Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховічу ў ізалятар перадалі мэдаль за Аўганістан


Ці справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі будзе разглядаць Вярхоўны суд у адкрытым паседжаньні? Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку каралі карцэрам тройчы і дагэтуль не прывезьлі ў Менск. Актывіст Арцём Дубскі пакутуе ад холаду ў калёніі.


22 студзеня адвакат Павал Сапелка наведаў Мікалая Аўтуховіча ў менскім сьледчым ізалятары і перадаў яму памятны мэдаль да 20-годзьдзя пачатку вайны ў Аўганістане, якім беларуса ўшанавала расейская грамадзкая арганізацыя воінаў-аўганцаў. Пасьведчаньне да мэдаля падпісаў славуты камандуючы 40-й арміяй, губэрнатар Маскоўскай вобласьці генэрал Громаў. Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч — вэтэран баёў у Аўганістане, мае некалькі баявых узнагарод.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта.
Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Што да справы Аўтуховіча-Асіпенкі, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да тэракту, паводле генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча, справу будуць разглядаць у адкрытым паседжаньні. Праваабаронца Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў заявы Васілевіча адносна справы.

«Ён выявіў некампэтэнтнасьць, калі гэта заявіў. Бо тое, якім будзе працэс, адкрытым ці закрытым, можа вырашаць толькі суд і менавіта той судзьдзя, які пачынае працэс. Але, магчыма, Васілевіч сказаў гэта проста каб супакоіць грамадзтва. Зьдзіўляюць таксама заявы Рыгора Васілевіча пра тое, што нібыта Аўтуховіч і Асіпенка ні на што ня скардзіліся і ня скардзяцца. Між тым яны неаднаразова пісалі скаргі, і ў прыватнасьці нядаўна падалі скаргі аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу ў сувязі з адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу злачынства. Іх адвакаты такімі заявамі таксама абураныя».

Паводле адваката Паўла Сапелкі Мікалай Аўтуховіч па-ранейшаму скардзіцца на тое, што яму не аказваюць неабходную мэдычную дапамогу ў лячэньні зубоў.

Стала вядома, чаму дагэтуль прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку не прывезьлі з Бабруйскай калёніі ў Менск. Яшчэ 15 сьнежня Менскі гарадзкі суд адмяніў ранейшы прысуд Бандарэнку, паводле якога ён быў прызнаны вінаватым у крадзяжы грошай фірмы-заказчыка і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй. Справу мусяць пераглядаць 1 лютага ў Першамайскім судзе і да таго часу прывезьці прадпрымальніка з Бабруйскай калёніі ў Менск. Этапы 10 і 16 студзеня з Бабруйску ў Менск Бандарэнка ужо прапусьціў зь невядомых прычын, цяпер адвакат Зьміцер Лаеўскі спадзяецца на этап 24 студзеня. Таксама адвакату стала вядома, што ў Бабруйскай калёніі Андрэя Бандарэнку ўжо ажно тройчы каралі карцэрам за тое, што ён адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым і «станавіцца на шлях выпраўленьня».

Ад Арцёма Дубскага за мінулы тыдзень лістоў дамоў не было, затое вядома, што ён званіў сваёй сяброўцы ва Ўкраіне Тацяне, якой перадаў, што зь ім «усё нармальна». Пра гэта паведаміла маці актывіста «Маладога фронту» Алена Дубская. Жанчына вельмі непакоіцца з той прычыны, што цяпер, падчас калядных маразоў, у магілёўскай калёніі можа быць вельмі холадна, а яе сыну гэтак і не дазволілі апранаць швэдар пад турэмную вопратку, а таксама , што сын па-ранейшаму хварэе на страўнік.

«Ня ведаю, ці там добра топяць, але ён, пэўна, слаба апрануты. І другое, як Тацяна казала, зноў пачаў балець страўнік. Паеду ў лютым да яго на спатканьне, павязу лекі, але ня ведаю, ці дазволяць перадаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG