Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзькоў ня дасьць дзецям біць лынды на марозе


Рашэньне аб спыненьні заняткаў з-за моцных маразоў будзе прымацца кіраўнікамі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя і па надзвычайных сытуацыях.



Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністар адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў, ведамствы ўзгодняць сьпіс гарадоў і рэгіёнаў, у якіх будзе спынена навучаньне ў выпадку, калі тэмпэратура паветра апусьціцца ніжэй за 25 градусаў марозу. "Рэгіёны Беларусі, нягледзячы на сваю кампактнасьць, усё роўна адрозьніваюцца ў тэмпэратурным рэжыме, бывае, на 5-10 градусаў. Так, моцныя маразы і вільготнасьць у Віцебскай вобласьці могуць не дасягнуць свайго піку ў Берасьці або Гомелі", – адзначыў міністар. На яго думку, у рэгіёнах, дзе тэмпэратура не апусьціцца ніжэй за норму, заняткі, хутчэй за ўсё, ня стануць адмяняць.

У Мінадукацыі працуе спэцыяльная камісія, якая сочыць за зьменамі надвор'я, вывучае праблемы, зь якімі сутыкаюцца навучальныя ўстановы ў пэрыяд моцных маразоў. "Мы сочым за сытуацыяй, і, безумоўна, у выпадку неабходнасьці бацькі вучняў будуць папярэджаны аб спыненьні заняткаў у школах, – сказаў Аляксандар Радзькоў. – Але тут узьнікае пытаньне, што яны будуць рабіць дома? Многія зь іх наўрад ці згодзяцца проста сядзець на канапе, а пабягуць на горку або ў кіно. А значыць, сэнсу ў спыненьні заняткаў для старэйшых школьнікаў няма. Я думаю, што са мной згодзяцца і вучні, і іх бацькі: лепш сядзець у цёплай школе і вучыцца, чым проста біць лынды і не рыхтавацца да заняткаў".
XS
SM
MD
LG