Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макеева рада ўзновіць працу


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Грамадзка-кансультатыўная рада, якую ачольвае кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей, павінна аднавіць сваю працу. Да такой высновы прыйшлі сёньня сябры рады на паседжаньні, якое яны правялі ў гатэлі «Мінск».

Да сёньняшняга дня сябры рады не сустракаліся ў фармаце яе пасяджэньняў ажно ад чэрвеня мінулага году. Абмеркаваньне зьменаў у выбарчае заканадаўства ўвесь час адкладалася. А 12 лістапада Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. У камэнтары афіцыйным мэдыям ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта — «бутафорская» і «дэкляратыўная структура».

Але сёньня высьветлілася, што сябры рады, нават тыя, хто крытыкавалі яе дзейнасьць, не выказваліся публічна за спыненьне яе працы. Наадварот, яны лічаць, што такая структура павінна існаваць і надалей.

Адразу пасьля заканчэньня нарады яе ўдзельнік Уладзімер Нісьцюк патлумачыў «Свабодзе»:

Уладзімер Нісьцюк
Вячаслаў Оргіш
Алег Трусаў
«Па-першае сёньня працавала толькі частка рады. Нас умоўна падзялілі на тры групы, якія будуць абмяркоўваць усё ў больш такім камэрным складзе. Сёньня 9 чалавек абмяркоўвалі гэтыя пытаньні. І ва ўсіх аднамерны падыход. І была зроблена заява, каб працягваць працаваць.І гэта падтрымаў Уладзімер Макей.

Так, былі хібы ў стаўленьні рады да грамадзтва. І грамадзтва — да рады. І цяпер трэба рабіць так, каб усё далей ішло ў больш канструктыўным сэнсе».

Прафэсар Вячаслаў Оргіш — прыхільнік працягу працы:

«Яна павінна працаваць. Пакуль яна ёсьць, яна мусіць даць нейкі прадукт. А як жа інакш?»

Пытаюся ў спадара Оргіша: як, на яго думку, можна зрабіць дзейнасьць рады больш эфэктыўнай?

«Тут будзе залежаць ад таго, якім будзе фармат далейшай працы. Другое — якія пытаньні будуць далей абмяркоўвацца. І наагул, як будзе ставіцца праблема выкананьня тых рашэньняў ці рэкамэндацый, якія рада будзе прымаць».

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які таксама ўваходзіць у раду, кажа, што выступаў сёньня за вяртаньне да сумеснай працы:

«Я лічу, што кантакт паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладай — гэта лепей, чым адсутнасьць такіх кантактаў. Гэта паказала Польшча. Таму я за ўсякія кантакты з уладай».
XS
SM
MD
LG