Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Вітушка - колішні кіраўнік менскай “Талакі”, гісторык кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча", жыве ў Вільні.

a)

Што для вас свабода?

Я б ужыў слова воля. І сказаў, што для мяне важныя два значэньні гэтага слова: воля -- як незалежнасьць і самастойнасьць, і воля -- як рыса характару, бо чалавек бязвольны непазьбежна стане залежным.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Адсутнасьць у маім характары дастатковае сілы волі.

Што для вас шчасьце?


Сёньня я падпісваюся пад словамі Максіма Танка: простае шчасьце людзкое, пэўна, складаецца з солі, з хлеба, з дарожнага пылу, зь яснага небасхілу. А каб з чаго іншага скласьці, то ці было б яно шчасьцем.

Чаго вы найбольш баіцеся?


Кепска закончыць свае дні, калі стану зусім нямоглым і буду толькі дакукай сваім блізкім.

Які талент вы хацелі б мець?

Талент даводзіць справы да канца.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Усімі, хто арэ на ніве беларушчыны.

Што вы найбольш любіце рабіць?

З чалавекам пагаварыць.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Больш уважліва ставіўся б да свайго здароўя. Як я сёньня перакладаю Міцкевіча: “Здароўе маё!.. Як Радзіма, ты мне дарагое. Што трэба здароўе цаніць, зразумееш пра тое, як страціш яго...”

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Вельмі важную параду я атрымаў ад Гервасія Вылівахі -- як быць аптымістам.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Выхад ёсьць.

b)


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Не ў такой людаедзкай, як пры Сталіне, астатняе няважна.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Толькі ў Беларусі, але каб не было межаў ад Вільні, Беластоку...

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У якую жыву, толькі тая і магчымая.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Прыняў бы ўказ пра свабоду слова і скасаваў дзяржаўны статус СМІ.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Як чалавек свабодны, я не хачу ніякай дыктатуры.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі нарасьце крытычная маса тых, хто будзе рабіць насуперак гэтай уладзе.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі зьменіцца ўлада.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Адна частка будзе гаварыць па-беларуску, другая толькі разумець і чакаць, калі... (гл. папярэдні адказ).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG