Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прапусьціць Масква туркмэнскі газ у Беларусь?


Сёньня ў Менск з афіцыйным візытам прыляцеў прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Ён наведвае Беларусь у адказ на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі лідэр запрасіў свайго туркмэнскага калегу летась у чэрвені падчас візыту ў Туркмэністан.


Сустрэўшыся сёньня, прэзыдэнты Беларусі і Туркмэністану пазытыўна ацанілі павелічэньне таваразвароту паміж краінамі “ў няпростым 2009 годзе аж на 50%”.

Але агульная лічба таваразвароту, як адзначаюць аналітыкі, ня ўражвае — яна складае 68 мільёнаў даляраў. Афіцыйных дадзеных за 2009 год пакуль няма. А па выніках 2008 году Туркмэністан быў сёмым гандлёвым партнэрам Беларусі сярод краінаў СНД.

Таму сёньня ў размове з Гурбангулы Бэрдымухамэдавым Аляксандар Лукашэнка казаў пра зацікаўленасьць у новых праектах:

“Вы толькі што прапанавалі нам шэраг праектаў. І я паабяцаў вам, што мы зробім гэта так, што вы ніколі ня будзеце на нас крыўдзіцца”.

Беларускія афіцыйныя асобы падкрэсьліваюць: галоўная мэта візыту — пашырэньне гандлёва-эканамічных стасункаў. Дзеля гэтага высокі госьць з Туркмэністану наведае шэраг менскіх прадпрыемстваў.

Для беларускага боку кампэнсацыяй за трактары, аўтамабілі ды іншую тэхніку найперш стаў бы газ, адзначае ў размове са “Свабодай” палітычны аналітык зь Беларусі Павал Вусаў. Але, на ягоную думку, дамагчыся гэтага будзе няпроста:
дамовіцца з новым прэзыдэнтам Бэрдымухамэдавым ня так лёгка...

“Беларускі рэжым шукае альтэрнатыўную крыніцу энэргіі. І былі на постсавецкай прасторы пэўныя намеры падпісаць пагадненьне нават з Украінай, каб забясьпечыць энэргетычную бясьпеку ад Расеі. А таксама — у Азіі. А там перадусім такімі партнэрамі для Беларусі маглі б стаць Кітай і Туркмэністан.

Але Туркмэністан — вельмі закрытая краіна, нягледзячы нават на зьмену прэзыдэнта. І дамовіцца з новым прэзыдэнтам Бэрдымухамэдавым ня так лёгка. Бо ўсё ж такі ўсе транзытныя ніці на постсавецкай прасторы знаходзяцца пад кантролем “Газпрому”.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў таксама асьцярожны ў ацэнках транзыту туркмэнскага газу ў Беларусь:

Андрэй Фёдараў
“Я пакуль што ня бачу, як можна вырашыць гэтую праблему тэхнічна, як гэты газ адтуль даставіць сюды. Усё роўна пакуль гэта можна зрабіць толькі праз Расею. Тыя праекты, якія існуюць у абыход Расеі, праз Каўказ і Ўкраіну, яшчэ ў прынцыпе ня вырашаныя, а рэалізацыя іх бачыцца яшчэ дзесьці пазьней.Таму мне цяжка ўявіць, як туркмэнскі газ можа трапіць у Беларусь, акрамя як праз Расею. А з Расеяй, мне здаецца, пытаньне застанецца нявырашаным доўга”.

Цікаўлюся ў экспэрта: ці можа Масква закрыць шлях для туркмэнскага газу ў Беларусь?

“На мой погляд, з боку Расеі ўсё магчыма. Усё будзе залежаць ад двухбаковых дачыненьняў паміж Менскам і Масквой. Калі Расея нешта для сябе вырашыць, то яна, як мне здаецца, не асабліва зьвяртае ўвагу на лёгіку, калі яна лічыць, што яе нейкім чынам крыўдзяць”.

Лідэр Туркмэністану будзе знаходзіцца ў Беларусі і ў аўторак, 26 студзеня.
XS
SM
MD
LG