Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя шукае кандыдатаў


Празь пяць дзён у Беларусі заканчваецца вылучэньне кандыдатаў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. 29 студзеня гэтыя камісіі ўжо павінны быць сфармаваныя. Згодна са зьмененым заканадаўствам, выбаркамы на адну траціну павінны складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.


Як удзельнічаюць у гэтым этапе выбарчай кампаніі актывісты апазыцыі ў рэгіёнах? Сёньня гэтае пытаньне высьвятлялі журналісты “Свабоды”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Гэтыя выбары стануць тэстам на лібэралізацыю ўлады перад прэзыдэнцкімі выбарамі”


У межах абласной кааліцыі буйныя дэмакратычныя партыі Гарадзеншчыны ўжо правялі сходы, на якіх вылучылі сваіх сяброў у склад абласных, гарадзкіх і раённых камісій. А таксама вызначыліся з прыкладнай колькасьцю прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Гаворачы пра зьмены ў выбарчае заканадаўства, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін зьвяртае ўвагу на тое, што ёсьць станоўчыя зьмены ў справе вылучэньня кандыдатаў ад партый. Але, на яго думку, улада захавала за сабой права кантролю за падлікам галасоў.

Юры Істомін
“Згодна з новымі зьменамі, выбарчыя камісіі павіны на адну траціну складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Але ёсьць вялікая небясьпека, што ад апазыцыйных партый у камісіі ня трапяць людзі, а пройдуць толькі тыя, каго прызначыць улада”.

Лідэр абласной арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык кажа, што ў выбарчыя камісіі сёлета ад апазыцыйных партый будуць масава вылучацца іх прадстаўнікі. Ён лічыць, што гэтыя выбары стануць сапраўдным тэстам для ўлады перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

У Слоніме актывісты папярэдзілі чыноўнікаў пра адказнасьць за фальшаваньні


Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ зьвяртае ўвагу на адну, на яго думку, вельмі важную зьмену ў выбарчым заканадаўстве.

Мальчык: “Уведзена такая зьмена, якая афіцыйна дазваляе старшыні камісіі аднаму падводзіць канчатковыя вынікі падліку галасоў. Раней гэта трэба было рабіць у прысутнасьці камісіі, хаця нормы не прытрымліваліся. А цяпер гэта ўведзена як права старшыні камісіі”.

У Слоніме сябры партыі БНФ разам з грамадзкасьцю пісьмова зьвярнуліся да старшыні райвыканкама і райсавета, каб улады забясьпечылі празрыстыя выбары без фальсыфікацый.

На наступным тыдні ў іх заплянавана сустрэча з кіраўніцтвам раёна. Іван Шэга, лідэр раённай арганізацыі БНФ, кажа:

Іван Шэга
“Ад гэтага будзе залежаць далейшая тактыка ўдзелу ў гэтых выбарах. У нас ёсьць два варыянты: альбо ўдзельнічаць шырока ў выбарах, імкнуцца правесьці сваіх кандыдатаў у Саветы розных узроўняў, альбо, калі будзе бачна, што ўлада перашкаджае гэтаму, то будзем байкатаваць выбары”.


Дэмакратычны дэпутат цьвердзіць, што ў вёсцы зараз улада слабая


Аляксандар Пудаўкін з Лунна, які прадстаўляе беларускую партыю левых “Справядлівы сьвет” (былая ПКБ), ужо некалькі скліканьняў запар перамагаў у выбарчай кампаніі і станавіўся дэпутатам і пасялковага, і раённага Савету.

Дэпутат кажа:

Пудаўкін: “У вёсцы зараз улада слабая. Гэта толькі яшчэ ў цэнтрах, дзе сельсавет, ёсьць яшчэ БРСМы, вэтэраны і яшчэ нехта, але ж у маёй акрузе яшчэ 14 вёсак. І ўлада адтуль ужо адступіла, і мы яшчэ туды не прыйшлі”.

ВІЦЕБШЧЫНА


У абласную выбарчую камісію вылучаны кандыдатам былы палітычны вязень Сяргей Парсюкевіч


Напярэдадні ў Віцебску адбылося пасяджэньне выбарчага штабу Віцебскай абласной структуры Беларускага незалежніцкага блёку.

Пасяджэньне выбарчага штабу БНБ
Сяргей Парсюкевіч вылучаецца ў абласную выбарчую камісію
Тацяна Севярынец зьбірае подпісы за вылучэньне ў гарадзкую камісію
На Віцебшчыне ў Беларускі незалежніцкі блёк уваходзяць мясцовае прадстаўніцтва руху “За свабоду”, Партыя БНФ, ствараная партыя БХД, сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” і грамадзкія аб’яднаньні “Правы альянс” і “Маладая Беларусь”.

Прадстаўнікі гэтых структураў зьбіраліся разам, каб найперш узгадніць прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. Пра гэта распавёў каардынатар па выбарах Аляксей Гаўруцікаў:

“У абласную выбарчую камісію вылучаны, прыкладам, былы палітычны вязень Сяргей Парсюкевіч, у гарадзкую камісію — такая вядомая ў Віцебску грамадзкая асоба, як Тацяна Севярынец. Гэта людзі, якім мы давяраем бараніць нашы інтарэсы на гарадзкім і абласным узроўні. Ну, і ўсе партыі прапанавалі сваіх вылучэнцаў на кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Мая задача цяпер — шляхам перамоваў разьвесьці прэтэндэнтаў: каб у адной акрузе не сутыкнуліся, скажам так, некалькі кандыдатаў з падобнымі палітычнымі поглядамі і каб атрымалася як мага шырэйшае прадстаўніцтва нашых кандыдатаў у розных акругах”.

“Шукаем людзей сьмелых, якія насамрэч хочуць зьменаў у грамадзтве”


Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, кажа, што актыўнасьць дэмакратычных актывістаў цяпер падвышаецца:

“Яшчэ тыдзень таму ў нас было каля 30 прэтэндэнтаў, каб вылучыцца ў кандыдаты, і ўсяго некалькі чалавек, каб быць сябрам камісіі. На сёньняшні дзень такіх людзей у нас ужо каля 50. І гэта мы яшчэ не дасягнулі тае плянкі, якую самі сабе ўсталявалі — гэта знайсьці 70 чалавек. Шукаем людзей сьмелых, якія насамрэч хочуць зьменаў у грамадзтве”.

Улада ўжо запалохвае актыўных людзей


Паводле Тацяны Севярынец, людзі на Віцебшчыне запалоханыя ўладамі. Актывістка распавяла, што яе добрая знаёмая адмовілася падпісацца за вылучэньне спадарыні Севярынец у гарадзкую выбарчую камісію толькі таму, што ў яе сын працуе ў міліцыі.

Паводле афіцыйных зьвестак, на Віцебшчыне будзе сфармавана 3 531 акруга па выбарах у саветы розных узроўняў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Задача-мінімум: на кожным выбарчым участку павінен быць кандыдат ад апазыцыі


На Магілёўшчыне актывісты дэмакратычнай апазыцыі заяўляюць, што гатовыя да ўсіх этапаў выбарчай кампаніі. Свае дзеяньні яны плянуюць, зыходзячы з наяўных рэсурсаў.

25 кандыдатаў у дэпутаты вылучае абласная арганізацыя партыі БНФ. Столькі ж будзе й кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў.

Зьміцер Салаўёў
“Мы гатовыя закрыць, як мінімум, па адным участку на акрузе. Зразумела, што сябры камісіі ня могуць быць агітатарамі за кандыдата, таму кандыдаты будуць меркаваць на свой погляд, ці здольныя яны будуць накіраваць сваіх людзей ува ўсе выбарчыя камісіі, ці пакінуць камісіі незакрытымі, каб узмацніць агітацыйную кампанію”, — зазначае кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.


“Кандыдат павінен прапанаваць са сваёй каманды ня менш як па два назіральнікі”


Паводле такой жа схемы будзе працаваць у час мясцовых выбараў і незарэгістраваная партыя “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Яна плянуе на Магілёўшчыне вылучыць 50 кандыдатаў у дэпутаты.

“На сёньняшні дзень пагадзіліся трыццаць чалавек стаць кандыдатамі. Кожны кандыдат са сваёй каманды павінен паставіць на кожны ўчастак сваёй акругі ня менш як па два назіральнікі. Дзе ён іх будзе браць — ці то са сваёй каманды, ці будзе зьвяртацца па дапамогу да іншых арганізацыяў — гэта ягоная справа”, — тлумачыць каардынатарка партыі ў рэгіёне Таісія Кабанчук.

“Кожны кандыдат нам дарагі”


Аляксандар Сілкоў
Гатовыя да выбарчых баталіяў і актывісты незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу. Гаворыць партыйны каардынатар Аляксандар Сілкоў:

“Мы падрыхтавалі сваіх кандыдатаў, падрыхтавалі ім праграмы, правялі сацыялягічныя апытаньні ў акругах — цяпер мы ведаем, чаго людзі хочуць. У нас 8 кандыдатаў. Палітыка зрабіла сваю справу. Доўга прэсавалі нашых людзей, таму кожны кандыдат на вагу золата”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG