягнем, то пытаньне будзе наагул зьнятае.

Дракахруст: Ну калі транзыт адключаць заўтра, то ЦЭЦ у сьнежні ня надта дапаможа. Ці прапрацоўваюць улады нейкія пажарныя варыянты – калі заблякуюць, то атрымліваць электраэнэргію з Літвы, з Польшчы, з Нямеччыны?

Шабунін: Нічога гэтага няма, такія варыянты ў прынцыпе не прадумваюцца. Паводле камэнтароў афіцыйных крыніцаў, такія варыянты не разглядаюцца. З Польшчы ў нас тэхнічна немагчыма атрымліваць электраэнэргію. А з Літвы гэта тая самая крыніца, якая ідзе транзытам праз Беларусь. Уся надзея – на вырашэньне гэтага пытаньня Масквой, фэдэральным цэнтрам, урадам РФ.

Дракахруст: А ці не спараджае гэты канфлікт у вобласьці антыбеларускіх настрояў?

Шабунін: Я магу вам на 100% сказаць, што няма ніякага росту антыбеларускіх настрояў. Я не лічу, што гэта наагул магчыма. Усе ўсьведамляюць розьніцу паміж палітыкай і простымі людзьмі. У любым выпадку няпрыязі да беларускага народу і быць ня можа. Я нават скажу, што насельніцтва някепска ставіцца і да Лукашэнкі. У яго ў цэлым станоўчы імідж у Калінінградзкай вобласьці. Людзі хутчэй схільныя тлумачыць гэта тым, што ўрад Расеі мог бы пашукаць зручны выхад і для Беларусі, і для Калінінградзкай вобласьці, і для Расеі.

Але ён гэта ня робіць.

Але магу вас запэўніць – ня будзе ніякіх антыбеларускіх настрояў. Гэта дакладна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG