Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраецца канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі?


Анджэй Пачобут
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч


Ці абвастраецца канфлікт?


Валер Карбалевіч: «Канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі ўзьнік яшчэ ў 2005 годзе. Тады адбыўся раскол арганізацыі на дзьве часткі. Адна частка, якую цяпер узначальвае Станіслаў Сямашка, падтрымліваецца ўладамі, але не прызнаецца Польшчай. Другая частка, якую ўзначальвае Анжаліка Борыс, не прызнаецца ўладамі, але прызнаецца Варшавай.

Пэўны час канфлікт знаходзіўся ў лятэнтным стане. Здавалася, ёсьць шанец на яго вырашэньне, асабліва з улікам пацяпленьня міждзяржаўных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Польшчай. Аднак апошнім часам канфлікт вакол Саюзу палякаў пачаў абвастрацца. У дзяржаўных мэдыях зьявіліся матэрыялы з рэзкімі ацэнкамі дзейнасьці непрызнанага Саюзу палякаў. І кульмінацыяй канфлікту сталі падзеі ў Івянцы. Ці сапраўды пасьля зацішша канфлікт зноў абвастрыўся?»

Анджэй Пачобут: «Так, цягам апошніх некалькіх месяцаў улады вярнуліся да непрыхаванага ціску на сяброў СПБ. Былі распачаты праверкі Дома польскага ў Івянцы. Былі зачэпкі таксама да Дамоў польскіх у Баранавічах і Барысаве. Таксама ўлады зьвярнулі ўвагу на настаўнікаў польскай мовы. У Гарадзенскай вобласьці цягам двух месяцаў 122 настаўнікі былі выкліканыя ў падатковыя органы, дзе ім задавалі пытаньні пра атрыманьне грашовай дапамогі з Польшчы, пра супрацоўніцтва зь фірмай „Палоніка“, якая арганізоўвала курсы польскай мовы. Таксама ў дзяржаўных мэдыях зноў зьявілася мова нянавісьці ў дачыненьні да СПБ».

Аляксандар Старыкевіч: «Учорашнія падзеі ў Івянцы сьведчаць, што калі нават у кагосьці і было ўражаньне, што канфлікт заціх, насамрэч гэта ня так. І адбываецца гэта з ініцыятывы ўладаў».


Чаму ўлады ідуць на канфлікт?


Карбалевіч: «У чым прычыны абвастрэньня канфлікту? Гэта зьвязана з пачаткам выбарчай кампаніі?»

Пачобут: «Часам дзеяньні ўладаў абсалютна алягічныя. Хваля ціску на СПБ пачалася пасьля таго, як мы сабралі 5 тысяч подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі з просьбай паспрыяць дыялёгу СПБ зь беларускімі ўладамі.

Думаю, набліжэньне выбараў уплывае на дзеяньні ўладаў. Акрамя ціску на СПБ, можна ўзгадаць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў у Віцебску, намер уладаў рэгуляваць інтэрнэт і іншае».

Старыкевіч: «Натуральна гэта можна зьвязаць і з пачаткам так званай «выбарчай кампаніі». Але, па сутнасьці, усе апошнія 15 гадоў праводзіцца адна палітыка. Яна можа прыцішацца ці ўзмацняцца ў залежнасьці ад многіх чыньнікаў. Часьцяком такія хвалі невытлумачальныя. Пэўныя ўладныя колы разглядаюць СПБ як пагрозу. І каля яны набіраюць сілу, то і здараюцца такія «наезды».

Карбалевіч: «Сп. Пачобут, як бы вы ахарактарызавалі дзейнасьць праўладнага СПБ на чале з Станіславам Сямашкам? Ці з дапамогай гэтай структуры ўладам удаецца кантраляваць польскую меншасьць Беларусі?»

Пачобут: «Гэта фантом. Рэальнай працы гэтая структура не праводзіць. Яе функцыя — абслугоўваньне беларускага палітычнага рэжыму. Пра яе самастойнасьць няма гаворкі. Гэтая арганізацыя ня мае аўтарытэту і ўплыву на беларускіх палякаў. Зьезд, які выбраў старшынёй арганізацыі Сямашку, быў цалкам кантраляваны ўладамі. Яго спачатку зацьвердзіла адміністрацыя прэзыдэнта».

Карбалевіч:
Добра вядома, дзе ляжаць граблі, калі яны ляснуць і па чыім лобе.
«Але такіх фантомаў у Беларусі шмат: ФПБ, БРСМ, „Белая Русь“, саюз вэтэранаў, саюз жанчын і інш. Калі ўлада іх падтрымлівае, фінансуе, то, мусіць, яны сваю функцыю выконваюць?»

Старыкевіч: «Натуральна, выконваюць. Але калісьці КПСС называлі 18-мільённым войскам. Але што сталася з гэтым войскам цягам літаральна некалькіх месяцаў? Нічога новага тут няма. Улада ўзяла на ўзбраеньне старую савецкую мадэль, трохі падрэдагаваную ў зьвязку з уласнымі ўяўленьнямі Лукашэнкі і патрабаваньнямі часу. Хоць добра вядома, дзе ляжаць граблі, калі яны ляснуць і па чыім лобе».


СПБ і адносіны Беларусі з Польшчай


Карбалевіч: «Апошнім часам дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам і з заходнімі суседзямі палепшыліся. Лукашэнка зьдзейсьніў візыт у Літву, у мэдыях абмяркоўвалася пытаньне пра абмен візытамі на вышэйшым узроўні паміж Беларусьсю і Польшчай. Нядаўна Менск наведаў віцэ-прэм’ер Польшчы. І атрымліваецца, што абвастрэньне сытуацыі вакол Саюзу палякаў супярэчыць тэндэнцыям у міжнароднай палітыцы Беларусі. Чаму пэўная нармалізацыя адносін Беларусі з Польшчай не спрыяе згасаньню канфлікту вакол Саюзу палякаў?»

Пачобут: «Лукашэнка хоча весьці дыялёг з ЭЗ і, у прыватнасьці, з Польшчай на сваіх умовах. Адна з такіх умоваў — неўмяшаньне Эўропы ва ўнутраныя справы Беларусі.

Падзеі ў Івянцы азначаюць сыгнал Польшчы, што паляпшэньне дачыненьняў паміж Менскам і Варшавай не азначае бонусаў для СПБ і польскай меншасьці ў Беларусі. Гэта прыніжэньне замежнай палітыкі Польшчы, якая найбольш лабіравала дыялёг ЭЗ з афіцыйным Менскам».
Лукашэнка ўпэўнены, што Польшча праглыне гэтыя падзеі.


Карбалевіч: «То бок вы лічыце, што Варшава ня ставіць умовай паляпшэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Польшчай калі не ўрэгуляваньне, то прыцішэньне канфлікту вакол СПБ?»

Пачобут: «Безумоўна, польскі бок такую ўмову ставіць. Але, як паказалі апошнія падзеі, гэтая ўмова не выконваецца беларускім бокам і, хутчэй за ўсё, ня будзе выконвацца. Відаць, Лукашэнка ўпэўнены, што Польшча праглыне гэтыя падзеі. Бліжэйшы час пакажа, ці мае ён рацыю».

Старыкевіч: «Сапраўды, Лукашэнка ўпэўнены, што ЭЗ і Польшча ўсё праглынуць. Паколькі ніхто ў замежжы ня даў пераканаўчага адказу на такія дзеяньні Лукашэнкі, то ён робіць, што хоча. Кіраўніцтва Беларусі ў адпаведнасьці з старым фэадальным падыходам лічыць, што беларускія палякі — гэта „нашы палякі“, і мы можам зь імі рабіць усё, што лічым патрэбным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG