Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьберажэньне энэргіі — клопат рук самой энэргіі?


Штогод зімой цэны на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі растуць. Менавіта аплата ацяпленьня робіць жыроўкі дарагімі. У Беларусі рэдка можна сутыкнуцца з эўрапейскім досьведам выкарыстаньня так званых энэргапасіўных дамоў, пабудаваных з улікам сучасных тэхналёгіяў энэргазьберажэньня.

Цягам апошніх гадоў у Беларусі ўказамі прэзыдэнта зацьверджаны «Канцэпцыя энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь»; дырэктыва № 3 «Эканомія і беражлівасьць — галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы»; «Дзяржаўная комплексная праграма мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энэргетычнай сыстэмы, энэргазьберажэньня і павелічэньня долі выкарыстаньня ў краіне ўласных паліўна-энэргетычных рэсурсаў, разьвіцьця нетрадыцыйных аднаўляльных крыніц энэргіі» ды іншыя.

Час ад часу Аляксандар Лукашэнка робіць заявы, што ў краіне важна разьвіваць такія кірункі, як выкарыстаньне аднаўляльных крыніц энэргіі (вецер, рэкі, біямаса, геатэрмальныя рэсурсы, мясцовыя віды паліва).

СМІ час ад часу паведамляюць пра будаўніцтва энэргаэфэктыўных дамоў.

Але гэта далёка ад таго, каб назвацца тэндэнцыяй, кажа эколяг Яўген Шырокаў, які даўно займаецца энэргапасіўнымі будынкамі — займаецца на практыцы, а ня толькі ў тэорыі:

Яўген Шырокаў
«Няма дастатковай яснасьці. Куды мы ідзем, якія крокі мы павінны рабіць штогод. Эўропа распрацавала праграму на 20 гадоў наперад і цудоўна разумее, калі і што яна паступова робіць у гэтым кірунку. Яны ведаюць, што ў 2015 годзе уводзіцца энэргапасіўны стандарт і ўся галіна рыхтуецца да таго, што будынак нельга будзе здаць без энэргетычнага пашпарта. А ў нас сытуацыя нейкая дзіўная. Ёсьць асобныя рэфлексіі, і ўсё».

Што да эўрапейскага досьведу, красамоўным выглядае экспэрымэнт аднаго з раёнаў чэскага Брна — Новага Ліскаўца. Калі ў 2002 годзе старастай раёну выбралі Яну Драпалаву, у Новага Ліскаўца была сумнеўная рэпутацыя: дамы патрабавалі капітальнага рамонту, інфраструктура вымушала жадаць лепшага. Попыту на кватэры ў гэтым раёне не было. На сёньняшні дзень у сыстэме функцыянаваньня раёну запатрабаваны амаль усе магчымыя сродкі, якія скарачаюць спажываньне энэргіі.

Прынцыпы энэргаэфэктыўнага будаўніцтва найперш выкарыстоўвалі ў часе капітальнага рамонту дамоў, узмацняючы цеплаізаляцыю.

«Калі стандартам цеплаізаляцыі было 5 сантымэтраў, мы рабілі 16. Цяпер робім 20 — гэта адпавядае стандартам так званага «пасіўнага дому», — кажа Яна Драпалава.

Гэта скараціла траты жыхароў раёну на аплату камунальных рахункаў на 40%.

Начальнік аднаго зь менскіх ЖЭСаў расказаў, што на ягонай памяці мянялі батарэі на энэргазьберагальныя толькі аднойчы. І зразумела, чаму так рэдка:

Калі вы хочаце ў сваёй кватэры памяняць батарэі на энэргазьберагальныя, то павінны прыйсьці ў ЖЭС, да нас. Тут галоўны інжынэр вам адмовіць.
«Калі вы хочаце ў сваёй кватэры памяняць батарэі на энэргазьберагальныя, то павінны прыйсьці ў ЖЭС, да нас. Тут галоўны інжынэр вам адмовіць. Таму што гэта лічыцца пераплянаваньнем, пераабсталяваньнем. А што ў нас ня лічыцца пераплянаваньнем? Дзьверы памяняць міжпакаёвыя і пакласьці лінолеўм на лінолеўм — вось і усё. Гэта ж не ад мяне залежыць. Ці іншы варыянт — вы афармляеце поўны пакет дакумэнтаў на пераабсталяваньне і ідзяце ўзгадняць гэты пакет».

А тым часам экспэрымэнт энэргазьберажэньня Яўгена Шырокава засьведчыў істотную эканомію грошай:

«У нас асноўная праблема — гэта ацяпленьне. Калі браць гэты аспэкт, то плата за ацяпленьне ў энэргапасіўным доме — прынамсі, з майго досьведу, — зьніжаецца ў 4 — 5 разоў. Гэта істотна. Прынцыпова кажучы, можна зрабіць і такі дом, які будзе выпрацоўваць энэргіі больш, чым спажываць, але гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладаньняў».

Сапраўды, энэргазьберагальнае будаўніцтва патрабуе вялікіх сродкаў. І ў згаданай Чэхіі энэргетычны кантроль падтрымліваюць на дзяржаўным роўні. Бізнэсу, што падтрымлівае экалягічна апраўданыя сыстэмы, даюць падатковыя льготы. Прыкладам, апошні паверх школы ў Новым Ліскаўцы арандуе фірма, якая ўстанавіла там апараты сонечнага сілкаваньня. Паводле заканадаўства, гэтую энэргію павінны купляць па фіксаваных цэнах, і хто менавіта яе будзе купляць — таксама рэглямэнтавана.

У Беларусі льгот для экалягічна настроеных бізнэсоўцаў няма. І наагул, заўважае Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Партыі БНФ, улада не зацікаўленая ў матываваньні людзей:

Рыгор Кастусёў
«Велізарная праблема наша, што людзі не матываваныя. Улада ня хоча людзей пускаць у працэс удзелу, у прыманьне рашэньняў: па рэканструкцыі жыльля, па выкарыстаньні жыльля. Калі чалавек бачыць, што ягонае слова не ўплывае і ня можа ўплываць ніяк на рэаліі, то ён, чалавек, не зацікаўлены».

Некалі Рыгор Кастусёў працаваў у шклоўскім упраўленьні жыльлёва-камунальнай гаспадаркай. За 6 гадоў працы яму ўдалося стварыць дамавыя камітэты амаль ува усіх дамох: ня толькі Шклова, але і ў блізкіх да гораду пасёлках. І вынік не прымусіў чакаць:

«Яны маглі ўплываць нават на заробкі, на прэміі супрацоўнікаў службаў ЖКГ. І ў гэтым выпадку людзі актыўна ўключаліся ў працэс кіраваньня гэтымі працэсамі: у кантроль за рамонтам, кантроль за эксплюатацыяй... Глядзелі за парадкам, беражліва ставіліся да таго, што ў пад’ездах — да дзьвярэй, да вокнаў. Калі яны бачылі, што іхняе слова мае вагу для ўладаў, то ў іх была зацікаўленасьць».

Людзі могуць зацікавіцца гэтай праблемай толькі ў тым выпадку, калі будуць бачыць, што гэта прынясе фінансавую выгаду, — кажа Рыгор Кастусёў. А пакуль што ў жыльлёвым сэктары Беларусі расход энэргіі перавышае сучасныя эўрапейскія нормы энэргазьберажэньня ў некалькі разоў. З 2010 году ўсе будынкі ў Эўразьвязе павінны адпавядаць другой клясе энэргаэфэктыўнасьці. Іх гадавыя энэргазатраты не павінны перавышаць 36 кіляват за гадзіну на 1 квадратны мэтар. У Беларусі энэргазатраты на ацяпленьне 1 квадратнага мэтра ў год складаюць 100 — 120 кіляват за гадзіну.
XS
SM
MD
LG