Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністычную хочуць зрабіць Багаслоўскай


Тавяна Севярынец

Тавяна Севярынец

Віцебскі гарвыканкам прапанаваў жыхарам вуліцы Камуністычнай самім сабраць 5-7 мільёнаў рублёў, калі яны хочуць вяртаньня гістарычнай назвы сваёй вуліцы. Раней яна складалася з дзьвюх частак і называлася Малая і Вялікая Багаслоўская.


Гарвыканкам ня супраць зьмены назвы, але не за дзяржаўны кошт,-- пра гэта паведамілі віцебскай каардынатарцы аргкамітэту партыі БХД Тацяне Севярынец, якая была ініцыятаркай перайменаваньня вуліцы Камуністычнай. Паводле старшыні гарадзкой тапанімічнай камісіі Натальлі Шыянок, пэўная сума грошай спатрэбіцца на новыя шыльды, замену тэхнічных пашпартоў кватэраўладальнікаў і іншае.

Назву Камуністычная вуліца атрымала ў 1919 годзе. Цяпер на ёй месьціцца Сьвята-Усьпенскі храм, настаяцель якога блаславіў збор подпісаў за вяртаньне назвы Вялікая і Малая Багаслоўская. Заява з подпісамі жыхароў была пададзеная ў гарвыканкам на пачатку сьнежня. Сёньня Тацьцяну Севярынец запрасілі на пасяджэньне тапанімічнай камісіі.

Актывістка даведалася, што ні Камуністычную, ні якую-небудзь яшчэ вуліцу ў бліжэйшыя два гады гарвыканкам пераймяноўваць не плянуе, бо на гэта няма фінансавых магчымасьцяў. Паводле Тацяны Севярынец, старшыня тапанімічнай камісіі Натальля Шыёнак заявіла, што сродкаў у гарадзкім бюджэце “ледзьве хапае на выплату заробкаў”.

“З тым, што ў бюджэце няма грошай на аднаўленьне гістарычнай назвы, можна было б паспрачацца, згадаўшы, колькі сродкаў было летась выдаткавана на абнаўленьне вуліцы Суворава або на грунтоўную рэканструкцыю Плошчы Перамогі, якой бальшыня жыхароў Віцебску ўрэшце засталася незадаволенай”,-- кажа спадарыня Севярынец. Тым ня менш віцебскія прыхільнікі БХД вырашылі распачаць збор сродкаў на перайменаваньне Камуністычнай у Вялікую і Малую Багаслоўскую вуліцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG