Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану прыляцеў у Менск


Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Туркмэнскі кіраўнік упершыню наведвае Беларусь. Паводле афіцыйных крыніц, галоўная мэта візыту – наладжваньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.


Аляксандар Лукашэнка асабіста запрасіў Гурбангулы Бэрдымухамэдава наведаць Беларусь падчас візыту ў Туркмэністан у чэрвені 2009 году. Візыт прэзыдэнта Туркмэністану ў Беларусь адбываецца ўпершыню. Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што яго галоўнай мэтай зьяўляецца наладжваньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аднак галоўнымі ў эканамічных перамовах маюць стаць пытаньні энэрганосьбітаў, мяркуе палітоляг Юры Чавусаў:

“Безумоўна, што ўсе візыты туркмэнскіх лідэраў за мяжу і ўсе візыты замежных лідэраў у Туркмэністан маюць адно ключавое слова – гэта газ, энэрганосьбіты і вырашэньне газавага пытаньня. Таму безумоўна гэты візыт мае значэньне, як наладжваньне шляхоў альтэрнатыўных паставак энэрганосьбітаў у Беларусь”.

Туркмэністан – краіна, якая валодае значнымі фінансавымі сродках, а кіраўніцтва Беларусі заклапочанае пошукамі інвэстыцыяў. Таму візыт Гурбангулы Бердымухамедава ёсьць вельмі важным для ўладаў Беларусі з гледжаньня пошукаў альтэрнатыўных крыніцаў атрыманьня крэдытаў і энэрганосьбітаў. І ён наўпрост зьвязаны з энэргетычным крызісам паміж Беларусьсю і Расеяй, мяркуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

“Безумоўна, гэта імкненьне паменшыць залежнасьць ад расейскага манапалізму. Таксама Туркмэністан багатая краіна, якая можа дапамагчы і крэдытамі. Так што Лукашэнка на шляху аўтанамізацыі свайго рэжыму ад Расеі, я бы так сказаў. Але трэба таксама рэальна глядзець на рэчы: на сёньня з боку Лукашэнкі – гэта хутчэй за ўсё гульня на нэрвах Масквы”.
XS
SM
MD
LG