Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Жалудку мы як быдла — няма ані могілак, ані дзе вясельле справіць”


Праз Жалудак --> http://maps.google.com/maps/ms?hl=en&ie=UTF8&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=53.631611,24.988403&spn=1.120529,2.90863&z=9 , як называюць яго мясцовыя, у маленстве ды юнацтве праяжджаў штогод “на вёску”: у навакольлі — радзіма майго бацькі. Для тамтэйшых бабуляў нядзельная вандроўка “на Жалудак” была, як у сталіцу — балазе мала хто далей бываў. Дый афіцыйна паселішча было пасьля Другой сусьветнай раённым цэнтрам.


Нядзеляй зьбіраліся на прыпынку ў сьвяточных строях, квяцістых хустках і… “да касьцёлу ды на кірмаш” — насельніцтва пераважна каталіцкае. У бабулі, што сядзела цяпер са мной у аўтобусе, настрой быў зусім іншы. Вось што распавяла пра суседзяў, якія сталі бамжамі:

Спадарыня: “Пасьпітыя, учарнеўшыя ад тае водкі. А нічога ж ня садзяць — памідоры, гуркі палопаныя. Так лянуюцца рабіць, хай Бог бароніць. Кароў не трымаюць. Сена няма? У мяне сястра памерла, бяры і касі! Пляц яшчэ шырокі — хоць бы хто жыў. Козачку і курэй — і сядзі спакойна. На палетках салома валяецца…”

Цэнтральную плошчу амаль паўтаратысячнага пасёлку было не пазнаць. Яе выклалі асфальтам, а памеры вырасьлі ці не ўдвая — няма рынкавых радоў ды аўтастанцыі. Што мне тут жа пракамэнтавалі:

Спадар: “Аўтастанцыю парушылі гады тры — сабачую буду паставілі...”

Непадалёк да машыны “хуткай дапамогі” падыходзіў фэльчар-мэдаглядчык, 63-гадовы спадар Харламчук. Пасьля дзяжурства выглядаў, аднак, бадзёра. Коратка пракамэнтаваў дзьве цэнтральныя, на ягоную думку, падзеі — эпідэмію грыпу ды стварэньне летась аграгарадку:

Харламчук: “Сьвіны грып не падкасіў — мінуў жалудоцкую зону. Асфальт паклалі на вуліцы, на плошчы. Але недаробленая: была прыбіральня, цяпер — не. Раней з аўтобуса выйшаў, і на кірмаш — аднесьлі даволі далёка. Людзі незадаволеныя…”

Дамовіўшыся сустрэцца пазьней зь ім у хаце, дзе пражывае ў раёне калгасных катэджаў, іду па вуліцы Янкі Купалы — там папярэдне прызначаная сустрэча. Прыемную настальгію выклікаюць дзяўчаткі, якія шпацыруюць у школу з абавязковым “дзень добры пану” любому незнаёмаму. У завулку корпаецца ў трактарным рухавіку кашлаты, ужо ў мазуце Анатоль Канюк. У свае 33 памяняў калгас на жыльлёва-камунальную гаспадарку.

Канюк:
“Больш, чым у калгасе, маю. Там 300—400, тут — 400—500. То сьмецьце важу, то дровы. Акрамя камунгасу і жывёлагадоўчага комплексу больш нічога няма. Бегчы куды няма. Апускаецца Жалудок…”

Вось і прысадзістая хаціна спадара Шафарэвіча на ўскраіне. Пра дзядзьку Яна, 76-гадовага фатографа з 30-гадовым стажам, мне расказалі яшчэ шчучынскія апазыцыянэры. Маўляў, ні да якай партыі не належыць, але, як той казаў, начальству “праўду-матку рэжа”. З ложка ў няпаленым яшчэ пакоі ўзьняўся хударлявы, са стомленым тварам мужчына. Зморшчыўся — хвароба суставаў замучыла.

Шафарэвіч: “Сядзець не магу, ляжаць не ляжу, катаракта — і ня бачу. На лекі не хапае. Як здохнуць, каб не валяцца?”

Аднак, калі разгаварыліся пра мясцовыя справы, вочы яго заблішчэлі, і сам загадаў — “запісвай!”

Шафарэвіч:
“Я бальшавікоў ненавідзеў заўжды, бо бедна жылі — да вайны прыйшлі, забралі апошнюю дохлую кароўку. А 6 дзяцей — усе голыя, босыя хадзілі. Палкоўнік у 2 сусьветнай ваяваў, мне расказваў: дзе амэрыканцы жывуць, там чысьціня-парадак, дзе бальшавікі — толькі турмы завальваюць. Пры СССР зьбіралі якую капейку — усё прапала. Лукашэнка ж абяцаў вярнуць уклады — чаго ж ня верне?! Гаварыў — “абвалу ніякага пры маёй сыстэме”. Аказваецца, пры яго сыстэме абвал грошай, цэны ўверх. Аграгарадок? На бойні маюць да мільёна, але ж яны сагнуўшыся да 11 ночы — біць па 150—200 у дзень. Даяркі па 500—600 тысяч маюць, але ж ці іх так шмат?! Моладзь — нікога няма, акрамя школьнікаў. Раней соткі не давалі, а цяпер бяры хоць на кілямэтар. А хто рабіць будзе, калі гарод не пасадзіш, бо каня ня возьмеш? Людзі старыя, немагонцыя…”

Не абмінулі і сёньняшнія палітычныя тэмы.

Шафарэвіч: “У тыя часы лёгка бунтаваць было — ніхто ж не забараняў нікому! У кіно пра Леніна — езьдзілі яго пасланцы па фабрыках. Ім дазвалялі гаварыць. Яны зьмялі той урад. З моладзьдзю трэба гаварыць на заводах і фабрыках! А вы шуміце ў Менску, а па ТБ не паказваюць — усё добра. А галасуюць як? Адну бабу вылучылі — чаго я пайду? Як пры савецкай уладзе — каго намецілі, той будзе. І кідаем бюлетэні, як немцы сьцягі пад Крамлём…”

* * *


У памянёнага дзядзькі Яна Шафарэвіча пры нагодзе запытаўся:

Карэспандэнт: “У інтэрнэце напісана “Жэлудок” — праз “Э”, на аўтобусе “Жалудок” — праз “А”. А мясцовыя кажуць “Жалудак”. Дзе праўда?”

Шафарэвіч: “Лукашэнка ж даў указаньне па-руску і па-беларуску пісаць. Як ні назавеш, усё праўда. Напісана Ян — будуць зваць Янэк, Антон — Антэк. Мне падабаецца, як па-беларуску гавораць. А мы ні тае, ні тае — трасянка…”

Рудая: “Жалудак — па-беларуску гаворым. Мы — жалудзкія…” (Сьмех.)

Гэтую 77-гадовую кабету тут усе ведаюць. Убачыўшы яе здалёк, мясцовая тут жа на ўсю вуліцу:

Спадарыня: “О, Станіслава Міхайлаўна, вас шукаюць!”

Акуратна ды густоўна апранутая спадарыня Рудая, экс-настаўніца геаграфіі ды экс-старшыня райкаму камсамолу ў застойныя гады, сьпяшалася на службу ў касьцёл. Маўляў, апошнія дзесяцігодзьдзі зьмянілі яе погляды кардынальна:

Рудая: “У нас актыўны ксёндз зараз — гаворыць і па-беларуску, і па-польску ў часе службы. Я вельмі перажывала, калі Саюз развалілі. Выходзіла ж — шмат няпраўды казала. І як магла, як настаўніца, выхоўваць дзяцей? Сорамна і непрыемна…”

Узгадваем, што на пачатку мінулага стагодзьдзя ў мястэчку было да 2 тысячаў насельнікаў, 2 млыны, 20 крамаў ды 10 піцейных дамоў да штотыднёвых таргоў ды кірмашоў. Уладаньне было паноў Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх.

Рудая: “Сапраўдных дакумэнтаў няма, чаму названы. Я дзецям расказвала, што тут была дрыгва, коні гразьлі. А пан Чацьвярцінскі на паляваньне прыяжджаў. І калі сьнедалі пад дубам, жолуд упаў. І сказаў пан — будзе паселішча, і назавем яго Жалудок. Рака наша Жалудзянка. Урублеўскі нарадзіўся і хрысьціўся тут, у касьцёле. Ён быў сябра Карла Маркса, уехаўшы ў Францыю, быў сябрам Парыскай камуны. Школа наша імя Ўрублеўскага, вуліца. Жалудак быў габрэйскі ў цэнтры, толькі на ўскраіне сяляне. Габрэяў больш за 2 тысячы пастралялі ў нас. Немцы наступалі з боку панскага палаца і не чакалі, што іх нехта сустрэне агнём. А габрэі стрэлі…”

Карэспандэнт: “Жалудак разбурае міт, што габрэі ішлі пакорліва пад стрэлы і не супраціўляліся?”

Рудая: “Таму немцы падцягнулі артылерыю, а хаты саламяныя, і Жалудак доўга гарэў…”

А вось на другім канцы паселішча і акуратны, абжыты, пабудаваны 20 год таму — яшчэ пры калгасе — катэдж, куды запрасіў знаёмы ўжо фэльчар, спадар Уладзімір Харламчук. Ужо за гарбатай з гонарам паведаміў, што 21 год не ўжывае алькаголю.

Харламчук: “Самы цьвярозы ў Жалудку. Ужываў, але рашыў — ня буду піць”.

Ірына: “Баяўся, каб жонка ня кінула. (Сьмех.) Малайца — хацеў адчуць сябе сапраўдным чалавекам, і во ўжо колькі год…”

Гэта на падтрымку прыйшла суджанаму жонка, спадарыня Ірына, якая загадвае Палацам культуры. Шкадуе, што няма рэпэтыцыі тутэйшага народнага калектыву беларускай песьні “Сябрына”. Які, да ўсяго, на выязных канцэртах летась прынёс 17 млн. прыбытку. Пытаюся, чым займаюць мясцовую моладзь. Суразмоўніца пахмурнее:

Ірына: “Выдалі загад Саўміна, што моладзі да 18 год нельга наведваць танцавальныя вечары. Як можна на вёсцы хлопцу ці дзяўчыне сядзець па хатах па вечарах?! Сядзяць на прыпынках і піва гасяць. Мы ўсе ў шоку. Пісалі, чаму — адказ расплывісты. А 17 млн. падавай — а з кім, незразумела, бо моладзь зьяжджае. Таму гэтая пастанова — пятля на шыі…”

Аграгарадок у Жалудку — гэта найперш сьвінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў. 67-гадовая Рэгіна Жылук 10 год на пэнсіі. А рабіла на комплексе ад пачатку яго існаваньня.

Жылук: “Тады па 200 атрымлівалі, зараз да мільёна. Было 20 чалавек, потым да 100 дабралі, як пайшоў прыплод. У паветры скопішча нечыстотаў, некаторыя не вытрымлівалі...”

Мы сядзім разам зь яе мужам, 73-гадовым спадаром Валерыем, які зь дзяцінства кульгае — мае хворыя ногі. Але — “ад улады нічога не чакаюць”.

Шуб: “Я таксама ў фатаграфіі з 47 году, на пэнсіі далі 2 групу, але ўсё роўна на ровары ежджу. Раней па 20—30 км пешшу хадзіў…”

Жылук: “Ну добра, зарабілі на пэнсію. А каб у калгасе, ня ведаю, хто б карміў. Бульбы ж не пасадзім мы, старыя, бо трэба ўсё наймаць. Кажу, схадзі, мо выпіша. Дык ня выпісаў — старшыня сельсавета Цывінскі. Прыйшоў толькі, кінуў пісульку — “падкасіць траву і пафарбаваць платы”. Кажу — самі хай робяць! Які ж тут аграгарадок і тыя мільярды?! Дапамогі няма ні старым, ні маладым. Адзін раз выклікалі мужа і далі пальчатку на адну руку! (Сьмяецца.) Яны самі для сябе, а мы для іх быдла. Няма кафэ, рэстаран зачынены, сталоўка ня робіць. І холадна, і рукі там няма дзе памыць. І вясельле, і з пахаваньнямі — невядома дзе прытуліцца…”

Падымаюся на другі паверх сельсавету да ўзгаданага старшыні Генадзя Цывінскага. Расказваю пра пачутае і ўбачанае. Суразмоўца ж пры мне пачынае нібыта плянаваць будучыню:

Цывінскі: “Самая вялікая задача — паспрабаваць вырашыць надзённыя праблемы. Ня ў тым, каб сказаць, што няма грошай. Сьвінакомплекс мае грошы. Калі яны на нашай тэрыторыі, трэба могілкі замацаваць. У Жалудку ж няма могілак. Аўтастанцыю зьбяёдалі, бо ў нас няма аўтазапраўкі. У сувязі са скарачэньнем пасажыраперавозак няма за што было плаціць касіру, а будынак нічый. І пры плянаваньні аграгарадку гэта ня ўлічана. Няма ніводнага пункту сілкаваньня. Сталовай патрэбны рамонт. Павінен прыйсьці прыватны бізнэс. У нас ёсьць пустуючыя будынкі камбінату бытавога абслугоўваньня. Ня выпрацаваны да канца мэханізм перадачы ў прыватныя рукі…”

Карэспандэнт: “Лямантуюць прадпрымальнікі: такія кошты, што рукі апускаюцца…”

Цывінскі: “Усяму час…”

Але якія ж намаганьні былі зробленыя, каб вырашыць праблемы? Адказу так і не пачуў.

Вучань 5 клясы Жэня Карпянкоў наракае на чэргі ў школьную сталоўку.



Жэня: “У школьную сталоўку спачатку ідуць з другой клясы, потым з 5 па 7, потым па 11. У 4-х сем'ях — п'юць бацькі, дык там і ядуць — каша, салата, кілбаса. Як скончу, паступаць буду на кухара, каб есьці добра заўжды…”

Старым жа застаецца задаволіцца вечнымі каштоўнасьцямі. На вуліцы сустрэў 68-гадовую спадарыню Вікторыю Кавалеўскую.

Кавалеўская: “Я адна. Сын кліча ў Шчучын. А ня хочацца ехаць з Жалудка — мая радзіма. Дачка ў тым квартале. Унучка цяпер у школе, у мяне маліна, яблыкі, парэчкі, гарод. А там што я — залезу на чацьвёрты паверх ды буду сядзець? Усю ноч не магла там спаць…”

Калі ад'яжджаў, узгадваў апошнія словы дзядзькі Яна Шафарэвіча:

Шафарэвіч: “Я па нацыянальнасьці паляк запісаны. А дзеда майго Пётра зваць, бацьку Лёнік. А сам я толькі за беларуса сябе лічу ў маёй роднай Беларусі. І Жалудок наш, беларускі…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG