Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі моцныя вашы косьці? Некалькі простых тэстаў


Калі, будучы дарослым, вы хаця б раз мелі пералом, гэта ўжо дрэнны сыгнал. У публікацыі газэты “The New York Times” абмяркоўваюцца фактары рызыкі, а таксама мэтады дыягностыкі стану касьцей.

Пасьля трыццаці гадоў чалавек пачынае страчваць касьцявую масу, якая хуткім тэмпам выбудавалася ў дзяцінстве. Косьці, так бы мовіць, радзеюць, расьце рызыка пераломаў. Многім жанчынам сталага веку ставяць дыягназ остэапароз, і кожны неасьцярожны крок, кожнае падзеньне становіцца для іх вельмі рызыкоўным.

У мэдычным сьвеце адным з самых распаўсюджаных мэтадаў дыягностыкі стану касьцей застаецца вымярэньне спэцыяльным сканэрам шчыльнасьці касьцявой тканкі. Але, як адзначае доктарка С’юзан Лаф, прафэсарка мэдычнай школы пры Каліфарнійскім унівэрсытэце, паказчык шчыльнасьці касьцявой тканкі – толькі адзін з аспэктаў здароўя касьцей, ці, у прыватнасьці, адзін з тых, які сёньня мэдыкі здольныя зьмераць.

Такім чынам, як жанчына можа даведацца, што яе косьці пад пагрозай? Калі пасьля 20 гадоў яна хоць раз мела пералом запясьця ці шчыкалаткі, то гэта сыгнал трывогі. Калі яе маці да 80 гадоў мела пералом шыйкі бядра, то вельмі праўдападобна, што дачку напаткае тое самае. Або яшчэ вельмі просты экзамэн: паспрабаваць устаць з крэсла. Жанчыны, якія ня могуць устаць з крэсла, не абапіраючыся на нешта рукамі, маюць удвая большую рызыку пераломаў.

Паводле дасьледаваньняў, праведзеных у Новай Зэляндыі, слабы зрок павялічвае рызыку пераломаў у тры разы. Пры глыбокай сьлепаце рызыка яшчэ большая. Дасьледаваньне, праведзенае “New England Journal of Medicine”, паказвае, што высокія жанчыны маюць большую рызыку пералому шыйкі бядра, чым жанчыны невысокія. Прычына ня толькі ў тым, што высокім падаць даводзіцца з большай вышыні, але і ў крыху іншай будове іхных касьцей.

Дасьледчыкі таксама падлічылі: калі жанчына пасьля пяцідзесяці важыць менш, як у дваццаць пяць, то рызыка пераломаў патройваецца. Прынамсі ёсьць чым заспакоіцца: некалькі лішніх кіляграмаў часам здароўю не пашкодзяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG