Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія ракеты прымусілі Маскву нэрвавацца


Польшча выказала гатовасьць разьмясьціць на сваёй тэрыторыі амэрыканскія зэнітна-ракетныя комплексы “Patriot”. Дысьлякаваць ракеты плянуецца недалёка ад мяжы з Расеяй — прыкладна за сотню кілямэтраў ад Калінінграду. У адказ на гэта зьявіліся паведамленьні, што расейскі бок мае намер пераўзброіць Балтыйскі флёт высокадакладнай зброяй. Як успрынялі такое рашэньне ў беларускай арміі, якая інтэграваная ў адзіную з Расеяй сыстэму супрацьпаветранай абароны?


Паводле афіцыйнай інфармацыі, комплексы супрацьпаветранай абароны “Patriot” будуць дастаўленыя ў Польшчу ў красавіку. На ваеннай базе блізу Маронга разьмесьцяцца 8 ракетных пускавых установак, якія будуць абслугоўваць блізу сотні амэрыканскіх вайскоўцаў. Раней прэзыдэнт ЗША Барак Абама адмовіўся ад плянаў папярэдняй адміністрацыі на разгортваньне сыстэмы супрацьракетнай абароны ва Ўсходняй Эўропе, у адпаведнасьці зь якімі меркавалася разьмясьціць 10 ракет-перахопнікаў у Польшчы і радыёлякацыйную станцыю ў Чэхіі. У якасьці альтэрнатывы спыніліся на ракетах “Patriot”.

У расейскіх СМІ зьявілася інфармацыя, што ў адказ на пляны ЗША Балтыйскі флёт узмоцніцца высокадакладнай зброяй. Перадусім мяркуецца мадэрнізаваць надводны, падводны і авіяцыйны складнікі; зьявяцца караблі клясу “карвэт” з крылатымі ракетамі вялікай дальнасьці на борце. Праўда, памочнік камандуючага Балтыйскім флётам у пытаньнях інфармацыйнага забесьпячэньня капітан 1 рангу Юрый Кураедаў на просьбу Радыё Свабода такі “разварот” не пацьвердзіў. Але і не абверг:

“Гэта той выпадак, калі, на жаль, нічым вам дапамагчы не магу. Зразумейце правільна сытуацыю. Дзякуй, посьпехаў вам у працы…”

Як на рашэньне Вашынгтона разьмясьціць ракетныя комплексы ў Польшчы адрэагавалі ў Менску? Афіцыйнай рэакцыі пакуль не было, а ў Міністэрстве абароны сказалі, што навіна мае да Беларусі вельмі ўскоснае дачыненьне. Намесьнік старшыні сталай камісіі нацыянальнай бясьпекі ў Палаце прадстаўнікоў Ігнацій Місурагін таксама лічыць, што рабіць нейкія высновы пакуль рана:

Ігнацій Місурагін
“Сапраўды, цяжка нешта ў гэтым пытаньні сказаць. Расея нібыта пэўныя крокі ў адказ рыхтуе адносна ўкамплектаваньня Балтыйскага флёту высокадакладнай зброяй. І гэта збольшага ўсё, што я ведаю. Што тычыцца беларускага боку, то я пра гэта папросту не магу меркаваць кваліфікавана. Проста ня ў курсе ўсіх тонкасьцяў справы”.

Пасьля ратыфікацыі ў апошнія дні мінулага году беларуска-расейскага пагадненьня аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусь аўтаматычна робіцца саюзьнікам Расеі ў любым гіпатэтычным ваенным канфлікце. Да таго ж у адзіную сыстэму ўваходзяць злучэньні і часткі двух бакоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўсходнеэўрапейскага рэгіёну калектыўнай бясьпекі — тая ж стратэгічная Калінінградзкая вобласьць, а таксама памежныя вобласьці Беларусі і Расеі.

У верасьні 2009 году адзіная рэгіянальная сыстэма была апрабаваная падчас сумесных апэратыўна-стратэгічных вучэньняў “Захад-2009”. Вайсковыя манэўры выклікалі нэрвовую рэакцыю ў краінах-суседзях Беларусі, дзе на вышэйшым узроўні было заяўлена: мерапрыемства мае выразна антынатаўскі характар. Экспэрты не выключаюць, што якраз тыя вучэньні і сталіся адной з падставаў пашырэньня амэрыканскай прысутнасьці на эўрапейскім кантынэнце.

Тым часам Міністэрства абароны Расеі запэўнівае, што ніякіх адмысловых контразахадаў у зьвязку з разьмяшчэньнем паблізу расейскай мяжы амэрыканскіх комплексаў “Patriot” ня робіцца. Прадстаўніца ўпраўленьня інфармацыі Аліна Давыдава спасылаецца на заяву абароннага ведамства з гэтай нагоды:

“Сапраўды, ёсьць тлумачэньне пазыцыі Міністэрства абароны адносна гэтай сытуацыі. Я асабіста адпраўляла асноўным замежным інфармацыйным агенцтвам паведамленьні. Там наша пазыцыя акрэсьленая дакладна”.

У паведамленьні Мінабароны, у прыватнасьці, абвяргаецца інфармацыя пра ўзмацненьне фармаваньняў Балтыйскага флёту. Пры гэтым, аднак, удакладняецца: усе мерапрыемствы дзеля тэхнічнага пераўзбраеньня і мадэрнізацыі, у тым ліку на Балтыцы, праводзяцца “плянава, у рамках пераходу да новага аблічча Ўзброеных сілаў і ў адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай узбраеньняў”.



МЗС Расеі разьлічвае атрымаць ад Вашынгтона і Варшавы тлумачэньні адносна плянаў разьмяшчэньня ракетных комплексаў на мяжы Польшчы з расейскім рэгіёнам — Калінінградзкай вобласьцю. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў сёньня выказаў неразуменьне: маўляў, навошта рабіць нешта, каб склалася ўражаньне, нібыта Польшча ўмацоўваецца супраць Расеі? Аднак канкрэтныя высновы расейскі МЗС зробіць пасьля атрыманьня поўнай інфармацыі з ЗША і Польшчы.
XS
SM
MD
LG