Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыштальны міг майстра


У Гомелі на тэрасе палаца Румянцавых-Паскевічаў адкрылася выстава лядовых скульптураў. Іх дваццаць дзве. Гэта сымбаль году — Белы Тыгр, марскія жывёліны й рыбы. Тут можна бачыць і антычных персанажаў — Амура, Вээнэру Мілоскую. Апошняя, у адрозьнені ад вобраза Сандра Батычэлі, нарадзілася ня зь пены марской, а зь беларускага лёду. Калі зімовае сонца кіне свой пагляд на скульптуры, яны зіхацяць чыстым крышталём.

Стваральнік гэтых скульптураў — вядомы гомельскі майстра Руслан Ярохаў:

«Лёд — самы чысты матэрыял у прыродзе, і фізычна, і энэргетычна. Калі зь ім працуеш, адчуваеш чысьціню, космас і натхненьне».

Каб стварыць свае скульптуры, Руслан апрацаваў каля 8 тон лёду. Дзе бэнзапілой, дзе стамескай, а дзе й электрычным прасам.

Над падобнымі праектамі майстра працаваў у Расеі, ва Ўкраіне. Бачылі ягоныя скульптуры й жыхары беларускай сталіцы.

Ня ўсе скульптуры аднолькава дасканалыя, але людзей, раўнадушных да гэтай лядовай рапсодыі на выставе, па сутнасьці, няма.

У Гомелі цяпер стаяць моцныя маразы. Для здольнага чалавека матэрыялу хоць адбаўляй. Але возьмецца адліга ці прыгрэе сонца — і пацячэ долу прыгажосьць.

«Гэта сьвята, гэта шоў,— адказвае Руслан. — Гэта як міг: дзяўчына ўсьміхнулася, птушка пасьпявала — болей ніколі яно не паўторыцца. Вось так і лёд».

Горад, на жаль, зноў застанецца без належнага мастацкага аздабленьня. Тыя скульптуры й скульптуркі, якія масава ўсталёўваюць ляндшафтныя спэцыялісты, у бальшыні сваёй хацелася б бачыць хіба толькі ў лядовым варыянце.

Лядовая рапсодыя на тэрасе.
Вэнэра.
Лебедзь.
Горны казёл.
Ня страшна пагладзіць тыгра.
Купідон.
Руслан Ярохаў
XS
SM
MD
LG