Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэмакратычная апазыцыя распачынае кампанію для правядзеньня сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі.


У суботу у менскую гарадзкую тэрытарыяльную камісію быў вылучаны кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА і сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў-удзельніцаў Усходняга партнэрства Сяргей Мацкевіч. Напярэдадні ў гэтую ж камісію накіравала кандыдатаў і партыя БНФ. Пратаколы аб вылучэньні прадстаўнікоў Фронту, праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча ды палітоляга Юрыя Чавусава сталі першымі заяўкамі па Менску.

“У Менску БНФ будзе вылучаць людзей у камісіі ўсіх узроўняў. Вядзецца праца і ў рэгіёнах”, – паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Канапацкі.

“Наогул, сёлетняя выбарчая кампанія пачалася даволі вяла. За тыдзень што прайшоў ад моманту абвяшчэньня мясцовых выбараў, у прэзыдыюм менскага гарсавету, які фармуе выбарчыя камісіі па горадзе, паступіла ўсяго тры заяўкі. Ні БРСМ нікога не вылучыў, ні вэтэраны, ніхто", – канстатаваў Канапацкі.

Для вылучэньня кандыдата ў выбарчую камісію неабходна сабраць подпісы прынамсі 10-ці выбаршчыкаў дадзенай акругі. Тэрмін для падачы прапановаў у менскую гарадзкую, ды абласныя выбарчыя камісіі заканчваецца ў аўторак 26 студзеня.

Камэнтуючы нізкую актыўнасьць беларускай дэмакратычнай апазыцыі па Менску, Вадзім Канапацкі выказаў меркаваньне, што гэта галоўным чынам зьвязана з тэхнічнымі адтэрміноўкамі. “Мы чакаем, што асноўная маса прапановаў пачне паступаць у адпаведныя ўстановы цягам апошніх дзён адведзенага тэрміну”, – дадаў палітык.

Спасылаючыся на досьвед правапарушэньняў падчас папярэдніх выбараў, БНФ заяўляе, што будзе расцэньваць неўключэньне прадстаўнікоў партыі ў камісіі ўсіх узроўняў як спробу "ізноў пайсьці шляхам фальсыфікацыі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG