Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Лукашэнкі парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства


Малочнатаварны комплекс “Старасельле”
Малочнатаварны комплекс “Старасельле”

Жыхары вёскі Старасельле, што на Шклоўшчыне, занепакоеныя пагаршэньнем экалягічнага стану навакольнага асяродзьдзя. Яны цьвердзяць, што мясцовыя сельскагаспадарчыя аб’екты забрудзілі адкідамі сваёй дзейнасьці лес, тутэйшую рэчку Бярозу й Траецкае возера.

Канфлікт з кіраўніцтвам акцыянэрнага таварыства “Александрыйскае” ўсчаўся пасьля таго, як людзі выявілі шматлікія жывёльныя магільнікі ды сьцёкі гною з фэрмаў. Паводле жыхароў Старасельля, экалягічнае становішча ў вёсцы пагоршылася пасьля таго, як тут збудавалі некалькі буйных жывёлагадоўчых комплексаў.

“Смурод жахлівы стаіць, асабліва вясной і летам, калі пачынаецца вываз жыжы ды гною. Начальства нам паабяцала, што будуць адвозіць падзёж, які валяецца тут за вёскай — горы сьвіней, кароў, цялят здохлых — на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Але як гэта будзе рабіцца, пакуль невядома. Тым часам будаўніцтва працягваецца. Птушкафабрыка будуецца каля вёскі вялізная”, — тлумачыць ініцыятарка збору подпісаў пад скаргай у Міністэрства прыроды й аховы навакольнага асяродзьдзя Інэса Якаўлева.

Тушы, якія ляжаць даўно, аб’ядаюць лясныя й свойскія жывёлы

Ініцыятыўная група сабрала некалькі дзясяткаў подпісаў вяскоўцаў:

“Жыхары Старасельля, якія не працуюць на гэтых усіх комплексах, падпісваюць нашыя экалягічныя прапановы. Тыя ж, хто працуе, яны таксама падтрымліваюць недзе там падсьвядома, але не выказваюцца. Яны залежныя ад кіраўніцтва гаспадаркі, яны жывуць у дамах Александрыйскага таварыства. Кожны баіцца за сваю працу. Страціць заробак. Людзі дужа нясьмелыя”.

Тое, што людзі скардзіліся ў Міністэрства прыроды й навакольнага асяродзьдзя, пацьвердзілі ў абласным яго камітэце:

“Па даручэньні міністэрства мы сапраўды правяралі гэтыя факты. Аднак я вам цяпер нічога не змагу сказаць, бо знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі адказ. Сёньня нібыта павінны ўжо скончыць, і афіцыйны адказ будзе накіраваны жыхарам вёскі Старасельле”, — зазначыў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік камітэту.

Сам магільнік


Выяўленыя людзьмі магільнікі ўжо ліквідаваныя. Як высьветлілася, ня ўсе. Знайсьці магільнік ня склала вялікай цяжкасьці. Яго ўтварылі за сто мэтраў ад шашы са Шклова, амаль ля самай агароджы малочнатаварнага комплексу. Магільнік прыцягвае да сябе ўвагу вялікімі птушынымі чародамі й смуродам, які чуваць нават у дваццаціградусны мароз. Колькі ў магільніку туш кароў ды цялят, падлічыць цяжка, аднак відаць, што іх звозілі сюды не адзін дзень. У камітэце паабяцалі разабрацца з тым, хто й калі ўтварыў магільнік.

Тушу цяляці прыцягнулі на магільнік нядаўна

За час канфлікту зь вяскоўцамі сустракаліся й раённае начальства, і кіраўніцтва гаспадаркі. Цяпер яны сьцьвярджаюць, што збор подпісаў адбываўся падманным шляхам, але прызнаюць некаторыя выпадкі парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства.

Жывёлагадоўчыя комплексы ў Старасельлі належаць акцыянэрнаму таварыству “Александрыйскае”. Яно ўтворанае на базе гаспадаркі, якой кіраваў Аляксандар Лукашэнка. Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што комплексы ўзьвялі паводле найноўшых сельскагаспадарчых тэхналёгіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG