Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад калегаў-настаўнікаў — асуджэньне, ад дзяцей — спачуваньне


Натальля Ільініч

Натальля Ільініч

Настаўніца Талькаўскай школы Пухавіцкага раёну Натальля Ільініч, ад якой у Менаблвыканкаме патрабавалі падаць заяву аб выхадзе з партыі ці зволіцца са школы на ўласнае жаданьне, сутыкнулася з праблемамі на працы. Падаўшы заяву ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні кіраўніцы ўпраўленьня адукацыі Таісы Данілевіч, яна атрымала строгую вымову, а потым адчула асуджэньне з боку калегаў.

Натальля Ільініч паведаміла «Свабодзе», што канчаткова прыняла рашэньне не падаваць заяву аб выхадзе з партыі БНФ. Настаўніца 15 студзеня разам зь пяцьцю сваімі калегамі зь іншых школ Менскай вобласьці наведала кабінэт кіраўніцы ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму Таісы Данілевіч. Ад яе, як і ад іншых настаўнікаў, запатрабавалі да 18 студзеня спыніць сяброўства ў палітычнай партыі, а ў выпадку адмовы — звольніцца з працы.

Натальля Ільініч паведаміла дырэктарцы школы, што ня будзе сыходзіць з партыі, але падасьць заяву ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні Таісы Данілевіч. Пасьля гэтага настаўніца атрымала строгую вымову:

«Мне далі строгую вымову за тое, што я ў пятніцу не праверыла дзёньнікі ў клясе. А не праверыла я таму, што ў пятніцу ж паехала ў Менск на тую размову. Як толькі я сказала, што падала заяву ў пракуратуру, дырэктарка склікала сход. Яна сказала: „Ну вось, мае дарагія, цяпер мы будзем усе разам цярпець. Натальля Валянцінаўна такі выбар зрабіла“.

Яна прадставіла, што я вінаватая. Казала, што цяпер школу нашу будуць закрываць ці пажарнікі, ці санстанцыя. Справа ў тым, што ўжо 2 гады пажарныя патрабуюць замены праводкі. Памяняць яе ва ўсёй школе вельмі дорага. Грошай такіх няма.

А суседняя школа — у аграгарадку ў Блужы. Таіса Данілевіч хоча зрабіць узорную школу там. Яна туды ўклала ўжо 200 мільёнаў рублёў дзяржаўных грошай. Там дзяцей мала, і школа стаіць амаль пустая. Туды 10 кілямэтраў, і нашых дзяцей туды будуць вазіць аўтобусам. Вось і кажуць, што ціск будзе рукамі пажарных».

Дырэктарка школы Данута Багдзевіч паведаміла «Свабодзе»:

Я кіраўнік і ведаю, дзе настаўнік зрабіў памылку, а дзе не зрабіў.
«Яна атрымала вымову па працы. Гэта мае пытаньні. Я кіраўнік і ведаю, дзе настаўнік зрабіў памылку, а дзе не зрабіў».

Звальняцца з працы Натальля Ільініч не жадае. Яны патлумачыла, што ў яе, па-першае, дачка-студэнтка, а па-другое, цікавая праца з вучнямі.

«У нас будзе гуканьне вясны. Гэта такое сьвята, калі мы робім птушак з паперы. Пячом булкі ў выглядзе птушак. Ходзім па вёсцы, сьпяваем песьні. Потым за вёскай робім вогнішча. Скачам праз вогнішча, ядзім булкі. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Потым у нас яшчэ Юр’еў...

Ад дзяцей я адчувала спачуваньне. Яны мне нічога не казалі, але я адчувала».

Алесь Язьвінскі, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, настаўнік фізкультуры зь Нясьвіжу, паведаміў, што ў школе не адчувае нейкага дыскамфорту. Ён заявіў, што гатовы забраць заяву з пракуратуры на чыноўніцу аблвыканкаму толькі на знак салідарнасьці з Натальляй Ільініч.

«Я ніякага зла не трымаю на спн. Данілевіч, бо разумею, што кожны чалавек можа зрабіць нейкае глупства, можа памыліцца. Але калі мяне папрасілі забраць заяву з пракуратуры, то я адказаў, што забяру толькі пасьля таго, як яе забярэ Натальля Ільініч».

15 студзеня ў кабінэт Таісы Данілевіч, акрамя Натальлі Ільініч і Алеся Язьвінскага, былі выкліканыя Мікола Ляшчун, настаўнік замежных моваў з Лагойску, Уладзімір Парэйка, настаўнік геаграфіі, сябра БСДП зь Нясьвіскага раёну, а таксама сябры АГП Сяргей Клімёнак — настаўнік фізкультуры зь Вілейкі, і Надзея Агафонава — настаўнік-дэфэктоляг зь Любані.

Пакуль толькі Надзея Агафонава падала заяву аб спыненьні свайго сяброўства ў АГП. Іншыя настаўнікі па-ранейшаму працуюць у школах і застаюцца сябрамі партый. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч, камэнтуючы гэтую сытуацыю, казаў, што закон дазваляе настаўнікам быць сябрамі партыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG