Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей плянуе правесьці кансультацыі зь сябрамі Грамадзка-кансультацыйнай рады пры прэзыдэнце Беларусі.

Нагадаем, дзейнасьць гэтай рады 12 лістапада 2009 году і прыпыніў менавіта яе старшыня Ўладзімер Макей.

Пасяджэньне рады, прысьвечанае зьменам у выбарчым заканадаўстве, адмянілі 12 лістапада. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей паведаміў , што праца прыпыненая і заявіў пра намер правесьці пэрсанальныя кансультацыі зь сябрамі рады пра магчымасьць і парадак працы. Маўляў, з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка, што гэта — “бутафорская” і “дэкляратыўная структура”. Паводле сябра рады былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, гэта своеасаблівы палітычны ход кіраўніцтва краіны, якое не было гатова абмяркоўваць радыкальнае паляпшэньне выбарчага заканадаўства.

“Гэта была прычына, каб не абмяркоўваць пытаньне выбарчага заканадаўства, бо я нашы прапановы даслаў, і яны дайшлі і да Макея, і да Цэнтравыбаркаму, і гэтак далей. То бок яны пачыталі нашы прапановы. Многія прапановы касмэтычнага пляну ўлічаныя. Але радыкальныя прапановы, каб выключыць магчымасьць фальсыфікацый пры падліку галасоў, — каб зачыніць такую лазейку, як датэрміновае галасаваньне, і фармаваць парлямэнт на 50% па партыйных сьпісах і таму даць шырокія паўнамоцтвы партыям, — гэтыя прапановы не былі прынятыя. Паколькі вырашылі не прымаць, вырашылі прыпыніць дзейнасьць. І абмеркаваньня не адбылося, бо ўлада зараней вырашыла абмежавацца нязначнымі зьменамі выбарчага заканадаўства”.

На просьбу Макея шэраг сяброў рады накіравалі яму праз электронную пошту свае прапановы па паляпшэньні дзейнасьці. Чакаецца, што 22 студзеня яны будуць абмеркаваныя падчас сустрэчы ў гатэлі “Менск” а 16-й гадзіне. Усяго за час дзейнасьці рады былі тры яе пасяджэньні — два тэматычныя, адно арганізацыйнае. Часта яны адмяняліся. Паводле Станіслава Багданкевіча, рада патрэбная “ва ўмовах аўтарытарнай дэмакратыі”:

“Палажэньне і рэглямэнт парушаўся. Плян быў складзены толькі на першае паўгодзьдзе, тры пытаньні былі зацьверджаныя. На другое паўгодзьдзе нават тэматычны плян ня быў складзены. Таму галоўная мая прапанова — захоўваць палажэньне і рэглямэнт. Не зрываць намечаныя пасяджэньні па абмеркаваньні і запрашаць СМІ. Не ствараць з гэтага органа нейкі прыдатак улады”.

Сябра рады, старшыня праваабарончай арганізацыі Беларускі хэльскінскі камітэт Алег Гулак згадвае, што рада не зьбіралася ад чэрвеня мінулага году. Чаго ён чакае ад сёньняшняй сустрэчы з Уладзімерам Макеем?

“Я чакаю, што праца ізноў пачнецца, што лібэралізацыя яшчэ ня скончылася. Я чакаю, што праца рады адновіцца, і тады можна будзе абмяркоўваць таксама і фармат самой працы. Але цяпер пытаньне наагул: будзе рада ці не? Я лічу, што яна павінна быць. Канечне, будзе добра, калі гэтая рада будзе мець магчымасьць яшчэ й нешта вырашаць. Але абмяркоўваць таксама добра. Гэта лепш, чым нічога”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG