Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленка: “Я патрабую абвяржэньня, а ня іхных грошай”


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка, які на Каляды вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай ёлцы гораду, вырашыў судзіцца са старшынём Віцебскага гарвыканкаму, рэдактаркай газэты “Віцьбічы” і журналісткай Натальляй Васільевай. Спадар Каваленка лічыць, што ўсе яны зьняважылі ягоны гонар і годнасьць.


Заявы з патрабаваньнем прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці старшыню віцебскага гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна, рэдактарку газэты “Віцьбічы” Ніну Тулінаву і журналістку Натальлю Васільеву Сяргей Каваленка сёньня аднёс у Кастрычніцкі раённы суд Віцебску.

Сябар КХП БНФ, які стаў шырока вядомы пасьля таго, як 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы, лічыць, што мясцовыя дзяржаўныя СМІ ў шэрагу артыкулаў сьвядома скажаюць ягоны ўчынак, называючы яго звычайным хуліганствам. А заадно зьневажаюць і яго самога, кажа Сяргей Каваленка:

“Заявы я вырашыў пісаць, бо на мой адрас выказваліся абразы. І падавалася інфармацыя, якая не адпавядала рэчаіснасьці — прычым яна знарок шырока распаўсюджвалася сярод жыхароў гораду і вобласьці. Я іншы — не такі, як мяне імкнуцца паказаць жыхарам Віцебску і ўсёй Беларусі. І я магу патлумачыць, чаму яны так робяць”.

Сяргей Каваленка лічыць, што пазыцыя журналістаў абумоўленая стаўленьнем да яго і ягонага ўчынку старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна. Неўзабаве пасьля зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцяга на вершаліне навагодняй ёлкі старшыня правёў у гарвыканкаме адмысловую нараду для супрацоўнікаў мясцовых СМІ. Пасьля яе ва ўсіх трох віцебскіх газэтах 12-га студзеня выйшлі артыкулы пра выпадкі хуліганства ў горадзе, дзе асобна апісваўся ўчынак Сяргея Каваленкі. У газэце “Віцебскі рабочы”, да прыкладу, апазыцыянэра назвалі “мутантам, якому месца ў клетцы заапарку”.

Але самы абразьлівы, на думку актывіста, артыкул выйшаў 14-га студзеня ў газэце “Віцьбічы”. Там апісваўся цэлы шэраг хуліганскіх учынкаў, зьдзейсьненых Сяргеем Каваленкам. На ягоную думку, у артыкуле “Каму дрэнна, калі нам добра” асабліва выразна зьневажаюцца ягоныя гонар і годнасьць, таму ён патрабуе ад аўтаркі Натальлі Васільевай, рэдактаркі Ніны Тулінавай і старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна маральнай кампэнсацыі:

“Прызнаць, што інфармацыя ў артыкуле Натальлі Васільевай не адпавядае рэчаіснасьці і што яна зьневажае мае гонар і годнасьць. Прынесьці выбачэньні на старонках газэты “Віцьбічы” — на такім самым месцы, у такім самым аб'ёме і тым самым шрыфтам, ад аўтаркі — Васільевай і крыніцы інфармацыі — Нікалайкіна. Матэрыяльная кампэнсацыя ад іх мне не патрэбная — мне патрэбна ад іх толькі, каб выбачыліся”.

Нагадаем, што хуліганскім назвалі ўчынак Сяргея Каваленкі ня толькі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. У міліцыі супраць актывіста распачалі крымінальную справу, прычым адразу па двух артыкулах — яго вінавацяць у грубым парушэньні грамадзкага парадку і супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. За гэта актывісту, які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, можа пагражаць да 6-ці год турэмнага зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG