Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайс нагадаў умовы эўрапейскай дапамогі Беларусі


Гэбхард Вайс

Гэбхард Вайс

Нямецкі амбасадар Гебхардт Вайс назваў някепскімі шанцы Беларусі атрымаць фінансавую падтрымку з боку Эўразьвязу. Але пры пэўных умовах.

У інтэрвію “Інтэрфаксу” спадар Вайс зазначыў, што Эўракамісія зьбіраецца накіраваць беларускую заяўку аб макрафінансавай падтрымцы на разгляд ў Эўрапейскую раду і Эўрапарлямэнт.

“Але рашэньне будзе вызначацца ня толькі фінансавымі аспэктамі. Будуць улічвацца таксама значныя ўнутрыпалітычныя працэсы, якія павінны йсьці ў правільным кірунку. Бягучы год дае для гэтага дастаткова нагодаў, якія маюць для Эўразьвязу важнае значэньне пры разьвіцьці адносін зь Беларусьсю на эўрапейскіх асновах”.

Паводле спадара Вайса, у “другой палове мінулага году ў Эўрапейскім зьвязе адчувалася расчараваньне з-за павольных тэмпаў у прыняцьці значных унутрыпалітычных рашэньняў у Беларусі”.

Амбасадар мяркуе, што важна, каб беларускія ўлады прытрымліваліся пазытыўнага курсу на 2010—11 гады, асабліва ў кантэксьце мясцовых і прэзыдэнцкіх выбараў, “якія будуць мець асаблівае значэньне для дэмакратычнага разьвіцьця краіны і яе іміджу за мяжой”.
Спадар Вайс таксама зазначыў, што для актывізацыі нямецкіх інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі патрэбна больш пасьлядоўных і рашучых крокаў у кірунку лібэралізацыі, прыватызацыі, прававой бясьпекі.

Пакуль жа маштабным нямецкім інвэстыцыям перашкаджае няпэўнасьць і рызыка, адсутнасьць у Беларусі партнэраў у выглядзе мабільных прыватных кампаній,-- лічыць нямецкі амбасадар.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG